Вы тут

«Здаровы воўк звычайна не нападае на людзей»


На Стаўбцоўшчыне хворы на шаленства воўк напаў на людзей. Пацярпелі чатыры чалавекі.


Першыя звесткі аб нападзе дзікага звера, верагодна ваўка, паступілі ў міліцыю 26 студзеня ў 22.55. Як расказаў “Звяздзе” намеснік начальніка Стаўбцоўскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, маёр міліцыі Уладзімір Кудрэвіч, у вёсцы Слабада, што знаходзіцца недалёка ад Стоўбцаў, драпежнік параніў мужчыну, а затым яго аднасяльчанку. Дзякуючы мясцовым жыхарам, ваўка атрымалася адагнаць віламі. Каб разабрацца ў сітуацыі, на месца выехаў нарад міліцыі.

Але на гэтым падарожжа драпежніка не скончылася. Праз некаторы час зноў паступіла інфармацыя: каля прыпынку “Акінчыцы” воўк напаў на маладую пару, а затым рушыў у напрамку Стоўбцаў. У райцэнтры агрэсіўнага драпежніка, які кідаўся на аўтамабіль, заўважыў мясцовы жыхар і паведаміў пра гэта ў міліцыю. Для яго абясшкоджвання на вуліцу 17-га верасня выехаў нарад Дэпартамента аховы і два экіпажы ДАІ.

Ваўка заўважылі на ўскраіне горада. Міліцыянеры некалькі разоў стрэлілі па ім, але толькі паранілі. Звер выбег на поле, а потым схаваўся ў лясным масіве непадалёку. Там міліцэйскія нарады заблакавалі яго, а потым з дапамогай паляўнічага з цеплавізарам ён быў забіты. Пагоня за драпежнікам працягвалася да чатырох гадзін раніцы.

Пацярпелыя – дзве жанчыны і два мужчыны – былі накіраваныя ў Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу. Высветлілася, што на іх напала ваўчыца, якой каля трох гадоў. Спецыялісты Стаўбцоўскай раённай ветэрынарнай станцыі правялі аналізы і высветлілі, што драпежніца была хворая на шаленства. Дыягназ пацвердзілі і ў Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі.

Вядучы ветэрынарны ўрач Стаўбцоўскай раённай ветэрынарнай станцыі Марыя Каспяровіч расказала, што выпадкі шаленства сярод ваўкоў у рэгіёне не рэгістраваліся ўжо каля дваццаці гадоў:

– Каб прадухіліць магчымае захворванне людзей і хатніх жывёл, на два населеных пункты – Слабаду і Стаўбцы – накладзены двухмесячны каранцін. Праводзіцца падваровы абыход і растлумачальная работа з насельніцтвам, выяўляюцца і адлоўліваюцца падазроныя і бадзяжныя жывёлы. На ўсіх актыўна наведваемых жыхарамі месцах размешчаны памяткі пра небяспеку, якую нясе шаленства, і правілы паводзін у такіх сітуацыях.

Акрамя таго, спецыялісты заклікаюць жыхароў райцэнтра і Слабады вакцынаваць сваіх катоў і сабак. Каб людзі змаглі хутка гэта зрабіць, быў нават падоўжаны час працы гарадской ветклінікі.

Як адзначыў навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Велігураў, здаровы воўк звычайна не нападае на людзей. Выключэнне могуць складаць сітуацыі, калі звер ахоўвае вывадак. Але пры гэтым ён баіцца чалавека і не заходзіць у населеныя пункты. Пры захворванні ж на шаленства гэта боязь знікае. Таму калі воўк усё ж напаў – значыць, з вялікай доляй верагоднасці, ён хворы.

Напасці на чалавека могуць таксама і гібрыды ваўка і сабакі – так званыя ваўкасобы – але звычайна яны так агрэсіўна сябе не паводзяць.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Звер у горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».