Вы тут

Новая пастаноўка ў Купалаўскім: здаецца, ці нешта ўпусціла?


Відаць, гэта было паспешна — успрыняць не найлепшы, затое наватарскі спектакль «Сон у Купальскую ноч», з якога так незвычайна пачаўся сезон, як пэўны маніфест пра змены і ломку традыцый. 15 студзеня ў Купалаўскім адбылася прэм'ера «Вешальнікаў», якая звярнулася да віднага сучаснага драматурга Марціна МакДонаха (яго імя гледачу знаёмае перш за ўсё па кінаэкране) і была пастаўлена маладым ды ўжо з пэўнымі дасягненнямі рэжысёрам Віталём Краўчанкам, што пару гадоў таму выпусціўся з майстэрні Мікалая Пінігіна ў Акадэміі мастацтваў. Тэма пастаноўкі, жанр чорнай камедыі ды «дарогу маладым» — выглядае дастаткова прагрэсіўна. Але толькі на першы погляд.


У выпадку з «Вешальнікамі» адразу чапляе не погляд маладога пастаноўшчыка і нават не п'еса рэжысёра, які зняў добра вядомыя фільмы «Залегчы на дно ў Бруге», «Сем псіхапатаў» і «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры». Галоўнае тут, здавалася б, — актуальная тэма, бо дзеянне камедыі адбываецца ў адным з гарадоў Англіі пасля адмены смяротнага пакарання, а галоўным героем з'яўляецца былы кат Гары Уэйд, які ў свой час больш за дзвесце разоў здзейсніў неабвержнае рашэнне суда.

Здавалася б, супер, вось у грамадскай дыскусіі аб мэтазгоднасці смяротнага пакарання з'яўляецца паўнавартаснае мастацкае выказванне. Але спектакль пры ўсёй актуальнасці і, можна сказаць, гарачыні тэмы не змог запаралеліць сюжэт з рэальнасцю, выказаць свае «за» ці «супраць», справакаваць гледача на далейшыя развагі ці што заўгодна яшчэ.

Проста Англія, проста пасля адмены смяротнага пакарання, проста павешанне на сцэне. Абраная Купалаўскім чорная камедыя быццам выпадкова адазвалася ў сучасным парадку дня, а рэха так і знікла.

Дапусцім, аўтары зацікавіліся гумарам Марціна МакДонаха і ў п'есе «Вешальнікі» ён падаўся ім найбольш удалым. Рэтра-Англія разаслалася па сцэне — рэтра-паб з рэтра-п'яніцамі ў рэтра-адзенні становіцца асноўным месцам дзеяння спектакля.

Установу ўтрымлівае некалі другі па крутасці кат, што прыцягвае пастаянных наведвальнікаў, журналістаў і мсціўцаў, а сам рэзка рэагуе на імя свайго канкурэнта Альберта П'ерпойнта, з якім гатовы спаборнічаць нават у колькасці павешаных асуджаных ці актуальнасці звання «вешальнік». Вось ён, той самы чорны гумар, праўда, у Купалаўскім зацёрты за фармалізмам пастаноўкі.

Падзеі закручваюцца ў жартаўліва-дэтэктыўную гісторыю з першапалосным інтэрв'ю, выкраданнем дачкі галоўнага героя, падазронымі асобамі, змовамі і рэальным павешаннем ужо ў «мірны час». Думаю, што самы цымус спектакля павінен быць у ганарлівай фразе Гары Уэйда, які хавае ад свайго канкурэнта П'ерпойнта ўжо мёртвага хлопца ў пятлі і ў той жа час выказвае гонар тым, што ён, у адрозненне ад некага, усё яшчэ вешальнік. МакДонах, дарэчы, для спектакля перакладзены цудоўна (Марыяй Пушкінай).

Але ж рэжысёрскае прачытанне і ўвасабленне цымусу падкрэсліць не здолела. Чорная камедыя паставілася прымітыўна: літаральная «чытка» тэксту з элементарнымі сімваламі накшталт дажджу за акном у напружаны момант, грому, што суправаджае з'яўленне пэўнага персанажа, ці клеткі, у якой у выніку аказваецца і сам Гары Уэйд. Такія эфекты маглі б выглядаць іранічна, калі б іх атачаў даступна абыграны гумар п'есы.

Але ж сноўданне з пункта А ў пункт В, п'янае хістанне, жартаўлівыя выкрыкі — вось і ўся пастаноўка, паспрабуйце даседзець да канца. Інтрыга, камедыйнасць, павешанне не ўражваюць, бо іх засланяюць «манатонныя» тэксты, тэксты і зноў тэксты.

Адпаведна і ігра акцёраў выглядае вельмі ўжо інструктыўнай. Праз гэта і словы часам гучаць найграна, позірк углыб залы становіцца занадта карцінным, а за прагаворваннем дыялогаў губляецца дзеянне.

У выніку ўсе прэтэнзіі да сучаснасці — праз намінальную прывязку да актуальнасцяў дня, п'есу папулярнага кінарэжысёра і малады подых учарашніх студэнтаў, — калі яны і былі, аказаліся фікцыяй. Такое ўвасабленне п'есы Марціна МакДонаха стала больш звычайнай працай, чым сучасны тэатр — асабліва адзін з найцікавейшых у краіне — можа сабе дазволіць. Надзея на наватарства і на ўдзел у дыскусіі пра смяротнае пакаранне абрынулася пад грымоты.

«Вешальнікі» і праўда крыўдна ўпусцілі магчымасці п'есы, таму мусяць стаць важнай калі не падзеяй для гледача, то прыступкай для Віталя Краўчанкі, які не-не ды і выдасць нешта, дзе з кожнай дэталі тэксту і з кожнага кутка сцэны возьме ўсё, што ад іх можна ўзяць.

Між іншым, яго пастаноўка «Метад» у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію як найлепшы драматычны спектакль малой формы. Не гэтым разам — дык чакаем новых тэатральных «слоў».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Пакараць нельга памілаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.