Вы тут

Як ажываюць палотны Міколы Рыжага


«Мы будзем размаўляць галасамі сваіх дзяцей» — такімі словамі скончылася інтэрв'ю з барысаўчанінам Міколам Рыжым, сынам вядомага мясцовага мастака, таксама Міколы Рыжага. Міколу старэйшага ўсе вельмі любілі ў горадзе і дагэтуль моцна цэняць. Цікава, што на работах бацькі так шмат выяў малога сына — ён разам з маці ў вёсцы на сенажаці, ён у атачэнні малюнкаў гістарычных асоб, ён дома ў майстэрні бацькі, дзе, аказваецца, трэба зрабіць выбар... Для сына бацька — узор паводзінаў і таго, да чаго варта імкнуцца ў жыцці. А для бацькі сын — не толькі крыніца любові, ён і вобраз мастацтва, які цяпер будзе прамаўляць да нас бясконца.

Глядзіш на карціны Рыжага... Дакладна прапісаныя, насычаныя партрэты. Але яшчэ больш уражваюць нацюрморты, зробленыя ў жанры гіперрэалізму, — слівы, яблыкі, грыбы, намаляваныя на іх, «як жывыя». Так і хочацца прыдбаць такое палатно, каб пасяліць гэтае садова-лясное царства ў сябе дома. Найбольш уражваюць дзве няскончаныя работы Рыжага — «Без назвы». Зробленыя ў даволі спакойнай, пясочнай каларыстыцы, яны аднак вабяць сваім фантастычным спалучэннем. На іх мы бачым сялян, якія зграбаюць сена, а ў цэнтры, замест стагоў — збаночкі з кветкамі — і ўсё глядзіцца вельмі арганічна. Цікава, што з работ, выкананых у такім брэйгелеўскім стылі, Рыжы пачынаў у свае маладыя гады. Праўда, у сілу розных абставін, пераходзіў на крыху іншую мастакоўскую сцяжыну. Аднак сапраўдным мастаком не пераставаў быць ні на хвіліну свайго жыцця, пра што мы пагутарылі з яго сынам:


— Мікола, нядаўна ў барысаўскай бібліятэцы экспанавалася выстаўка работ вашага бацькі. Вы з сям'ёй адчулі патрэбу сабраць разам некаторыя яго работы і прадставіць публіцы?

— Арганізаваць выстаўку было ідэяй майго бацькі — планаваў зрабіць яе да свайго 65-годдзя. Падрыхтоўка адбывалася ў апошні год жыцця, ён не сумаваў... Аднак пазней усё арганізавала маці. Большасць выстаўленых карцін — з іх з бацькам дома. Шмат работ на выстаўку прадставілі арганізацыі або людзі, партрэты якіх ён пісаў, — літаральна знялі са сцен сваіх кватэр. А ў мяне асабіста дома вісіць вялікая гравюра з выявай Скарыны, — гэта быў бацькаў любімы дзеяч, якім ён вельмі захапляўся. У яго шмат работ, прысвечаных Скарыну.

— Як думаеце, чаму Мікола Рыжы настолькі захапляўся гістарычнай тэмай?

— Бо ён беларус — гэта нармальная практыка для чалавека, які жыве ў сваёй краіне. Цікавіцца сваімі каранямі, ведаць, хто ты і што, хто тыя людзі, якіх варта ставіць у прыклад іншым. Трэба разумець, што мой бацька агулам не проста захапляўся культурай, ён любіў месца, у якім жыў. І вельмі шмат часу і энергіі накіроўваў на тое, каб у нашым двары было ўсё добра. З дзяцінства, як мы пераехалі ў новы дом, які стаяў на пустцы, мы з бацькам кожны год увесну і ўвосень аддавалі шмат сіл, каб гэты невялічкі кавалак зямлі стаў зялёны, — сеялі траву, гарадзілі невялічкія плоцікі, каб яе не вытапталі, садзілі кусцікі і дрэвы. Дрэвы часта гінулі — то ламаў хтосьці, то акурат там трэба было камунікацыю правесці, таму іх выкарчоўвалі — аднак мы саджалі зноў і зноў, урэшце многія прыжыліся, і застаўся такі добры ўспамін для жыхароў горада.

— А вы самі любіце Барысаў гэтаксама моцна, як бацька?

— Так, я люблю гэты горад. Я амаль дзесяць гадоў жыў у іншых мясцінах, аднак потым вярнуўся сюды, адкрыў рэстарацыю — у першую чаргу для мясцовых жыхароў. І людзі сапраўды пачалі аб'ядноўвацца. Ёсць прыклады, калі месцічы пазнаёміліся тут і потым пажаніліся. Мы робім мерапрыемствы, якія павінны з'ядноўваць жыхароў у пэўныя сацыяльныя групы. Штотыдзень па серадах ладзяцца курсы «Мова нанова», канцэрты арганізоўваюцца, праводзіцца гульня «Мазгабойня».

— Давайце вернемся да мастацтва вашага таты. Ён пісаў і гістарычныя сюжэты, і нацюрморты, і партрэты, і пейзажы. Ці не было гэта пэўным раз'яднаннем яго душы, унутранай канкурэнцыяй кірункаў дзейнасці?

— Каб напісаць краявід, патрэбна было натхненне, як і для нацюрморта. А партрэты бацька маляваў усё жыццё, гэта было работай. Жывапісныя партрэты — толькі іх частка. Ён намаляваў больш за 100 графічных партрэтаў гістарычных асоб, — яны зроблены і ўвасоблены ў розных стылях, ад штэмпеляў і марак да паштовак. Ён шчыльна супрацоўнічаў з Белпоштай, там захоўваюцца яго архівы. Шмат працаваў у жанры станковай графікі, афармляў мноства кніг, падручнікаў, дзе таксама трэба было маляваць партрэты, у тым ліку гістарычных асоб. У яго шмат экслібрысаў — і на іх таксама выяўлены ў асноўным людзі, у шаржавым ці звычайным партрэтным стылі. Калі браць жывапіс, то ён ад пачатку імкнуўся спрабаваць новае. І найперш гэта нацюрморты. Яны былі арыгінальныя, ён складаў адметную кампазіцыю. Заўсёды сэрца імкнулася да роднай зямлі, таму можна пабачыць на іх сухія галінкі раслін, грыбы, яблыкі. З нацюрмортамі яму хацелася эксперыментаваць, вынаходзіць новае, дадаваць пэўныя футурыстычныя рэчы, напрыклад, змяшаць краявід і нацюрморт.

— Ёсць дзве работы, якія падпісаны «Без назвы», дзе акурат змяшаныя краявід і нацюрморт. Раскажыце штосьці пра серыю.

— Гэта няскончаныя работы, яны рабіліся ў апошні год перад смерцю. Насамрэч калісьці ён пачынаў менавіта з такіх работ. Першыя шэсць яго карцін, перададзеныя калісьці ў Галандыю, былі зроблены ў такім стылі. Потым ён шкадаваў, што развітаўся з імі, болей не хацеў ставіць такіх эксперыментаў. Але напрыканцы жыцця яшчэ некалькі разоў паспрабаваў зрабіць гэта. Мой бацька быў вельмі даверлівым, таму тыя першыя работы, якія трапілі ў Галандыю, можна сказаць, былі скрадзены. Ён не атрымаў за іх грошы. А цяпер пра лёс тых работ нічога не вядома. На іх былі намаляваны краявіды, у якіх — шмат насякомых, матылькоў, конікаў, выпісаных дасканала. Бацька іх лавіў, а потым засушваў і з натуры маляваў вельмі скрупулёзна, карпатліва. На яго карцінах хтосьці лятае, хтосьці сядзіць, хтосьці яшчэ нешта робіць. Бацька стараўся напісаць іх у натуральную велічыню, каб яны выглядалі так, нібы мы іх сапраўды бачым. Работы былі дастаткова вялікія, таму часам здавалася, што матылёк проста сеў на карціну, а не намаляваны, — бацька рабіў так спецыяльна. Ён быў графікам, таму перадаць натуралізм было для яго надзвычай важна, асабліва ў першых работах. Патрэбна было, каб усё выглядала як жывое — так і здавалася.

— Тое, што ён перастаў эсперыментаваць, звязана з сумнай гісторыяй з выкраданнем карцін?

— Гэта была вельмі карпатлівая праца, такія карціны вымагалі шмат часу. Каб напісаць адну, у яго сыходзіла больш за месяц, два. А есці ж хацелася, грошы былі патрэбныя. Таму ён на пэўны час выбраў больш просты стыль, каб стварэнне карціны займала не так шмат часу і каб яна менш грошай каштавала, каб прадавалася прасцей. Ён быў не знакамітым жывапісцам, бо пачаў займацца жывапісам пазней за сваіх аднакашнікаў. Таму калі адчуў сябе ўпэўнена ў гэтым стылі, яго сябры ўжо былі знакамітыя, маглі прадаваць свае работы за немалыя грошы. А калі ён прадаваў свае карціны, усе пыталіся: «Хто гэта такі? Шкарубу мы ведаем. Ксяндзова мы ведаем. А хто такі Мікола Рыжы, мы не ведаем». Таму тата не мог ставіць вялікія цэны на свае работы. Таму і выбіраў маляванне больш простых карцін — краявіда, нацюрморта, — каб яны хутчэй прадаліся. Часам ён пісаў дублікаты — калі маці вельмі падабалася пэўная карціна, яна забірала яе дадому, каб павесіць на сцяну, а тата пісаў другі варыянт.

Маці вельмі падтрымлівала бацьку. А ён сам выбраў шлях мастака з дзяцінства — і ні кроку ўбок. Толькі наперад, толькі ствараць карціны. Мастацтва праходзіла праз усё, што ён рабіў у жыцці. У нашай хаце, якую я жартам называю музеем, уся мэбля выраблена ім з дрэва. Былі чатыры браты Рыжыя, усе з залатымі рукамі — двое добра малявалі і двое выдатна працавалі з дрэвам. Мабыць, апошняе перадалося ад дзеда. Скампанаваць, выразаць, выпіліць лобзікам — і каб усё было прыгожа. Ва ўсіх іх дома шмат такой драўлянай прыгажосці.

— На карціне «Міколка» намаляваны вы ў дзяцінстве на фоне розных гістарычных асоб і прадметаў. Бацька мэтанакіравана выхоўваў у вас любоў да Радзімы?

— Не, асаблівым чынам ён мяне не выхоўваў. Але калі ўлічыць, што чалавек заўсёды бярэ прыклады з жыцця, з соцыуму, у якім ён знаходзіцца, то ў маім соцыуме заўсёды быў толькі адзін чалавек, якім я захапляўся і ганарыўся, — гэта мой бацька, — таму я браў прыклад з яго. Але не было такога, каб ён садзіўся і нешта наўмысна мне расказваў. У нас дома гіганцкая бібліятэка, — часам я чытаў тое ж, што і ён. І мяне заўсёды цікавілі яго заняткі і захапленні, я заўсёды ім ганарыўся і хацеў быць да яго падобным. З ім я размаўляў на беларускай мове. Можа, адзіны выхаваўчы момант — тое, што ён аддаў мяне ў беларускамоўную гімназію. На час стварэння партрэта «Міколка» бацька ўжо доўга і карпатліва працаваў над афармленнем кнігі Уладзіміра Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі», за якую пазней атрымаў Гран-пры на конкурсе беларускай кнігі за ілюстрацыі. А на партрэце на фоне акурат змешчаны схематычныя малюнкі з гэтай кнігі.

— Ёсць яшчэ адна карціна, дзе вы намаляваны, і побач у даволі ўльтыматыўнай форме напісана «Зрабі свой выбар»...

— Партрэт быў зроблены для нашага дома, ён сведчыць, што бацьку не падабалася, што я вырашыў не быць мастаком. А бацька вельмі гэтага хацеў, таму мы сварыліся. У мяне быў свой стыль, я па-свойму ўсё ўспрымаў, а бацька казаў глядзець, як робіць ён, і рабіць тое ж самае. Я ж не хацеў паўтарацца — калі і быць мастаком, то іншым. Калі мне споўнілася 16—17, я вырашыў, што мастаком не буду. Бо ўсё жыццё пражыць, спрачаючыся з бацькам, не хацеў.

— Дзе бацька браў інфармацыю для сваіх гістарычных работ?

— У нас дома вельмі вялікая бібліятэка, у ёй шмат гістарычнага матэрыялу. Бацька шмат ездзіў па архівах, шукаў фотаздымкі, каб людзі на партрэтах атрымаліся падобнымі. Калі маляваў выявы Купалы і Коласа для Белпошты, вырашыў, што на заднім фоне намалюе хацінкі, у якіх яны жылі, — для гэтага спецыяльна ездзіў туды, рабіў фотаздымкі, з якіх маляваў, а таксама звяраў са старымі фотаздымкамі. Калі казаць пра гісторыю, то ён вельмі шкадаваў, калі ў нас у Барысаве разбураліся культурныя помнікі. З яго майстэрні, у старым гістарычным будынку, хацелі зрэзаць балконы — ён настаяў, каб яны захаваліся. Цяпер ім больш за 100 гадоў, іх гістарычная каштоўнасць відавочная.

— Ці адчуваеце вы сябе прадаўжальнікам бацькавых традыцый?

— Так, натуральна. Як кажуць, мы будзем размаўляць галасамі сваіх дзяцей. Я чалавек, які вельмі шмат узяў ад свайго бацькі. Гэта мой найлепшы настаўнік у жыцці. Я заўсёды паважаў і браў з яго прыклад. Паводзіны, прынцыповыя адносіны да сацыяльных рэчаў і да гісторыі, — гэта ўсё мне перадалося.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

г. Барысаў

Загаловак у газеце: Зялёная зямля

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

У заключным матчы ЧЕ па гандболе зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Аўстрыі — 36:36

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«Звязда» неяк правільна пісала, што ёсць такое месца, дзе чалавеку добра аднаму. Гэта — прыбіральня.

Грамадства

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам?