Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра абноўлены рэйтынг WTА, развязку чэмпіянату свету па гандболе і іншых прыкметных падзеях у свеце спорту.


1. Эльвіра Герман заваявала сярэбраную ўзнагароду на турніры РSD Bаnk Іndооr Mееtіng у Дортмундзе (Германія). У фінальным забегу на 60 метраў з бар'ерамі апярэдзіць беларуску змагла толькі Памэла Дуткевіч з Германіі. Адзначым, што паказаны вынік Эльвіры Герман (8,00 сек.) — асабісты рэкорд беларускі на 60 метраў з бар'ерамі. «Задаволена, як цяпер атрымліваецца старт. Над гэтым кампанентам доўга працавалі з трэнерамі, хацелі дамагчыся выразнага выхаду з калодак, зараз гэта асноўная задача. Паказаць хуткія секунды дапамаглі і саперніцы, побач з якімі неабходна бегчы хутчэй», — адзначыла Эльвіра Герман.

У Дортмундзе выступілі яшчэ два беларускія атлеты. Бар'ерыст Віталь Парахонька заняў першае месца з вынікам 7,68 сек. Анастасія Мірончык-Іванова ў скачках у даўжыню ў першай жа спробе паказала вынік 6 метраў 60 сантыметраў і размясцілася не першым радку выніковага пратакола.

Нагадаем, вядучыя лёгкаатлеты плануюць выступіць на чэмпіянаце Беларусі ў закрытых памяшканнях, які пройдзе з 29 да 30 студзеня ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец».


2. Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўзнялася на 10-е месца ў рэйтынгу WTА, а японская тэнісістка Наомі Осака ўпершыню стала першай ракеткай планеты. Да гэтага прадстаўнікі Японіі ніколі не ўзначальвалі сусветны рэйтынг ні ў мужчын, ні ў жанчын. Нагадаем, на мінулым тыдні 21-гадовая Наомі стала пераможцай першага ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» — адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 33-м месцы, Вікторыя Азаранка — на 51-й пазіцыі, Вера Лапко займае 63-е месца.


3. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» саступілі лідару Адзінай лігі ВТБ маскоўскаму ЦСКА 101:61. Самым выніковым у складзе чэмпіёнаў Беларусі стаў Віталь Лютыч, які набраў 19 ачкоў. Для ЦСКА гэта 14-я вікторыя ў 15 матчах.

У гэтым сезоне мінскія «драконы» перамаглі ўсяго двойчы ў 14 праведзеных сустрэчах, і займаюць апошняе, 14-е месца ў турнірнай табліцы. Два наступныя матчы «банкаўскага» турніру падапечныя Расціслава Вергуна таксама правядуць у Мінску. 2 лютага адбудзецца гульня з казанскім УНІКСАМ, 10 лютага — паядынак з «Зенітам» з Санкт-Пецярбурга.


4. Біятланістка Лаура Дальмаер перамагла ў гонцы з масавым стартам на этапе Кубка свету ў Антхольцы (Італія). Беларуска Ірына Крыўко ў сярэдзіне гонкі займала высокае другое месца, але на чацвёртым агнявым рубяжы дапусціла промах, які не дазволіў ёй узысці на п'едэстал. І ў выніку заняла толькі сёмае месца.


5. Гандбалісты зборнай Даніі ўпершыню ў гісторыі сталі чэмпіёнамі свету. У вырашальным паядынку за залатыя медалі ў дацкім Хернінгу гаспадары сусветнага першынства ўпэўнена перайгралі сапернікаў з Нарвегіі — 31:22. Лідар зборнай Даніі Мікель Хансен прызнаны самым каштоўным гульцом 26-га сусветнага першынства. Ён жа стаў найлепшым бамбардзірам турніру, закінуўшы 72 мячы ў 10 матчах.

«Бронзу» заваявалі гандбалісты Францыі, якія перамаглі ў матчы за 3-е месца зборную Германіі — 26:25.

Наступны мужчынскі планетарны гандбольны форум адбудзецца ў 2021 годзе ў Егіпце. У ім упершыню возьмуць удзел 32 каманды, а не 24, як было раней.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Беларуска — у дзясятцы наймацнейшых

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.