Вы тут

Напісалася — не згубілася


Парадавала чытача кніга Міхася Слівы «Спрадвечная тайна», што пабачыла свет у выдавецтве «Каўчэг» (Мінск, 2018). У падзагалоўку пазначана: «З запісных кніжак пісьменніка». Сярод гэтых запісаў ёсць выказванні знакамітых людзей, якія нечым уразілі і парадавалі аўтара. Атрымалася свайго роду выбранае, што патрапляе пад вызначэнне «россыпы мудрасці». Думкі, сапраўды, такія, што на іх нельга не звярнуць ўвагі. Ды не стану прыводзіць, хай сабе і самыя цікавыя. Лепей будзе, калі сам чытач вызначыць, што з прамоўленага яму больш даспадобы. Пра творы ж самога М. Слівы не магу не сказаць. Яны сведчаць аб тым, наколькі іх аўтар неабыякавы да жыцця, у тым ліку і літаратурнага, творчага.


Запісы ягоныя рознага кшталту. Ёсць і такія, што з’явіліся пасля знаёмства з цікавымі публікацыямі, кнігамі. Сваімі думкамі, уражаннямі хочацца падзяліцца, прыцягнуць да іх увагу. З такога ўсведамлення стаў неабходнасцю і гэты запіс: «Дачытаў у “Полымі” нататкі Міколы Гіля «“Между протчым…”: запісы тутэйшага» — і такое адчуванне, быццам толькі што пагаварыў з мудрым, добрым чалавекам».

Парадавала і кніга Міхася Пазнякова «Тепло ромашковой метели». На рускую мову вершы Міхася Паўлавіча пераклалі 12 паэтаў. Найбольш спадабалася М. Сліву, як гэта зрабіў Анатоль Аўруцін: «Ён не толькі сваімі бакенбардамі і знешнасцю нагадвае Аляксандра Сяргеевіча (Пушкіна. — А. М.), але і сваім магутным талентам. Некаторыя вершы Міхася Пазнякова — а яны ўсе цудоўныя! — пераклалі некалькі паэтаў, у кожнага — свой варыянт. Аўруцінскі, па-мойму, самы лепшы. Пачынаеш чытаць — адразу заварожвае магія паэтычных радкоў. Зазірнеш у змест кнігі — так і ёсць: пераклад А. Аўруціна!»

 Падае аўтар і сітуацыі са свайго жыцця. Некаторыя нельга ўспрымаць без усмешкі. Узяць хоць бы гэтае прызнанне: «Быў у Друскінінкаі і там у кніжнай краме купіў сабе літоўска-рускі слоўнік і зборнік анекдотаў на літоўскай мове. У дарозе і дома асвойваў слоўнік, а потым узяўся за справу — пачаў перакладаць на беларускую мову анекдоты з таго зборніка. Асіліў тры і адправіў у часопіс “Тэатральная творчасць” (анекдоты былі адпаведнай тэматыкі). Пераклады мае надрукавалі. Рашыў і далей займацца гэтай справай у вольны час. А потым разгледзеўся: аказваецца, анекдоты, змешчаныя ў тым літоўскім зборніку, перакладзены з рускай мовы! Адразу прапала ахвота працягваць працу».

Без гумару М. Сліва не можа. Больш за тое, ён, як вядома, знакамітым стаў найперш як гумарыст. За кнігу «Віртуальнае каханне» нават быў удастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Таму і «Спрадвечную тайну» ўпрыгожыў шэрагам гумарыстычных «іскрынак». Гэта, безумоўна, пайшло ёй толькі на карысць. Чытаеш такія смяшынкі, і на сэрцы цяплее, а душа святлее. Прынамсі, пасля такога міні-дыялогу:

«— Колькі вам гадоў?

— Нядаўна было васямнаццаць.

— Няўжо? Ваша ж дачка ўжо інстытут закончыла.

— Ой, час так ляціць, што я і не заўважыла».

Часам і ацэнку творчасці пэўнага пісьменніка М. Сліва можа даць гумарыстычную, але разам з тым і дакладую, праўдзівую: «Сала — яно і ў Афрыцы сала. А прафесар літаратуры і ў сатыры, сарказме, гумары — таксама прафесар. Падумалася так, калі чытаў кнігу Івана Штэйнера “Кот-ваявода”».

А тут ужо не толькі смяяцца хочацца, але і рагатаць: «Адзін рагачоўскі дзядзька, які пасля хваробы стаў крыху заікацца, у Мінску на аўтавакзале купляў білет, каб ехаць дадому.

— Дайце мне білет да Р-р-р-р… — ад хвалявання дзядзька не мог вымавіць назву свайго роднага горада — Рагачоў. Паспрабаваў яшчэ раз — не атрымліваецца. Азірнуўся: за спінай калыхалася вялікая чарга. І махнуў рукой:

— Давай да Гомеля!»

 Дарэчы, у кнізе прыводзяцца і арыгінальныя народныя выслоўі, характэрныя для гэтага кутка Бацькаўшчыны. Яны змешчаны пад загалоўкам «Так кажуць на Рагачоўшчыне»: «Не хваліся, ідучы на кірмаш, а з кірмашу», «Каму гадка, а дзіцяці — матка», «Не поп — не апранайся ў рызу!», «А ён слухае, ды ўсё бярэ на пачопачку, запамінае», «Што я яму кажу, дык гэта паўз яго ветрыкам».

Ёсць у М. Слівы і такое сведчанне: «Не скупіся на пахвалу. Гэта прынясе толькі карысць. Усім». Я не мог не прыслухацца да гэтага меркавання. Мой старэйшы таварыш, незабыўны фотакарэспандэнт «ЛіМа» Уладзімір Крук любіў казаць: «І кот з падыходам гарчыцу есць». То як было не пахваліць М. Сліву за цікавую кнігу.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.