Вы тут

Падлічыць леташнія даходы трэба будзе на месяц пазней звычайнага


Сёлета дэкларацыю аб даходах за мінулы год трэба падаць у тэрмін не пазней за 1 красавіка. Хто абавязаны наведаць падатковую інспекцыю? «Звязда» сумесна са спецыялістамі Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) Беларусі падрыхтавала падрабязны тлумачальнік.


Аўтобус ці другі «легкавік»

Дэкларацыя можа быць прадстаўлена ў пісьмовай форме ў падатковы орган незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік або ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка.

Да другога месяца вясны абавязкова падаць дэкларацыю павінны тыя, хто за мінулы год прадаў больш за адзін аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога складае да 3500 кілаграмаў і колькасць сядзячых месцаў у ім, акрамя сядзення кіроўцы, — да васьмі. Абавязак на дэклараванне пачынаецца пасля продажу аднаго грузавога аўтамабіля або аўтобуса, калі ў першага агульная маса перавышае 3500 кілаграмаў, а ў другога колькасць месцаў перавышае восем. Тут спецыялісты МПЗ удакладнілі, што, калі машына, якую вы прадалі, дасталася вам у спадчыну, падатак плаціць не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года.

Лічым кватэры за пяць гадоў

Запаўняць дэкларацыю па выніках года павінны і тыя, хто на працягу пяці апошніх гадоў прадаў іншым фізічным асобам другую кватэру ці другі жылы дом, больш як адзін садовы домік, больш чым адзін гараж (зямельны ўчастак, машына-месца), якія належаць чалавеку на праве ўласнасці.

Але пры продажы на працягу 2013 — 2018 гадоў аднаго наймення аб'екта нерухомасці (напрыклад, у 2015-м — кватэры, а ў 2018-м — жылога дома) фізічнай асобе не трэба падаваць дэкларацыю (разлік), бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

У адносінах да аб'ектаў камерцыйнай нерухомасці колькаснай падатковай ільготы не існуе. Калі ўласнік прадаў нават адно гандлёвае, офіснае ці адміністрацыйнае памяшканне, ён абавязаны запоўніць дэкларацыю.

Ёсць выключэнне з правілаў. Прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць машын, дамоў, дач або зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Заробкі з-за мяжы

Эксперты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя даходы, што былі атрыманы за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны.

Гэта могуць быць грошы ад працы па найме (кантракце), ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і іншае.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых там (за выключэннем даходаў, атрыманых з афшорных зон), залічваюцца пры вызначэнні сумы падаходнага падатку, які трэба заплаціць у Беларусі. Тут існуе адзін нюанс. Такі залік ажыццяўляецца работніку пры ўмове, што ён падасць дакумент аб атрыманым даходзе і ўтрыманым падатку, пацверджаны падатковым ці іншым кампетэнтным органам замежнай краіны.

Такое пацвярджэнне даецца фізічнай асобай альбо ў момант падачы падатковай дэкларацыі, альбо на працягу аднаго года з дня падачы заявы аб правядзенні заліку падатку, які быў аплачаны ў бюджэт замежнай дзяржавы.

Лічым падарункі

Падлічваць за год трэба і тыя прыбыткі, якія былі атрыманы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе. Тут без варыянтаў. Іншая справа — падарункі.

Калі чалавек летась атрымліваў даходы ў выглядзе дарэння ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у памеры больш за 6116 рублёў ад усіх крыніц на працягу года, тады без дэкларацыі яму не абысціся. Падаткаабкладанню падлягае сума менавіта такога перавышэння. Пры гэтым падлічваецца кошт не толькі грашовых падарункаў, але і падараванай маёмасці, уключаючы нерухомасць.

Выключэнне складаюць падарункі сваякоў. Яны вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру атрыманага ў выніку дарэння даходу.

Асобамі, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, лічацца бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, прадзед, прабабуля, праўнукі, муж і жонка. У адносінах сваяцтва будуць блізкія сваякі мужа ці жонкі, уключаючы памерлых.

Даход ад арэнды жылля

Гэта датычыцца тых кліентаў інспекцый, хто ў мінулым годзе здаваў сваю ўласную кватэру на працяглы тэрмін і плаціў фіксаваны падатак. Цяпер яны павінны падлічыць даход ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў за ўсе 12 месяцаў. Калі ён дасягнуў агульнай сумы 6116 рублёў і больш, тады трэба наведаць падатковую інспекцыю. Такія даходы абкладаюцца падаходным падаткам па стаўцы 13 працэнтаў. Пры гэтым сумы падаходнага падатку ў фіксаваных сумах, выплачаныя за 2018 год, падлягаюць заліку пры вылічэнні падатку па стаўцы 13 працэнтаў.

Пры спыненні будаўніцтва і пагашэнні жыллёвых аблігацый

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацый забудоўшчыкаў.

Спецыялісты адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, абкладаюцца падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней была дадзена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, якія былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры пагашэнні (датэрміновым пагашэнні) жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя падаецца ў тым выпадку, калі па ўнесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў праведзены маёмасны падатковы вылік.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў у мінулым годзе такія грашовыя сродкі, абавязаны заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была выдзелена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Час падаваць дэкларацыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?