Вы тут

Гульня з прывідам


…Пары, якія кружылі па зале, спыніла цемра, што нечакана перапыніла баль. Рэзкія гукі — зусім іншай прыроды і мілагучнасці — паклікалі істот у цёмных плашчах і таямнічых белых масках. Яны ўляцелі і пранесліся, нібыта крумкачыная хмара, — нейкае насланнё. Пакінулі збянтэжанасць, але не ў тых, хто танцаваў: святло запалілася, аркестр пачаў новую мелодыю, і пары пайшлі адна за адной, нібыта нічога і не здарылася. Гэта ж баль, тут магчыма ўсё. Тым больш што папярэджвалі загадзя: Вялікі баль на стары Новы год у Вялікім тэатры Беларусі сёлета чакае самога (!) Прывіда Оперы.


Фігура першая. інтрыга

Адсылка да вядомага мюзікла Эндру Лойда Вебера (паводле рамана Гастона Леру) павінна была не толькі дадаць інтрыгі імпрэзе, што адбываецца ў тэатры дзясяты год запар і сапраўды набыла ўжо звыклы рытм, выпрацаваны падыход да арганізацыі, дзе задзейнічаны ўсе часткі фае тэатра, прадумана танцавальная (уласна бальная) і забаўляльная праграмы, — патрэбна было ўзварухнуць пастаяннага наведвальніка: гэты баль зусім іншы, адрозны ад папярэдніх. Згадка пра «Прывід Оперы» мала таго, што дадала таямнічасці (у кожным тэатры могуць хавацца свае цені, існаваць свае легенды, адбывацца загадкавыя падзеі), але і павінна была стаць тым канцэптуальным грунтам, які б злучыў самыя розныя фрагменты дзеі, што адбывалася ў розных частках тэатра. І пры гэтым усё ж даць магчымасць людзям пабыць на балі.

За тыя гады, што ён праводзіцца, з’явілася пэўная частка тэатральнай публікі, якія ўпадабала імпрэзу, што здолела стаць свецкай. На баль у оперны збіраюцца адмыслова: ужо не трэба тлумачыць пра неабходнасць дрэс-коду з вечаровымі строямі і сукенкамі да падлогі, людзі рыхтуюцца загадзя. Асабліва тыя, хто збіраецца на балі танчыць. Паланэз, кантрданс, мазурка, вальс… Распарадчык абвяшчае танец, і пары становяцца ў шэраг, робяць фігуры — і па тварах бачна, што атрымліваюць задавальненне. Некаторыя дзеля гэтага некалькі месяцаў наведвалі адмысловыя курсы, каб вывучыць рухі старадаўніх танцаў, што калісьці танцавалі на пышных балях у княжацкіх палацах. І вось як тады: маладыя паненкі з кавалерамі (навічкоў заўсёды бачна!) ідуць перад вачыма мэтраў, якія павінны абраць лепшых танцораў на балі. Калі, канешне, паспеюць разгледзець: змрок і здані ў чорным перыядычна прыпыняюць музыку. А то і выклікаюць самога Мефістофеля з вядомай арыяй з оперы Шарля Гуно «Фаўст». Крыху разрадкі — і зноў танцы.

За навічкамі — тыя, хто ўжо асвоіў бальныя танцы і пачуваецца тут як у сваёй стыхіі. Нават самі маглі б даць майстар-клас. Так, хацелася думаць, што клас будуць паказваць прафесіяналы (артысты тэатра), а прысутныя стануць паўтараць за імі рухі. Але калі на баль прыходзяць апантаныя танцоры, то іх энергію ўжо не стрымаць: саноўная дама ў белай пышнай сукенцы з сівым кавалерам уразіла такім свінгам, што моладзь нават не рызыкавала спрачацца з гэтай танцоркай, якая пасля выбірала сабе партнёраў і кожным разам змагалася за першынства ў танцавальным батле. Калі з імпэтам, то і менуэт, і танга, і твіст атрымліваюцца — на зайздрасць назіральнікам… От, толькі не трэба думаць, што на баль прыходзяць абавязкова са сваім партнёрам, быў бы настрой патанчыць…

Фігура другая. Сюрпрыз

Зрэшты, кагосьці прыцягвалі больш спакойныя забавы. Некалькі салонных зон чакалі свайго часу — шахматная, з прадказаннямі хіраманта ці нават з фірмовымі загадкамі Прывіда.

Пад яго дыктоўку прайшоў і канцэрт-сюрпрыз. І гэта стала сапраўды сюрпрызам: дазволіла акадэмічнаму тэатру адысці ад звыклага канцэртнага рэжыму і крыху пахуліганіць, хоць бы ў стары Новы год адысці ад чаканай акадэмічнасці. Канцэрт, які звычайна быў зборкай яркіх нумароў і ўрыўкаў са спектакляў, склаўся хутчэй па прынцыпе тэатральнага капусніка. І калі ў дачыненні да драматычных спектакляў капуснікі прымаюцца і прывабліваюць, то ў оперна-балетнай сферы ўсё не так проста, тут прысутнічае спецыфіка. І ўсё ж можна з любоўю да высокага мастацтва стварыць адмысловыя нумары з гумарам і пры гэтым захаваць самапавагу.

Прывід Оперы, што выйшаў на сцэну, пра гэта акурат і праспяваў: каб не было нудоты, каб паглядзець нешта новае. Нібыта спрачаючыся з ім, на сцэну выйшлі людзі ў белых покрывах і спявалі хор палонных іўдзеяў з оперы Джузэпэ Вердзі «Набука». Прыгожая музыка, нетаропкі рытм. Прывід на сваім троне засумаваў… Роўна да таго моманту, калі белыя покрывы паляцелі ўбок і людзі ў страката-бліскучых строях нібыта «змянілі пласцінку»: «Рэкі Вавілона», хіт гурта «Боні М» — фактычна пра той жа народ, той жа векавы сум і Божую спагаду, але ж з драйвам! І пайшло: на змену прыйшла «Ружовая Пантэра» (музыка Генры Манчыні), якую… станцавала оперная прыма Аксана Волкава, пры гэтым усё ж пасля нагадала і пра сваю бліскучую Кармэн. І трубач на воблаку, што іграў мелодыю Джорджа Гершвіна з оперы «Поргі і Бэс», — з крылкамі і німбам. І танец маленькіх лебядзей, выкананы адной дзяўчынай, двума хлопцамі і кругленькай мяккай свінкай (прыцягнутай за вушы ў літаральным сэнсе). І аказалася, што ўсё можна: жартаваць па-балетнаму, калі партнёр і партнёрка мяняюцца ролямі. Жартаваць па-аркестраваму, калі Вялікая частка аркестра Вялікага тэатра, што робіць Вялікую справу за... вялікія грошы, іграе вялікага Вівальдзі. І джаз, і нават поп-музыка на акадэмічнай сцэне, удала ўплеценыя ў дзею, даюць адчуванне іншага тэатра, дзе ёсць жыццё, і яно можа быць адвольна-чалавечым, а не закаваным у выключна акадэмічныя рамкі. І дзе ж яшчэ гэта паказваць, як не падчас свайго капусніка — няхай ён будзе, хоць у такое адвольнае свята, як стары Новы год.

Фігура трэцяя. Прэмія

Праўда, Прывід Оперы знік неяк зусім незаўважна і кульмінацыі не прычакаў, а шкада. Магчыма, і не ўсе зразумелі, што кульмінацыяй канцэрта-сюрпрыза стала традыцыйнае абвяшчэнне імёнаў лепшых артыстаў тэатра па выніках года. Праўда, швейцарскую тэму ўсё ж абыгралі ў канцэрце артысты ў адмысловых пазнавальных строях. Штогод Беларуска-Швейцарскі Банк «БСБ Банк» адзначае лепшых артыстаў тэатра прэміяй, якая ўручаецца з 2012 года падчас балю. Артысты тэатра таемным галасаваннем самі вызначаюць тых сваіх калег, чыя праца на працягу года была найбольш яркая. Па выніках 2018 года лепшымі сталі: салістка оперы Таццяна Гаўрылава, вядучы майстар сцэны балета Вікторыя Трэнкіна, артыстка балета Дзіяна Лысенка, артыст хору Андрэй Сідзько, канцэртмайстар аркестра Рэгіна Саркісава. І вось тут адбылося нечаканае дзіва (ці чорны Прывід зрабіў сваю працу?). Сёлета гэтыя імёны толькі назвалі падчас канцэрта, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі артысты выходзілі на сцэну, каб атрымаць сваю ўзнагароду. Магчыма, у ход канцэрта-сюрпрыза не надта ўпісвалася традыцыйная цырымонія. Аднак падаецца, што лепшыя артысты ўсё ж вартыя таго, каб перажыць урачыстыя моманты на роднай сцэне, і не толькі падчас спектакляў згодна з афішай. Яны вартыя быць каралевамі і каралямі балю. І пад гэта таксама можна прыдумаць асобны ход. Бо гэты тэатр прыцягвае асобамі, што ствараюць мастацтва пад яго дахам і здольныя выконваць самыя розныя па складанасці задачы.

Дзякуючы ім тое, што здавалася неверагодным, становіцца рэальным. Баль сёлета дадаў акадэмічнаму тэатру дэмакратычнасці — праз адвольныя рытмы, спалучэнне класікі з больш папулярнымі кірункамі. І якраз гэта не выклікала збянтэжанасці нават у паважаных дам у пафасных сукенках ды кавалераў у смокінгах — гэта для людзей ХХІ стагоддзя ўжо таксама частка маскараду.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?