Вы тут

Чаму Месяц зноў у трэндзе?


Сёлетні студзень увайшоў у гісторыю касманаўтыкі — кітайская міжпланетная станцыя «Чан'э-4» з першай спробы паспяхова села на адваротным баку Месяца. Гэта важнае дасягненне для краіны, якая ўпершыню адправіла чалавека ў космас у 2003 годзе. Праграма «Чан'э» атрымала назву ў гонар багіні Месяца з кітайскай міфалогіі. Першы апарат гэтай серыі быў запушчаны на арбіту спадарожніка ў 2007-м. «Чан'э-4» мае абсталяванне для даследаванняў геалагічных параметраў спадарожніка. Таксама на яго борце — насенне раслін (у тым ліку бульбы) і лічынкі шаўкапрада. Пра свае планы наконт Месяца абвясцілі шэраг краін. Чым выкліканы такі ажыятаж?


Робаты на базе

Яшчэ са школьнай праграмы мы ведаем, што Месяц — натуральны спадарожнік нашай планеты, яе пастаянны найбліжэйшы сусед. Гэта скалістае шарападобнае цела без атмасферы і жыцця. Яго дыяметр 3480 кіламетраў — крыху больш за чвэрць дыяметра Зямлі. Сярэдняя адлегласць да Месяца 384 тыс. км. Касмічны карабель пралятае такі шлях менш чым за трое сутак. Першы апарат, які дасягнуў спадарожніка, — савецкі «Месяц-2» — быў запушчаны 12 верасня 1959-га. Першыя людзі ступілі на месяцавую паверхню праз дзесяць гадоў — 20 ліпеня 1969-га — гэта былі астранаўты амерыканскага «Апалона-11».

Ніл Армстранг стаў першым чалавекам, які ступіў на паверхню Месяца. «Гэта адзін маленькі крок для чалавека і вялізны скачок для чалавецтва», — сказаў тады амерыканскі астранаўт. Гэтая фраза стала крылатай. Затым да яго далучыўся калега Баз Олдрын. Спусціўшыся па прыступках пасадачнага месяцавага модуля «Арол», ён паглядзеў на пустынны ландшафт і сказаў: «Пышнае запусценне». Яны былі ўдзельнікамі місіі «Апалон-11», якая адбылася ў ліпені 1969 года. Апошні раз чалавек хадзіў па Месяцы ў 1972 годзе, але ў найбліжэйшы час сітуацыя можа кардынальна змяніцца.

Мяккая пасадка на адваротным баку спадарожніка, якую здзейсніла нядаўна кітайская станцыя «Чан'э-4», — няпростая задача, бо Месяц блакуе прамую сувязь паміж касмічным апаратам і Зямлёй. Таму для поспеху місіі быў запушчаны спадарожнік-рэтранслятар. Зонд апусціўся ў кратар Карман, а неўзабаве кітайскае аэракасмічнае агенцтва парадавала зямлян відэаролікам аб палёце месяцахода ад першай асобы. Нацыянальнае касмічнае ўпраўленне CNSA рыхтуе тры новыя місіі на спадарожнік. І гэта не лічачы «Чан'э-5», якая адправіцца на Месяц у снежні гэтага года. Па словах намесніка кіраўніка CNSA Ву Яньхуа, місія з парадкавым нумарам шэсць павінна будзе прывезці ўзоры грунту з Паўднёвага полюса Месяца. Сёмая правядзе комплексныя даследаванні ў тым жа рэгіёне. Але самую вялікую цікавасць уяўляе сабой восьмая місія. «Мы спадзяёмся, што «Чан'э-8» дапаможа выпрабаваць некаторыя тэхналогіі і правядзе разведку, неабходную для будаўніцтва сумеснай месяцавай базы, прызначанай для мноства краін», — сказаў Ву.

Першая база на Месяцы, хутчэй за ўсё, будзе рабатызаваная, як склады Amazon, адзначае The Conversatіon. Гэта дазволіць цалкам праверыць працаздольнасць неабходнай інфраструктуры і сістэм забеспячэння да прыбыцця людзей. Будаўніцтва месяцавай станцыі нічым не адрозніваецца ад будаўніцтва першай нафтавай вышкі ў акіяне. Трэба прадумаць лагістыку для рухомых будаўнічых дэталяў, распрацаваць тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні і ў даным выпадку вывучыць і апрабаваць узоры глебы. Кітай ужо робіць крокі ў гэтым кірунку. Знаёмства з месяцавым грунтам неабходна для будаўніцтва падземнага жылога комплексу і падтрымальнай інфраструктуры, якая абароніць базу ад суровых умоў паверхні. Акрамя таго, CNSA правяло эксперымент па вырошчванні насення раслін, якія прыбылі на борце «Чан'э-4». Вядома, што бавоўна паспела даць усходы, перш чым халодная месяцавая ноч паклала канец эксперыменту. Тым не менш гэта першы вопыт вырошчвання раслін на спадарожніку і важны крок на шляху стварэння сельскагаспадарчай вытворчасці на месяцавай базе.

З усіх магчымых тэхналогій, здольных дапамагчы ў будаўніцтве месяцавай базы, найбольшыя перспектывы адкрывае 3D-друк. З яго дапамогай можна ствараць што заўгодна — ад найпрасцейшых прадметаў побыту, накшталт кубкаў, да запасных дэталяў для станцыі. На Зямлі ўжо ствараюцца будынкі пры дапамозе 3D-друку, і будаўніцтва на Месяцы будзе адбывацца аналагічным чынам. Аднак 3D-друк у космасе — справа няпростая. Спатрэбяцца новыя тэхналогіі, якія змогуць працаваць ва ўмовах слабай гравітацыі Месяца. Трэба распрацаваць 3D-прынтары, здольныя фарміраваць дэталі ў касмічным вакууме.

«Водная ліхаманка»

«Многія краіны ўдзельнічаюць у месяцавай праграме з вельмі далёкім прыцэлам на месяцавыя рэсурсы, — паведаміў «Інтэрфаксу» член-карэспандэнт РАН, навуковы кіраўнік Інстытута астраноміі Барыс Шустаў. — Гаворка ідзе не пра золата і не пра нафту з газам, а пра касмічныя рэсурсы. Усе празаічна: у кожным з гаджэтаў, напрыклад, шмат плаціны. А гаджэтаў толькі ў Расіі многія дзясяткі мільёнаў. У той жа час, па розных ацэнках, плаціны на Зямлі засталося на тэрмін ад 30 да 1000 гадоў. Калі браць песімістычную ацэнку — 30 гадоў, то ўжо цяпер трэба шукаць яе новыя крыніцы. А такога роду матэрыялы, як плаціна і іншыя, — прысутнічаюць у астэроідах. Мы можам выявіць іх у метэарытах, якія зваліліся на Зямлю. А на Месяцы іх калі не залежы, то па меншай меры вельмі шмат, там жа ніхто не займаўся іх здабычай. Значыць, праз некаторы час плаціну і іншыя матэрыялы будзе выгадна атрымліваць там. Вось адна з практычных мэт месяцавай гонкі».

Касмічныя дзяржавы, спакушаныя навуковымі і эканамічнымі перспектывамі, расштурхваюць адна адну локцямі ў ходзе новага імклівага наступу на Месяц, піша Le Fіgaro. Акрамя Еўропы, сваю праграму па заваяванні Месяца, спыненую больш за сорак гадоў таму, аднавіла і Расія. Запуск касмічных апаратаў «Месяц-25», «Месяц-26» і «Месяц-27» можа быць ажыццёўлены ўжо ў найбліжэйшыя гады, адзначае Le Fіgaro. Японская кампанія іSpace плануе стварыць транспартную платформу Зямля — Месяц і правесці даследаванні вады, якая знаходзіцца ў цвёрдым стане ў кратарах на полюсах Месяца.

Амерыканцы, якія пры Абаме зрабілі сваёй прыярытэтнай задачай Марс, пераарыентавалі амбіцыі на наш зямны спадарожнік, адзначае Le Fіgaro. Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы NASA ў канцы мінулага года абвясціла аб тым, што адбярэ дзевяць кампаній, з якімі абавязуецца супрацоўнічаць на працягу наступных дзесяці гадоў, згадваючы аб агульным пакеце фінансавых укладанняў у 2,6 мільярда долараў. Сярод іх буйныя карпарацыі, а таксама кампаніі-пачаткоўцы, якія прынялі ўдзел у конкурсе Google Lunar X Prіze. Конкурс, які быў пачаты ў 2007-м, абяцаў прыз у
30 мільёнаў долараў той прыватнай камандзе, якая створыць месяцаход, здольны праехаць 500 метраў і адправіць фатаграфіі і відэаролікі пра свае подзвігі. Нягледзячы на адмену конкурсу ў студзені мінулага года з-за адсутнасці патэнцыйнага пераможцы, хоць крайні тэрмін быў працягнуты да 31 сакавіка, такія прыватныя кампаніі, як Moon Express і Astrobіotіc, змогуць запусціць свой першы месяцаход ужо ў наступным годзе, піша Le Fіgaro.

Каланізацыя Месяца і космасу заўсёды была марай чалавецтва. Тэхналагічныя дасягненні і адкрыццё значнай крыніцы вады паблізу месяцавых полюсаў зрабілі яе больш прывабнай. «Месяц — гэта восьмы кантынент (мадэль з сямю кантынентамі — з падзеленай на Еўропу і Азію Еўразіяй — прынята часткова ў Заходняй Еўропе, у нас па традыцыі іх налічваюць шэсць, як і колькасць мацерыкоў. — Аўт.) у касмічным акіяне, першы востраў, які трэба будзе заваяваць, — лічыць Бернард Фойнг, дырэктар міжнароднай месяцавай групы, якая аб'ядноўвае чатырнаццаць агенцтваў, у тым ліку Еўрапейскае касмічнае агенцтва. — Спадарожнік нашай планеты з'яўляецца ідэальнай лабараторыяй для тэсціравання метадаў будаўніцтва або здабычы вады. У патэнцыяле гэта перадавая база: калі ўдасца выкарыстаць мільярды тон лёду, якія захоўваюцца ў яе нетрах, то яны могуць аказацца каштоўным рэсурсам для наступнага асваення Марса пры больш нізкіх выдатках».

Як заўважыў Барыс Шутаў, «самае галоўнае ў тым, што вада — гэта паліва для рухавікоў міжпланетных караблёў. Ці не сама вада, H2O, вядома, а яе складнікі. Калі ў вас ёсць энергія (у космасе сонечная), ёсць час, вы раскладаеце ваду на вадарод і кісларод з дапамогай электролізу, з дапамогай сонечнай энергіі, і ў вас атрымліваецца два кампаненты — вадарод і кісларод. Пры злучэнні атрымаем магутны вадародны рухавік. Гэта лічыцца зараз асноўным фактарам для забеспячэння магчымасці распаўсюджвання чалавецтва па Сонечнай сістэме! Трэба паліва, а з сабой шмат паліва з Зямлі не возьмеш — гэта вельмі дорага. Ды да таго ж для такой аперацыі патрэбна гіганцкая канструкцыя. А вось калі навучыцца знаходзіць ваду ў космасе і выкарыстоўваць яе як паліва — гэта адзін з перспектыўных метадаў, якія цяпер распрацоўваюцца. Можна сказаць, што «залатая ліхаманка» ператвараецца ў «водную».

Права на космас

У практычным сэнсе да 1969 года пытанне аб правах валодання тэрыторыямі Месяца і распрацоўкі яе нетраў было неактуальным, заўважае Бі-бі-сі. Але цяпер камерцыйная здабыча карысных выкапняў на спадарожніку Зямлі ўжо не здаецца фантастыкай з далёкай будучыні. У 1979-м у ААН было прынята Пагадненне аб дзейнасці дзяржаў на Месяцы і іншых нябесных целах, якое яшчэ называюць «Месяцавым пагадненнем». У ім абвяшчаецца прынцып выключна мірнага выкарыстання спадарожніка і падкрэсліваецца, што будаўніцтва і выбар размяшчэння месяцавых станцый неабходна ўзгадняць з ААН, растлумачыўшы пры гэтым прычыны іх узвядзення. У дакуменце гаворыцца, што Месяц і яго карысныя выкапні з'яўляюцца агульным здабыткам усяго чалавецтва, а дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца «ўсталяваць міжнародны рэжым, уключаючы адпаведныя працэдуры, для рэгулявання эксплуатацыі прыродных рэсурсаў Месяца, калі будзе відавочна, што такая эксплуатацыя стане магчымай у найбліжэйшы час».

Галоўная праблема гэтага пагаднення ў тым, што яго ратыфікавалі толькі 11 краін. Сярод іх — Францыя і Індыя. Іншыя краіны з касмічнымі праграмамі, у ліку якіх Кітай, ЗША і Расія, дакумент не падпісалі. Таксама засталася ўбаку і Вялікабрытанія. Колішні галоўны рэдактар «Часопіса аб касмічным праве» Джаан Айрын Габрыновіч лічыць, што міжнародныя дагаворы нічога не гарантуюць. На іх выкананне ўплывае сумесь палітыкі, эканомікі і грамадскай думкі, сказала яна. У апошнія гады існуючыя пагадненні, якія забараняюць дзяржавам забіраць ва ўласнасць нябесныя целы, актыўна правяраюцца на трываласць.

У 2015 годзе ў ЗША быў прыняты закон аб канкурэнцыі ў пытанні камерцыйных касмічных запускаў, у якім гаворыцца аб праве грамадзян здабываць карысныя выкапні з астэроідаў. Ён не распаўсюджваецца на Месяц, але яго механізм дзеяння ў прынцыпе можа быць пашыраны. Адзін з заснавальнікаў кампаніі Planetary Resources Эрык Андэрсан назваў гэты закон самым вялікім у гісторыі прызнаннем права ўласнасці. У 2017 годзе аналагічны закон прынялі ў Люксембургу. У ім гаворыцца аб праве ўласнасці на рэсурсы, выяўленыя ў космасе. Намеснік прэм'ер-міністра краіны Эцьен Шнайдэр заўважыў, што дзякуючы гэтаму закону Люксембург стане еўрапейскім першапраходцам і лідарам у данай галіне.

У пакарэнні Сусвету агульны расклад відавочна змяняецца. Летась Кітай здзейсніў 39 касмічных запускаў — больш, чым любая іншая краіна. ЗША ў мінулым годзе ажыццявілі 34 запускі, а Расія — 20. Пры гэтым у 2016-м Злучаныя Штаты выдаткавалі на сваю касмічную праграму 36 млрд долараў, а КНР — каля $5 млрд. «Выкананне месяцавых даследчых місій прывяло да стварэння досыць добра развітой інфраструктуры для вывучэння далёкага космасу», — заўважыў намеснік кіраўніка Кітайскага нацыянальнага касмічнага ўпраўлення У Яньхуа. Першую місію на Марс КНР хоча адправіць налета ў ліпені, праз восем гадоў — даставіць адтуль узоры грунту. А да 2030-га мае намер дабрацца і да Юпітэра. І гэта найбліжэйшыя планы.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Сёмы мацярык

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.