Вы тут

Адбылася дыскусія Прэзідэнта з навукоўцамі


Пасля ўручэння навуковых узнагарод Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прысутных і заклікаў выказацца, калі ў кагосьці ёсць пытанні і прапановы па той ці іншай галіне.


Пра другасную сыравіну і пластык

Падчас дыскусіі Прэзідэнта з навукоўцамі была ўзнятая тэма рэсурсазберажэння, другаснай перапрацоўкі адходаў. Беларускі лідар адзначыў, што гэта вельмі важная праблема для нашай краіны. У практыцы невялікіх дзяржаў, напрыклад, у Швейцарыі 100 % шклатары вырабляецца з другаснай сыравіны. Гэта значыць, яны паспяхова збіраюць выкарыстаныя бутэлькі, а потым з іх жа вырабляюць шкло. "А ў нас? Мы, бачыце, багатыя, мы проста расхлябаныя і разбэшчаныя, як у Беларусі кажуць. Таму Адміністрацыі Прэзідэнта даручана самым жорсткім чынам кантраляваць гэта — адходы, макулатуру, жалеза, металічныя вырабы рознага роду, асабліва пластык і іншае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта трэба ўсё збіраць і прыводзіць у пачуццё. Усюды павінен быць парадак".

Развітыя краіны, якія клапоцяцца пра сваіх грамадзян, адмаўляюцца ад пластыка. "Я нядаўна даручыў: трэба прыбраць пластыкавыя бутэлькі і тару на першым этапе. І замяніць шклом. Тым больш, у нас гэтая сфера прамысловасці высокаразвіта", — падкрэсліў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: гэта не трэба "адпрацоўваць", гэта трэба рэалізаваць.

Пра хабар медыкам і здароўе чыноўнікаў

Паколькі ў зале прысутнічала нямала спецыялістаў з медыцынскай сферы, удзельнікі дыскусіі закранулі і гэтую тэму.

Звяртаючыся да старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людмілы Макарынай-Кібак, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся аб карупцыйнай сітуацыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Старшыня камісіі выказала ўпэўненасць, што сёння ў ведамстве перагледзелі падыходы да закупак абсталявання і іншых аспектаў іх дзейнасці.

"Гэта значыць, вы можаце ўсім нам сёння і мільёнам, хто вас пачуе сёння, гарантаваць, што такога ў Беларусі больш не будзе?" — спытаў Прэзідэнт.

"Не будзе", — адказала яна.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў звярнуць увагу парламенцкай камісіі, якую ўзначальвае Макарына-Кібак, менавіта на гэта важны кірунак. "Гэта не справа, калі на святой справе людзі набіваюць кішэні, — падкрэсліў ён. — Закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы іх кошт мінімум на чвэрць, а то і на траціну. І медыцынскае абсталяванне — вы ведаеце, пра што ідзе гаворка, ды і ўсё наша грамадства ведае. Даравання ўрачам тут не будзе".

Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць у гэтай сферы вельмі якасныя спецыялісты-оталарынголагі, свяцілы навукі, каб нашы людзі не ехалі за мяжу лячыцца. Адказ быў станоўчы. "Добра, прыеду да цябе — маё вуха, адно і другое, паглядзіш, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А потым усіх начальнікаў даследуем, таму што не ўсё нармальна чуюць, калі ім распараджэнні аддаеш, даводзіш задачы".

Пра кадры для ІТ і праблему жука-караеда

Гаварылі і пра ўніверсітэты, у прыватнасці, павелічэнне набору студэнтаў для наступнай працы ў ІТ. Паводле слоў Прэзідэнта, у выпадку недахопу кадраў трэба даць магчымасці для навучання — тым больш, што гэта гатовы прафінансаваць будучыя працадаўцы.

Пасля да кіраўніка дзяржавы звярнуўся загадчык сектара геномных даследаванняў лабараторыі генетыкі і біятэхналогіі Інстытута лесу НАН Беларусі Алег Баранаў і распавёў пра сітуацыю ў сваёй сферы. У яго Прэзідэнт спытаў, ці з'яўляецца для нас выклікам жук-караед. Спецыяліст адзначыў, што гэтая праблема звязана як з прыроднымі ўмовамі, так і з пралікамі ў лясным гаспадарцы пасля вайны. Тым не менш, цяпер гэтыя памылкі перагледжаны. Апошнія даследаванні паказалі, што інтэнсіўнасць узнікнення караедных ачагоў пайшла на спад.

Яшчэ Прэзідэнт заклікаў навукоўцаў займацца даследаваннямі, важнымі для чалавека і дзяржавы, для нашай эканомікі. Гэта датычыцца і навуковых работ — павінна быць не толькі кампіляцыя або агляд розных артыкулаў. Забываць аб фундаментальных даследаваннях пры гэтым не варта.

Пра электрыфікацыю нашай краіны

У працяг тэмы неабходных і важных даследаванняў Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму ўводу атамнай электрастанцыі, мадэрнізацыі цяперашняй энергетычнай сістэмы краіны. Вядома, што з уводам атамнай электрастанцыі прафіцыт электрычнай энергіі будзе каласальны. Кіраўнік дзяржавы заклікаў не арыентавацца толькі на продаж лішкаў за мяжу, а паспрабаваць забяспечыць наша насельніцтва (да прыкладу, тымі ж энергаэфектыўнымі бытавымі плітамі і прыборамі).

У той жа час можна перасадзіць насельніцтва на электрамабілі, Акадэміі навук была пастаўлена задача распрацаваць розны транспарт — ад электравеласіпедаў да трактароў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта павінны быць нашы распрацоўкі, а не прывезенае з Кітая абсталяванне. Перш за ўсё, гаворка пра назапашвальныя батарэі.

Па словах старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова, распрацоўваецца цэлы шэраг электратранспарту — ровар, скутар, матацыкл. Дапрацоўваецца электрамабіль, зроблены электрамінівэн, машына для камунальных патрэб, невялікі грузавічок. Ён выказаў гатоўнасць прадэманстраваць гэтыя распрацоўкі. Стаіць задача, каб да канца года былі створаны невялікія вытворчасці. Дарэчы, яшчэ Акадэмія навук распрацавала сваю батарэю-назапашвальнік, якая ўжо ўкараняецца ў айчынныя ўзоры электратранспарту.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на кампанію Tesla, назваў аўтамабіль гэтай карпарацыі цудам і адзначыў, што наш электрамабіль павінен быць блізкі да гэтага, а яшчэ каб беларускія грамадзяне па прынцыпе "кошт-якасць" маглі яго набыць.

"Я ўвогуле аматар аўтатранспарту, — адзначыў ён. — Гэта для мяне хобі такое. І я на многіх аўтамабілях перамяшчаўся, але тое, што электрамабіль, нават гэтая Tesla, якую таксама крытыкуюць па многіх рэчах, — гэта цуд-аўтамабіль. Ён вёрткі, хуткасць развівае шалёную".

Прэзідэнт канстатаваў, што электрамабілі — гэта не будучыня, а сучаснасць нашай планеты, таму адставаць нельга. Ён дадаў, што да канца года паглядзіць, на што беларускія распрацоўшчыкі выйшлі ў выніку. Калі асобныя прадпрыемствы працуюць над камплектуючымі для нашых узораў — добра, але трэба ісці далей. Неабходна вызначыцца, дзе размясціць вытворчасць электрамабіляў. Адзін з варыянтаў — Geely.

Па словах Гусакова, у параўнанні з тым электрамабілем, які ўжо быў прадэманстраваны, магутнасць цяперашняга вырасла ў некалькі разоў. Ёсць задача, каб характарыстыкі нашай распрацоўкі набліжаліся да Tesla.

Беларускі лідар спытаў, ці зможа ён праехаць на такім аўто 500 кіламетраў без падзарадкі. Уладзімір Гусакоў заявіў, што пакуль ёмістасці акумулятара хопіць на 200-250 кіламетраў, але зробяць 500.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».