Вы тут

Чым прыкметны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл?


Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл даўно стаў адным з самых вядомых творчых калектываў нашай краіны. Сёлета ён адсвяткаваў 80-ы дзень нараджэння. Узрост — пачэсны. І заслугі таксама. У пачатку 2019 года калектыў быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за высокія дасягненні і рэалізацыю патрыятычнага праекта «Айчыне служым». Паспрабуем жа зазірнуць за кулісы...


— Наш калектыў не падобны на іншыя, — кажа мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Уладзімір Варапаеў. — Гэта дзякуючы таму, што мы яго самі такім зрабілі. Наша галоўная задача — абарона Айчыны праз нашу творчасць. Праз танец, праз песню мы даносім слухачам любоў да краіны, расказваем пра магутнасць нашых Узброеных Сіл. Ды і падобнага нашаму калектыву ў краіне няма. Вельмі няпроста аб'яднаць пад адным дахам салдат тэрміновай і кантрактнай службы і проста цывільных людзей, якія, здавалася б, як могуць падпарадкоўвацца ваенным? Але ўзаемаразуменне, гармонія, якая ў нас ёсць унутры калектыву, разуменне таго, у імя чаго мы працуем, дасягаюцца дзякуючы няспыннаму адбору выканаўцаў. Выпадковых людзей у нас няма.

З нашых шэрагаў выйшлі вельмі знакамітыя артысты. Дастаткова згадаць Уладзіміра Мулявіна, Віктара Вуячыча, Яраслава Еўдакімава, Валерыя Кучынскага, Ігара Алоўнікава. У нас служыў вядомы тэлевядучы Юрый Нікалаеў.

У нашым рэпертуары — не песні-аднадзёнкі, а фундаментальныя творы, мы самі ствараем музыку, якую выконваем. Да таго ж нас ні з кім не зблытаеш — дзякуючы вонкаваму выгляду і дысцыпліне, нават калі мы прыйдзем у цывільным адзенні. І гэта — наша візітоўка.

— Наколькі складана трапіць у ансамбль?

— У нас па штатным раскладзе прадугледжаны 74 стаўкі. Натуральна, што пастаяннага нічога няма, нехта сыходзіць, нехта прыходзіць. Усе выканаўцы мусяць мець музычную адукацыю, але ў якасці выключэння мы можам узяць і самародкаў. Былі такія выпадкі.

— Ці ёсць у ансамбля выступленне, якое можна вылучыць асобна?

— Пэўна, не. Мы да ўсіх імпрэз ставімся вельмі сур'ёзна. Напрыклад, мы выязджаем штогод у Расію, дзе выступаем падчас спаборніцтваў па танкавым біятлоне, у якіх удзельнічаюць больш за два дзясяткі краін. Наша выступленне транслюецца на ўвесь свет. Ці вось з апошняга — перамога на міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі «Хайнуўка», які праходзіў у Польшчы. Рэпутацыя, як вядома, заслугоўваецца справамі і часам. І кожны наш канцэрт — гэта цаглінка ў вялікі будынак.

— Ці супрацоўнічаеце з іншымі творчымі калектывамі?

— А як жа! На мінулым тыдні на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў мы сумесна выступалі з выхаванцамі дзіцячай музычнай школы № 10 імя Глебава. Кантактуем і з эстрадай. У нашым актыве — сумесныя выступленні з Анатолем Ярмоленкам, Ірынай Дарафеевай, Інай Афанасьевай, Уладзімірам Правалінскім, гуртамі «Сябры», «Купалінка», Lіtеsоund. Вельмі шмат працавалі з Ігарам Лучанком. А што да замежных артыстаў, то згадваюцца канцэрты з Алегам Газманавым, Аляксандрам Маршалам, Іосіфам Кабзонам...

І гастрольны графік у нас вельмі насычаны. Мы даём каля 200 канцэртаў за год. Здараецца і так, што выступаем два разы на дзень. Напрыклад, ужо рыхтуецца святочная праграма, прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

Фронтменам любога музычнага калектыву, які выконвае песні, з'яўляецца вакаліст. Міхаілу Лілу, салісту і артысту хору ансамбля песні і танца, нядаўна споўнілася 24 гады. У паслужным спісе таленавітага юнака, які спявае лірычным барытонам, — лаўрэацтва і перамога больш чым на 30 міжнародных конкурсах. Ён — трохразовы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Двойчы быў фіналістам дзіцячага конкурсу «Песня для Еўрабачання», дзе займаў высокія месцы. У ансамблі ён зусім нядаўна — два месяцы. Да гэтага тры гады быў салістам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

— Я трапіў у ансамбль пасля таго, як прайшоў тры творчыя праслухоўванні, здаў фізічныя нарматывы і тэст на псіхалагічную сумяшчальнасць, — заўважае Міхаіл Ліла. Выступленні ансамбля я бачыў з самага дзяцінства, паколькі гэты калектыў — адзін з трох вядучых у краіне. Але думка пра тое, што я сюды траплю? Тады гэта падавалася фантастыкай...

Мяне праслухоўвалі прыкладна тры месяцы. Папрасілі паказаць як мага больш дыяпазон свайго тэмбру голасу ў плане афарбовак, стылёвых кірункаў. І канешне ж, рэпертуар таксама важны. Я выконваў класічныя оперныя творы, раманс Рахманінава, аперэтачныя і джазавыя творы, а таксама сучасныя творы на патрыятычную тэматыку.

Але за два месяцы службы ў ансамблі рэпертуар папоўніўся каласальна. За кароткі тэрмін мне трэба было вывучыць вялікую праграму да 80-годдзя ансамбля і шмат прыгожых песень. За пару дзён я прачытаў больш за 30 харавых партытур, хоць да таго з імі не сутыкаўся. Ужо і саліраваў адзін з твораў — «Чырванасцяжная акруга Беларуская».

— Міхаіл, а дзе цяжэй спяваць — сола або ў хоры?

— Шчыра кажучы, не ведаю. Я ж калісьці вучыўся менавіта на харыста, а пасля перавучыўся на опернага спевака. І вось на шматлікіх конкурсах спяваеш у адзіночку, а пасля вяртаешся дадому, ідзеш у хор — і ўсё нармальна. Справа ў тым, што праца саліста — вельмі адказная, на цябе ўсе глядзяць. Слухач не прабачыць ніводны фальш, прапушчаны склад або не зусім зразумелую дыкцыю. А ў хоры вельмі важны «эфект пляча». Напрыклад, нельга разам з суседам узяць дыханне: гэта лічыцца непрафесіянальным. У кансерваторыі мы харавыя цяжкасці нават вывучалі асобным прадметам.

— Наколькі складаны графік вайсковага спевака?

— У ансамблі я знаходжуся з 8-й раніцы. За мной замацаваны два кабінеты. У харавым класе я пачынаю распявацца. Калі паступаюць указанні ад афіцэраў, я іх выконваю. А 9-й раніцы ў нас пачынаецца першая гадзіна заняткаў. Яны цягнуцца пяць гадзін. Пасля ў нас абед і самападрыхтоўка. Паколькі рэпертуар у хору і ў аркестра змяняецца пастаянна, то трэба валодаць моцным самакантролем. Але перш за ўсё мы — ваеннаслужачыя з усімі іх абавязкамі.

— А як пераадолець страх перад публікай?

— Боязі ў мяне не было з дзяцінства. У малым узросце ты не такі самакрытычны. І выходзячы выступаць на сцэне ў чатыры-пяць гадоў, лёгка забудзеш куплет або паўторыш яго двойчы. Але калі гледачы гэта заўважаць, то зробяць скідку на ўзрост, чаго не будзе з дарослымі. Вучыцеся на сваіх памылках — і ўсё атрымаецца! Адзін італьянскі майстар мне сказаў цудоўную рэч: калі мы не спяваем, мы спяваем. І наадварот. Гэта пра тое, што калі людзі кажуць, то яны спяваюць, каб данесці сваю думку да слухача.

А вось старшына Аляксандр Водчыц шэрагі ансамбля папоўніў больш за тры гады таму.

— Я сумяшчаю дзве пасады. У вайсковым складніку старшына — чалавек, які адказвае за салдат тэрміновай ваеннай службы, чысціню, парадак і дысцыпліну, ахайны знешні выгляд. А ў творчым складніку я — трубач. Прапанавалі праслухацца ў ансамблі, яшчэ калі я вучыўся ў каледжы. Трапіў сюды на тэрміновую ваенную службу, пасля перавёўся на кантракт. Пад маім кіраўніцтвам — пяць чалавек з новага прызыву і чатыры з ранейшых.

Займаюся музыкай гадоў з дзесяці. І калі шмат каго ў музычную школу адводзяць бацькі, то я пайшоў туды сам. У нас па суседстве грала фартэпіяна. І мне моцна спадабаліся гэтыя гукі. Два гады адвучыўся па класе фартэпіяна, а пасля пачуў гук трубы. І тут я зразумеў, што гэты інструмент — мой. Пяць гадоў я адвучыўся па класе трубы ў дзіцячай музычнай школе, пасля чатыры гады ў каледжы. І тры з паловай гады ўжо тут.

Труба займае галоўнае месца ў аркестры. Мы граем як сола, так і ў аркестры. Шмат кампазіцый выконваюцца ўжо на памяць, таму што многія моманты даводзяцца на рэпетыцыях да аўтаматызму. У нас у ансамблі толькі два трубачы. І гэта ўскладвае яшчэ большую адказнасць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: «Нас не зблытаеш нават у цывільным»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».