Вы тут

Больш чым траціна сельскіх школьнікаў маюць праблемы са зрокам


У Брэсцкай вобласці падвялі вынікі дабрачыннага праекта па выяўленні захворванняў зроку ў сельскіх школьнікаў. Ён праходзіў летась у васьмі раёнах Брэстчыны. Ажыццяўляюць праект Беларускі дзіцячы фонд і кампанія vеlсоm разам з аблвыканкамамі. У 2016—2017 гадах добрую справу рабілі ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях, а летась прыехалі ў Брэсцкую.


Неадкладная шпіталізацыя

Вучань восьмага класа адной са школ Камянецкага раёна прыйшоў у той дзень на заняткі як звычайна. На сценах віселі плакаты аб дабрачыннай акцыі «Я бачу»: у школу прыехалі дактары з Брэста, правяралі зрок у дзяцей. Хлопец з ранняга дзяцінства меў аслаблены зрок, у яго была яўная касавокасць, але лячэннем ніхто не займаўся. Доктар Хрысціна Бялянічава была катэгарычнай: неадкладная шпіталізацыя ў абласную дзіцячую бальніцу і тэрміновае лячэнне. Пасля першага курса тэрапіі ў аддзяленні намеціліся змены да лепшага, школьнік стаў лепш бачыць. Другі курс лячэння прызначаны на канец вясны — пачатак лета.

Сутнасць праекта заключаецца ў тым, каб дапамагчы спецыялістам заехаць у глыбінку і выявіць захворванні зроку ў дзяцей на ранніх стадыях, калі трэба, пралячыць малых пацыентаў, астатнім выдаць рэкамендацыі. Вядомы мабільны аператар выступіў у названай справе спонсарам. Было закуплена абсталяванне для дыягностыкі, падрыхтаваны адпаведны транспарт, арганізавана работа мабільных брыгад медыкаў. Афтальмолагі прыязджалі ў сельскую школу і аглядалі ўсіх яе вучняў. Такім чынам дзве мабільныя брыгады наведалі 135 школ і агледзелі 11 651 дзіця.

Дзяцей, якіх пасля агляду ўрачоў адразу накіравалі на лячэнне, аказалася два дзясяткі, яшчэ 15 хлопчыкам і дзяўчаткам правялі аперацыю на вачах. Дадатковыя абследаванні ў спецыялізаваных установах прайшлі 82 чалавекі, 1380 атрымалі рэцэпты на акуляры.

Прыём у глыбінцы

Намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына ЧАРНЯКОВА падкрэсліла асаблівую важнасць выязных урачэбных прыёмаў менавіта ў глыбінцы. Зразумела, што не ўсе бацькі з кожнай, нават аддаленай, вёскі маюць жаданне альбо магчымасць прывезці дзіця ў райцэнтр да спецыяліста на прафілактычны агляд. Можа здарыцца, што час, пазначаны ў талоне, супадзе з рабочым часам бацькі альбо маці. Тады паўстае патрэба адпрасіцца з работы, атрымаць адгул, што таксама не надта зручна. Многія разважаюць так: дзіця не скардзіцца — навошта лішні раз клапаціцца? Але ж у тым і справа, каб не ўпусціць час. Дастаткова сказаць, што ў 38,4 працэнта агледжаных школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку. А ў 63 працэнтаў ад гэтага ліку парушэнні дыягнаставаныя ўпершыню. Так што каэфіцыент карыснага дзеяння праекта даволі высокі. І нездарма брыгады праехалі па дарогах вобласці 22 630 кіламетраў!

— Такім чынам у Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Маларыцкім, Жабінкаўскім, Камянецкім, Кобрынскім, Пружанскім, Ляхавіцкім раёнах афтальмалагічная дапамога дзецям стала больш даступнай, — канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар МІХАЛОЎСКІ.

Ешце, дзеці, вітаміны!

Падчас аглядаў у школах кожнае дзіця атрымала памятку аб прафілактычнай гімнастыцы для зроку, комплексе практыкаванняў для вачэй. Гэтую наглядную агітацыю давалі і дарослым. Летась інфармацыйная кампанія закранула тэму ўзаемасувязі правільнага харчавання і добрага зроку. У кожнай памятцы было ўказана, якое значэнне маюць прадукты з наяўнасцю вітаміну В2 (малако, кефір, сыр, поснае мяса, пячонка, сэрца) і вітаміну А (ёсць у масле, яечных жаўтках, рыбнай пячонцы), як неабходныя дзецям морква, іншая агародніна і зеляніна, чарніцы, кукуруза, апельсіны. Важна напамінаць аб паўнацэнным харчаванні, калі вялікая частка грамадства прызвычаілася да газіровак, фаст-фуду ды іншай нездаровай ежы. Нават калі адзін з дзясятка тых, хто атрымаў лісток ці звярнуў увагу на маляўнічы білборд, задумаецца, ужо будзе добра.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Паглядзець у дзіцячыя вочы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».