Вы тут

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Яўгенам Марчуком


Былі абмеркаваны актуальныя пытанні перагаворнага працэсу ў рамках трохбаковай кантактнай групы па мірным урэгуляванні сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях.


Напачатку госць перадаў кіраўніку Беларусі цёплае прывітанне ад яго ўкраінскага калегі. "Ён (Пётр Парашэнка. — "Зв.") прасіў перадаць, што задаволены тым, як развіваецца ўкраінска-беларускае супрацоўніцтва, асабліва пасля Форуму рэгіёнаў, і не толькі. Двухбаковая камісія працуе як гадзіннік. Самы, напэўна, найважнейшы паказчык: 18,6 % росту гандлёвага тавараабароту. Гэта трэба толькі парадавацца. Супадаюць планы і па павелічэнні гандлёвага абароту: да 8 мільярдаў долараў праз пару гадоў", — адзначыў Яўген Марчук.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: "Восем мільярадаў гэта быў наш найлепшы паказчык, сёння трохі больш за пяць з паловай. Гэта, канешне, не наш узровень. Мы можам больш, і трэба да гэтага імкнуцца"

Украінскі палітык дадаў, што важна таксама і тое, што сёлета закончыцца дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы, у выніку чаго будуць знятыя ўсе непаразуменні.

Перагаворнай пляцоўкай для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны Мінск стаў з 2014 года. У лютым 2015 года ў беларускай сталіцы падпісаны дакумент аб спыненні баявых дзеянняў і рэалізацыі комплексу мер па выкананні Мінскіх пагадненняў. З вясны 2015 года ў Мінску праводзяцца пасяджэнні рабочых падгруп, якія створаны ў рамках трохбаковай кантактнай групы.

Яўген Марчук праінфармаваў журналістаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўвалася тое, што зараз адбываецца на ўсходзе Украіны. “Я падзякаваў Прэзідэнту Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу за стварэнне выключна добрых умоў для работы трохбаковай кантактнай групы і  ўсіх рабочых груп. Мы адчуваем сябе як дома”.

Прадстаўнік  Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па мірным ўрэгуляванні сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях расказаў, якія ёсць праблемы, звязаныя, перш за ўсё, са спыненнем агню па ўсёй лініі фронту, і самы  адчувальны — абмен заложнікамі і хворых людзей. Паводле яго слоў, наступны раўнд пройдзе 30 студзеня. “Нам не ўдаецца пакуль адвесці ад лініі фронту снайперскія групы, але трэба падкрэсліць, што тое, што ў народзе называецца "каляднае перамір'е" — дамоўленасць аб рэжыме цішыні, якая была ўзгоднена напрыканцы снежня, — вельмі істотна знізіла колькасць абстрэлаў. На жаль, галоўная перашкода для мірнага ўрэгулявання ліквідавана не цалкам, але гэта добры знак”, — адзначыў ён.

Яўген Марчук распавёў, што на заўтрашнім паседжанні бакі паспрабуюць дасягнуць пагаднення па некаторых пытаннях гуманітарнага характару. Яны датычацца, перш за ўсё, рамонту і аднаўлення аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, гэта тыя аб'екты, якія забяспечваюць нармальнае жыццё людзей у так званай прыфрантавой зоне. “Даўжыня лініі судакранання 426 кіламетраў. Ад  гэтай лініі на 15, 20, 30, 70 кіламетраў адведзены розныя віды зброі. Але войскі там знаходзяцца адно супраць аднаго. І там пражывае каля 240 тысяч чалавек, у тым ліку некалькі дзясяткаў тысяч малых дзяцей. У гэтых людзей вельмі шмат праблем. Акрамя перыядычнай адсутнасці базавых рэчаў – вады, цяпла, электраэнергіі, без якіх, акрамя пакут, з'яўляецца яшчэ і пагроза эпідэмій, захоўваецца і пагроза абстрэлаў. Мінская трохбаковая кантактная група займаецца забеспячэннем умоў для аднаўленя грамадзянскай інфраструтуры ў гэтай зоне” — падкрэсліў Марчук.

Але, паводле яго слоў, пакуль не ўдаецца дамовіцца пра выкананне ўсіх базавых аспектаў Мінскіх дамоўленасцяў. Першае,  гэта вывад усіх замежных воінскіх фарміраванняў з тэрыторыі Данбаса. Другое, размініраванне не толькі аб'ектаў грамадзянаскай інфраструктуры, але і дарог, і інш. Мінскія пагаданні прадугледжваюць стварэнне так званай Зоны бяспекі патрулямі Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ (СММ АБСЕ) уздоўж некантралюемай сёння Украінай украінска-расійскай мяжы, гэта 406 кіламетраў 700 метраў.

Мінскімі дакументамі  прадугледжана таксама стварэнне зоны, якая пачынаецца ад берага Азоўскага мора на некантралюемай тэрыторыі Украіны і доўжыцца на 100 кіламетраў на поўнач, свабоднай ад цяжкой зброі і ваеннай тэхнікі. Для таго, каб правесці агляд гэтай тэрыторыі і яе верыфікацыю (зацвердзіць яе існаванне), трэба пусціць туды патрулі СММ АБСЕ. Гэта таксама пакуль не зроблена, канстатаваў Яўген Марчук.

Прадстаўнік Украіны адзначыў, што пытанняў,  па якіх нам пакуль не ўдаецца дамовіцца, дастаткова шмат, але па пытаннях эканамічнага характару зрухі ёсць. Напрыклад, наладжванне работы па водазабеспячэнні двух бакоў, функцыяванне тэлефоннай сувязі, вяртанне чыгуначных вагонаў Украінскай чыгунцы, шмат іншае.

Яўген Марчук распавёў, што першым пунктам трохбаковай кантактнай групы і  рабочай групы па бяспецы заўтра будзе пытанне ўсталявання рэжыму цішыні і адвядзення ваенных структур па кіламетры ад самой лініі судакранання. “Каб урэгуляваць канфлікт баявога характару, трэба не толькі перастаць страляць адзін у аднаго ўсімі відамі зброі, але і развесці вайскоўцаў, — адзначыў ён. —  Пакуль развесці па ўсёй лініі не ўдаецца, вызначаны тры ўчасткі, распрацоўваюцца дамоўленасці па дадатковых ўчастках. Без гэтага складана рухацца далей”.

Дарэчы, яшчэ адной абавязковай умовай набліжэння да міру з'яўляецца выключэнне мовы нянавісці сярод вайсковых, палітычных і гаспадарчых кіраўнікоў з абодвух бакоў, і гэтаму павінна дапамагчы прэса. Пра гэта сведчыць гісторыя ўсіх канфліктаў.

На пытанне журналістаў, ці дазваляе Мінскі фармат набліжацца да мірнага ўрэгулявання канфлікту, Яўген Марчук адказаў: “У народзе, ва Украіне перш за ўсё, маецца раздражненне з нагоды таго, што Мінскі фармат неэфектыўны. І ёсць падставы так сцвярджаць. Гучаць прапановы памяняць фармат, напрыклад на фармат падпісантаў Бедапешцкага мемарандуму. Але справа не ў фармаце, а ў адносінах”.

Але, на думку прадстаўніка Украіны, Мінскі фармат вельмі карысны. “Калі бакі ваююць адзін супраць аднаго, паміж імі нараджаецца і нарастае найвялізны недавер, дамаўляцца становіцца вельмі складана. І калі нам ўдаецца дамовіцца пра малае, гэта паступова разбурае той найвялізнейшы вал недаверу бакоў. Скажам, летам нам удалося дамовіцца пра  размініраванне берагоў рэчкі, каб дзеці маглі купацца. Гэта не спыніла вайну, але паміж тымі,  хто браў  у гэтым удзел, узнікла разуменне пра магчымасць дамовіцца”, — адзначыў ён. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».