Вы тут

Прэзідэнт: Інтэлектуальная праца — гэта аснова развіцця любога грамадства


Кіраўнік дзяржавы ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з усяго комплексу сустрэч ён заўсёды чакае сустрэч з людзьмі са свету навукі. На яго думку, навука адыгрывае важную ролю ў жыцці любой дзяржавы, забяспечвае яе незалежнасць і палітычную вагу на міжнароднай арэне.

"Таму, уручаючы напярэдадні прафесійнага свята дактарам і прафесарам заслужаныя дыпломы і атэстаты, мы не толькі адзначаем вынікі аўтарскіх даследаванняў, але перш за ўсё ставім перад айчыннымі навукоўцамі новыя канцэптуальныя стратэгічныя задачы, — сказаў ён. — Вы, як ніхто, ведаеце, што межы навукі недасягальныя . І кожнае новае пакаленне навукоўцаў заўсёды імкнецца пайсці далей за тую вяршыню, якую ўжо пераадолелі першаадкрывальнікі".

Паводле слоў Прэзідэнта, у навуцы, як у спорце — трэба толькі наперад, быць хутчэйшым, дакладнейшым і мацнейшым за тых, хто ўжо паказаў чарговы рэкорд. Пры гэтым на дыстанцыі да сваёй мэты дапамагаюць не толькі прафесійныя навыкі, але і характар, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Гэтаксама навуковы поспех і прызнанне прыходзяць да моцных асобаў. Таленавітых, упартых у працы і бясконца адданых сваёй справе.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, безумоўна, усе дасягненні прысутных на цырымоніі — гэта вынікі шматгадовай, часам ювелірнай працы. Вынік шчырага імкнення служыць людзям, павышаць якасць жыцця сваіх сучаснікаў і змяняць да лепшага жыццё будучых пакаленняў. Ён дадаў, што цэлі навуцы ставіць сам час.

"І сёння нам асабліва патрэбныя веды і вопыт ужо вядомых, тытулаваных навукоўцаў, энергія і амбіцыі маладых даследчыкаў, якія падаюць надзеі. Гатовых не толькі пакараць нязведаныя сілы прыроды, але і супрацьстаяць разам з дзяржавай найскладанейшым палітычным і эканамічным выклікам", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што чакае ад людзей навукі інавацыйных праектаў і тэхналогій у галіне атамнай энергетыкі, асваення касмічнай прасторы і цыфравізацыі. У галінах эканомікі, медыцыны і адукацыі, а таксама ў сферах сацыялогіі, экалогіі і геалогіі. "Інтэлектуальная праца — гэта аснова развіцця любога грамадства. І яна павінна быць прымянімай у жыцці, накіраванай на канкрэтны вынік, мусіць прынесці рэальную карысць дзяржаве і людзям", — канстатаваў ён.

Што тычыцца падтрымкі перспектыўных спецыялістаў, то на дадзеным этапе ў краіне зроблена многае. Створаны аптымальныя ўмовы для навукова-тэхнічнай і практычнай дзейнасці, распрацавана сістэма матэрыяльных узнагарод за эфектыўнае ўкараненне ідэй у рэальны сектар і сацыяльную сферу.

На думку Прэзідэнта, ва ўсе часы навуцы было цесна ў рамках дзяржаўных і геапалітычных межаў. Яна нязменна належыць усяму чалавецтву, закліканая служыць на карысць цывілізацыі. "Гэта значыць, ваш адвечны тэзіс: навука інтэрнацыянальна. І вам, беларускім навукоўцам, як і ўсёй сусветнай навуковай супольнасці, трэба будзе яшчэ нямала зрабіць, каб адказаць на беспрэцэдэнтныя па складанасці і шматмернасці сучасныя выклікі", — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што сёння неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі, спыніць незваротныя экалагічныя змены, адкрыць новыя спосабы прафілактыкі невылечных хвароб і барацьбы з імі, пераадолець харчовыя крызісы і вырашыць многія іншыя праблемы, актуальныя для ўсіх жыхароў планеты.

Пры гэтым у маштабах краіны трэба разам працаваць перш за ўсё на дасягненне дзяржаўных стратэгічных мэтаў. Павышаць канкурэнтаздольнасць айчыннай эканомікі, забяспечваць нацыянальную бяспеку Беларусі, умацоўваючы наш суверэнітэт.

"І, накіроўваючы свой талент, майстэрства на стварэнне і далейшае стварэнне, змяняць увесь свет да лепшага, падымаць чалавецтва на новую ступень развіцця. Таму што там, дзе высока стаіць навука, — высока будзе стаяць чалавек", — дадаў ён.

Прэзідэнт пажадаў прысутным заўсёды быць на вышыні ў такім нялёгкім, але бясконца займальным навуковым пошуку, а таксама павіншаваў усіх нашых навукоўцаў з Днём беларускай навукі. "Няхай гэтая сустрэча стане крыніцай творчага натхнення на працу ў імя працвітання Беларусі, у імя міру на Зямлі", — сказаў беларускі лідар. Пасля гэтага пачалася цырымонія ўручэння.

Вучонае званне доктара фізіка-матэматычных навук было прысвоена Ганне Крывашэевай і Сяргею Хахомаву, доктара медыцынскіх навук — Сяргею Байко і Аляксандру Дзядзько, Людміле Макарынай-Кібак і Сяргею Палякову. Званне доктара псіхалагічных навук было прысвоена Аляксею Палякову, тэхнічных навук — Сяргею Ровіну, хімічных — Аляксандру Бараноўскаму, эканамічных — Людміле Маханько, біялагічных — Алегу Баранаву, гістарычных — Віктару Астрогу.

Вучонае званне прафесара было прысвоена Таццяне Дасаевай, Антаніне Яфіменка, Эміліі Каламіец, Наталлі Канапле, Андрэю Каралю, Наталлі Шакавец і Ганне Яравой.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.