Вы тут

Халодныя пацалункі зімы


Гэта зіма радуе нас ужо тым, што прыходзяць калючыя маразы, ідзе сыпучы, мяккі снег. Зіма не толькі на календары, яна сапраўдная... На жаль, так адбываецца далёка не кожны год. Часцей замест гурбаў белага снегу ды пушыстых сняжынак мы бачым слоту пад нагамі ды дробны дожджык. Чалавек у такіх кліматычных метамарфозах іграе не апошнюю ролю, таму разам са шчаслівымі пачуццямі асалоды холаду і сузірання прыгажосці зімовага пейзажу прыходзіць адчуванне ўласнай віны... за тое, што маразы не такія, якімі былі ў дзяцінстве, снегу (нягледзячы на ўсе снежныя катаклізмы свету!) мала, як і лёду на рэчцы. Так ці інакш, кожны чалавек разважае над гэтымі пытаннямі, імкнецца адказаць на іх, а мы ў гэтым дапамагаем.

Фота Васіля Зянько.

Студзеньскі нумар мы пачнем з добрых навін: Еўрасаюз уводзіць забарону на пластыкавыя трубачкі, посуд і ватныя палачкі; у Грузіі, як і ў шэрагу іншых краін, больш не прадаюць тонкія поліэтыленавыя пакеты, а па ўсім свеце становяцца папулярнымі крамы без упакоўкі. У Беларусі ад поліэтылену пакуль не адмаўляюцца, аднак кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці працаваць у гэтым напрамку. Экалагічная тэма ўсё больш абмяркоўваецца ў грамадстве. Але наколькі беларусы гатовыя да экалагічна дружалюбнага ладу жыцця? Аб гэтым (галоўная тэма першага выпуску года) матэрыял Кацярыны Цітовай “Час авосек і малака ў шкле”.

Нашы чытачы ведаюць, што ў лістападзе мінулага года быў прыняты закон “Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі”, але дакумент уступіць ў сілу толькі 18 лістапада гэтага года. Сяргей Куркач задаецца пытаннямі, што зменіцца да таго часу і што робіцца ўжо зараз? (“Клубніцы без нітратаў і агуркі без пестыцыдаў”).

Тэма вытворчасці арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі працягваецца ў матэрыяле “Арганіка: у пошуках прыярытэтаў” (Вольга Пралюк). Мы гаворым аб тым, што і грамадскасць, і кіраўніцтва Беларусі вельмі зацікаўлены ў развіцці гэтага накірунку, бо арганічныя прадукты — гэта не толькі залог здароўя нацыі, але і перспектыўны сегмент эканомікі.

Хвалюючую тэму ўзнаўляльнай энергетыкі падымае Аксана Яноўская. Недарагая і чыстая энергетыка - гэта не толькі адна з Мэтаў устойлівага развіцця, гэта і зручнасць для людзей, і рацыянальнасць для эканомікі (“Чыстая і бясплатная энергія”).

У гэтым годзе мы працягваем знаёміць нашых чытачоў са спецыялістамі сістэмы Мінпрыроды, чые імёны занесены на ведамасную Дошку Гонару. Праца інжынера 1-й катэгорыі аддзела Дзяржаўнага геалагічнага фонду Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр” Тамары Кулеш не мае нічога агульнага з рамантыкай экспедыцый. Аксана Яноўская ў рубрыцы “На варце прыроды” расказвае, што без базы даных Фонду, у фарміраванні і абслугоўванні якой удзельнічае Тамара Анатольеўна, геолагам “ў полі” давялося б значна цяжэй.

Працягваем расказваць і пра іншаземных прыродных шкоднікаў ў рубрыцы “Чорная кніга”. Інвазіўны від смаўжоў (“Чужародны смоўж з Каўказа”) шкодзіць не толькі раслінам і агародніне, што мы вырошчваем на сваіх прысядзібных участках, але і аказвае сур'ёзны ўплыў на папуляцыі смаўжоў, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны,  расказваюць Кацярына Грышчук, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ і Алег Сінчук, кіраўнік СНДЛ "Структура і дынаміка біяразнастайнасці”, старшы выкладчык кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ. Акрамя таго гэты інвазіўны від у 2018 годзе быў упершыню адзначаны на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

У многіх жывых арганізмаў зімой надыходзіць перыяд спакою: яны менш ядуць, запавольваюць жыццядзейнасць і ўпадаюць у своеасаблівую спячку. Так паводзяць сябе і прадстаўнікі большасці відаў рыб. Але часам іх спакой парушаецца па віне прыроды або чалавека, і тады на рэках і азёрах ўзнікаюць заморы. Вераніка Коласава падымае вострую тэму ў сваім матэрыяле “Рыба гіне?”.

Усё больш людзей, неабыякавых да жывёл, занепакоеныя лёсам буслоў, якія не ляцяць на зіму ў Афрыку. Спецыялісты з Польскага таварыства аховы птушак (Polskie Towarzystwo Ochrony Ptakow – PTOP) вырашылі растлумачыць шэраг звязаных з гэтым абставінаў і развеяць некаторыя міфы. Матэрыял (“Чаму буслы не адлятаюць на поўдзень?”) пераклала Ірына Самусенка, загадчык лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук.

Новая рубрыка “Кніжная палічка” знаёміць чытачоў часопіса з кнігамі Аляксандра Курскова “Таямніцы беларускага лесу” і “Вершаваная энцыклапедыя жывёльнага свету” аўтара і ўкладальніка Аксаны Спрынчан.

Часопіс у часопісе “Юны натураліст” не застаўся без станоўчых змен – рубрыка “Разам з дзецьмі” запрашае школьнікаў (паэтаў і празаікаў), зацікаўленых і натхнёных тэмай прыроды. Лепшыя творы будуць апублікаваны і аздоблены малюнкамі Яніны Ваховіч.

Заставайцеся з намі, вас чакае шмат цікавага!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.