Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў прэзентавалі змяненні ў Закон «Аб ахове працы»


Згодна са статыстыкай цягам апошніх гадоў колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці зніжаецца. Тым не менш, па аператыўных даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, у 2018 годзе ў краіне на вытворчасці загінула 149 работнікаў, з якіх 24 чалавекі ў момант атрымання траўмы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Гэта сведчыць пра тое, што тэма аховы працы застаецца актуальнай. Да таго ж апошняя карэкціроўка адпаведнага закона праводзілася шэсць гадоў таму. Цяпер прапануецца змяніць 34 артыкулы з 44. Законапраект паступіў у ніжнюю палату парламента напрыканцы мінулага года.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

«Змяненні не носяць канцэптуальнага характару, у большасці яны карэктуюць паняційны апарат, дадаюць шэраг новых паняццяў, — пракаментавала дакумент намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях і кіраўнік рабочай групы па разглядзе згаданага законапраекта Людміла КАНАНОВІЧ. — Пры гэтым тры новыя артыкулы вельмі важныя. Адзін з іх датычыцца дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы. Ён рэгламентуе новы падыход: не столькі праверка, колькі вызначэнне адпаведнасці ўмоў працы, якую адносяць да небяспечнай. Яшчэ два вельмі важныя артыкулы датычацца аховы працы работнікаў, якія працуюць дома. Гэта абумоўлена змяненнямі ў Працоўным кодэксе, дзе дадаецца новы раздзел, які будзе рэгламентаваць працу тых, хто выконвае работу дыстанцыйна».

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар СТАРАВОЙТАЎ растлумачыў парламентарыям, што да неабходнасці ўносіць пэўныя змяненні ў закон падштурхнулі два асноўныя дакументы: Указ 2015 года, якім унесены змяненні ў Дырэктыву № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і кардынальныя змяненні ў 2017 годзе Указа № 510, які датычыцца кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

«У новай рэдакцыі Дырэктыва № 1 у значнай ступені павышае адказнасць службовых асоб, непасрэдна наймальнікаў за гарантаванне бяспекі сваіх работнікаў», — сказаў Ігар Старавойтаў.

Акцэнт нагляднай дзейнасці, згодна з законапраектам, змяшчаецца ў бок прафілактыкі. Кантроль за стварэннем бяспечных умоў працы ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі. Распрацоўшчыкі законапраекта разлічваюць на тое, што і наймальнік, і самі работнікі павінны несці адказнасць на сваім прадпрыемстве за стварэнне такіх умоў і за выкананне неабходных патрабаванняў супрацоўнікамі.

Адна з прапанаваных нормаў дае права Міністэрству аховы здароўя і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны насельніцтва распрацоўваць тыпавы пералік работ і прафесій, якія будуць адносіцца да небяспечных. Тыпавы пералік не з'яўляецца вычарпальным, і наймальнікі змогуць уносіць у яго змены з улікам спецыфікі работы свайго прадпрыемства.

«Законапраект выключае з абавязкаў наймальніка правядзенне пашпартызацыі санітарна-тэхнічнага стану ўмоў працы, але дадае шэраг новых функцый, — расказаў начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван КАРЧЭЎСКІ. — У прыватнасці, дадае ў яго абавязкі прадастаўленне па запыце ўпаўнаважаных кантрольных і наглядных органаў неабходнай інфармацыі, якая датычыцца захавання заканадаўства па ахове працы». Цяпер такую інфармацыю наймальнік абавязаны даваць па запыце суда.

Аўтары законапраекта прапісалі норму, якая дзейнічае, але не заўсёды выконваецца: правядзенне папярэдніх медыцынскіх аглядаў выключна за кошт сродкаў наймальніка. «На практыцы здараецца, што будучы работнік аплачвае медыцынскі агляд, а наймальнік гэтыя выдаткі потым не кампенсуе. Аднак папярэдні медыцынскі агляд — гэта абарона наймальніка ад прыёму на работу чалавека, які потым можа пагоршыць сваё здароўе або стаць прычынай негатыўных наступстваў», — падкрэсліў Іван Карчэўскі.

Праект закона канкрэтызуе адказнасць за стан абсталявання, збудаванняў і будынкаў, якія выкарыстоўваюцца рознымі арганізацыямі. Напрыклад, сёння будаўнічая арганізацыя, якая арандуе на дзень-два будаўнічую вышку для правядзення рамонтных работ, павінна спачатку правесці яе тэхнічны агляд, які доўжыцца каля месяца. У праекце закона ўтрымліваецца норма пра тое, што пры эксплуатацыі абсталявання, збудаванняў і будынкаў за іх стан нясе адказнасць уласнік, калі іншае не ўсталявана адпаведным дагаворам.

Яшчэ адна змена датычыцца расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. Законапраект устанаўлівае дасудовы парадак разгляду скаргаў работніка ў выпадку яго нязгоды з вынікамі расследавання або ў выпадку адмовы наймальніка ў правядзенні расследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці. Дзеючая рэдакцыя Закона прадугледжвае толькі судовы разбор такіх пытанняў. Такім чынам у работніка з'явіцца выбар: звяртацца або ў інспекцыю працы, або ў суд.

Законапраект плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Права на бяспеку на рабочым месцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.