Вы тут

Як працуе IT-рота?


У канцы мінулага года ў Ваеннай акадэміі адбылося ўрачыстае адкрыццё навастворанага падраздзялення Узброеных Сіл — роты інфармацыйных тэхналогій. Першыя навіны пра тое, што ў войску з'явіцца новае фарміраванне, прыйшлі крыху болей за паўгода таму. І вось — адбылося. Цяпер байцы будуць супрацьстаяць кіберпагрозам і распрацоўваць спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне. Зрэшты, аб усім па парадку.


У адкрыцці роты інфармацыйных тэхналогій прынялі ўдзел міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

З сарака праграмістаў у вайсковай форме толькі чатыры не маюць істотнага досведу працы. У паслужным спісе астатніх — праца на працягу некалькіх гадоў, якая сумяшчалася з вучобай на дзённым аддзяленні. Многія з іх працавалі ў кампаніях - рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

— Задача гэтых хлопцаў — стварэнне праграмнага прадукту, — зазначыў Андрэй Раўкоў. — Яны будуць выконваць ваенна-прыкладныя задачы, сярод якіх — праграмаванне, адладка і тэсціраванне алгарытмаў. Мы ўручаем ім тэхніку, на якой яны будуць ствараць, увасабляць свой інтэлектуальны патэнцыял і даваць вынікі дзеля павышэння абараназдольнасці краіны. Кірункі дзейнасці звязаны з навігацыяй, аўтаматызаваным кіраваннем войскамі, мадэляваннем баявых дзеянняў і шэрагам іншых, у тым ліку сакрэтных, задач.

Першапачатковы конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій аказаўся даволі высокі — 8 чалавек на месца. У выніку сюды трапілі маладыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, звязаную з высокімі тэхналогіямі. 40 ваеннаслужачых праходзяць тут тэрміновую воінскую службу. Але, каб іх адабраць, давялося пагутарыць з сотнямі людзей.

— Ваенная акадэмія распрацавала палажэнне аб роце інфармацыйных тэхналогій, — кажа выконваючы абавязкі намесніка начальніка акадэміі па навуковай рабоце кандыдат тэхнічных навук Дзмітрый Сахарук. — Фактычна гэта новае падраздзяленне ва Узброеных Сілах, якое ставіць за мэту распрацоўку праграмных прадуктаў і дакументацыі для ўзораў тэхнікі, якая паступае на ўзбраенне. Суперсучасныя рабочыя месцы разгорнуты для ваеннаслужачых роты інфармацыйных тэхналогій.

Пры арганізацыі рабочых месцаў вялікую ўвагу мы і распрацоўшчыкі ўдзялілі эрганоміцы і тэхнічнай эстэтыцы. За кожным ваеннаслужачым будзе замацаваны асобны камп'ютар для выканання задач па прызначэнні. Асаблівасцю рабочага месца з'яўляецца высокапрадукцыйная працоўная станцыя, якая сабрана на базе сучаснага працэсара Іntеl Соrе і7, шырокафарматны манітор, які без шкоды для здароўя дазваляе апрацоўваць адразу некалькі заданняў у шматаконным рэжыме, а таксама 3D-графіку ў высокім раздзяленні. Усе камп'ютары, якія працуюць у роце інфармацыйных тэхналогій, аб'яднаны ў адну лакальную сетку. Яна кіруецца серверным вузлом. Зараз намі ўжо атрыманы заданні ад падраздзяленняў Міністэрства абароны, Генеральнага штаба, Узброеных Сіл. Прызначаны навуковыя кіраўнікі. І з першага ж дня мы пачалі выконваць задачы пра прызначэнні. Таксама будзем чытаць цыкл лекцый па асаблівасці распрацоўкі праграм ва Узброеных Сілах. Моладзь цяпер вельмі добра падкавана ў ІT. З іншага боку, у войску зараз вельмі шмат высокатэхналагічнага абсталявання і зброі, якія патрабуюць пэўных ведаў у тэлекамунікацыйнай сферы. І мы разлічваем, што вучэбна-матэрыяльная база дазволіць паказваць максімальны вынік, што, у сваю чаргу, умацуе абараназдольнасць Беларусі.

Размяшчэнне роты нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Акрамя аднаго «але». Не сакрэт, што працяглае знаходжанне за камп'ютарам азначае тое, што фізічная нагрузка ў гэты час будзе мінімальная. І таму ў размяшчэнні былі ўсталяваны сілавыя трэнажоры. Яны дапамогуць размяцца пасля працоўнага дня.

— Сярод іншага — і інфарматызацыя самой акадэміі, — працягвае Дзмітрый Сахарук. — Гэта патрэбна, каб мадэрнізаваць навучальны працэс. Напрыклад, традыцыйна вывучэнне, скажам, радыёстанцыі выглядае наступным чынам. У нас іх усяго адна ці дзве. Таму мы вывучаем апаратуру паслядоўна міні-групамі па два-тры чалавекі. Цяпер жа мы плануем стварыць такі клас, дзе будзе знаходзіцца 3D-мадэль гэтай радыёстанцыі, з дапамогай чаго можна будзе «разабраць» яе віртуальна. Да таго ж будзе значна эканоміцца месца ў навучальнай аўдыторыі. Скажам, у адным класе сёння мы можам разгарнуць лабараторную ўстаноўку, прысвечаную сродкам сувязі. Заўтра ў гэтым жа класе пачнём вывучаць сістэмы сучасных самалётаў. Яшчэ праз дзень — узбраенне або аўтаматычнае кіраванне. І гэта вельмі зручна — даказана, што падобная мадэль навучання спрыяльна адбіваецца на ўзроўні падрыхтоўкі тэхнічнага персаналу. І больш за тое — дзякуючы віртуальнаму асяроддзю мы цяпер атрымліваем магчымасць вывучаць узоры тэхнікі, якія не знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускім войску. Мяркуем здаць першыя гатовыя прадукты да восені. Гэта неабходна для таго, каб цяперашні прызыў яшчэ паспеў паўдзельнічаць у тэсціраванні і ўкараненні распрацаваных прадуктаў.

З сарака праграмістаў у вайсковай форме толькі чатыры не маюць істотнага досведу працы. У паслужным спісе астатніх — праца на працягу некалькіх гадоў, якая сумяшчалася з вучобай на дзённым аддзяленні. Многія з іх працавалі ў кампаніях — рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

Дзмітрый Гаравы родам са Светлагорска. За плячыма ў хлопца — скончаны факультэт інфармацыйных тэхналогій БДТУ па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм». А таксама — і практычны досвед.

— Я працаваў па спецыяльнасці ў камерцыйнай арганізацыі з канца трэцяга курса. Так набраў стаж у паўтара года. Адпускалі з працы са шкадаваннем, але што зробіш? Тут жа ёсць падабенства з тымі задачамі, з якімі я ўжо раней сутыкаўся яшчэ «на грамадзянцы». І заўважыў, што асабовы склад стараюцца адбіраць так, каб яго прадстаўнікі максімальна раскрылі свае здольнасці і рабілі тое, з чым ужо знаёмы.

— Як ішоў адбор у роту на вашым прыкладзе?

— Пытанне аб маёй прыдатнасці да воінскай службы вырашалася даволі доўга. Але мне патэлефанавалі з Ваеннай акадэміі і зладзілі сумоўе па тэлефоне. Усе хлопцы, якія прызваны ў роту, будуць служыць год, паколькі за іх плячыма — вучоба ва ўніверсітэце. Толькі пяць з іх правядуць тут шэсць месяцаў, бо правучыліся адзін год на ваеннай кафедры.

— Што б вы пажадалі студэнтам?

— Пастаянна вывучайце нешта новае. ІТ — вельмі шырокая галіна, дзе можна развівацца. Трэба выбраць кірунак, які больш падабаецца. І памятайце: калі станеш — то адстанеш. Праграмаванне зараз развіваецца проста шалёнымі тэмпамі, і тое, што было актуальным два-тры гады таму, адыходзіць на іншы план.

Яшчэ да ўрачыстага адкрыцця роты інфармацыйных тэхналогій усе ваеннаслужачыя прайшлі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, выканалі практыкаванні па стрэльбах і прынялі прысягу. Наперадзе іх чакае ўдумлівая праца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: На варце кіберпрасторы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».