Вы тут

Лісты ад чытачоў «Звязды»


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Чараўніца з вёсачкі Млын

На пачатку студзеня Ганне Савельеўне Асіпковай споўнілася 80. Некалькі месяцаў таму яна пакінула прытулак у Новазаранскім сельсавеце і пераехала ў горад энергетыкаў, Новалукомль. Але ж у сэрцах землякоў ды прыхільнікаў таленту яна па-ранейшаму засталася сваёй — чараўніцай з вёсачкі Млын, на думку спецыялістаў — адзінай у Еўропе жанчынай, якая так дасканала валодае не зусім жаночым рамяством — разьбой па дрэве.

Вяс­ко­вы дом, рас­пі­са­ны май­страм.

Працавітая і сціплая Ганна Савельеўна ніколі не шукала вядомасці: яна прыйшла да майстрыхі сама. Мноства людзей (у тым ліку нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў і касманаўт Георгій Грэчка) пабывала ў яе казачнай хатцы, палюбавалася калекцыяй з шасці дзясяткаў скульптур, падараваных Чашніцкаму гістарычнаму музею.

Карані захаплення майстрыхі — у далёкім пасляваенным дзяцінстве, якое прайшло ў хаце дзядулі. Менавіта там дзяўчынцы адкрыўся свет прыгажосці. Яна як толькі магла адлюстроўвала яго на абрыўках старых шпалераў, газет, тканін. Папера, фарбы, нават алоўкі былі недаступнай раскошай. Аднак вяскоўцы ўсё роўна разгледзелі талент дзіцяці і стараліся падтрымаць яго. Кіраўнік мясцовага рыбгаса падарыў мастачцы, якая яшчэ толькі пачынала, набор каляровых алоўкаў. На тыя маленькія «агрызачкі» прызнаны майстар не забылася да сёння, бо берагла як сапраўдны скарб. З яго дапамогай рыхтавала конкурсныя работы для паступлення ў Віцебскі педагагічны інстытут.

«Курыраваў» гэту падрыхтоўку любімы дзядуля. Каляровай гамы для стварэння сюжэта ў невялікай каробцы не хапала, таму цемру партызанскай ночы «куратар» прапанаваў зрабіць... сажай.

З тых часоў мінулі, здавалася б, дзесяцігоддзі, але млынская ўмеліца дагэтуль помніць, як весялілася прыёмная камісія, разглядаючы яе творчасць.

Між тым студэнткай яна ўсё ж стала і ў родныя мясціны вярнулася ўжо дыпламаваным спецыялістам. Ды якім! Усе, хто вучыўся ў Ганны Савельеўны, памятаюць яе незвычайныя ўрокі. Настаўніца праводзіла іх то ў лесе, то на лузе, то на беразе возера і бачыла, што ў паходзе, каля вогнішча самы адчайны неслух рабіўся раптам пакладзістым і адкрываў у сабе столькі талентаў, што хапіла б на цэлы клас...

Педагог ад Бога — у гэтым пераконвае кожная сустрэча, кожная размова з майстрыхай. Неяк яна ўспомніла, як да яе падышла маці былога вучня і паказала ліст, які сын прыслаў ёй з турмы. Шкадуючы аб сваіх памылках, юнак пісаў, што, калі б больш было такіх людзей, як Ганна Савельеўна, ён за краты ніколі не трапіў бы.

Гэтыя словы пажылая настаўніца памятае ўсё жыццё і лічыць найлепшай адзнакай уласнай працы.

Педагогіка і разьбярства ў яе жыцці знітаваліся разам. Дзеці з цікавасцю разглядаюць драўляныя фігуркі майстрыхі, якая першыя ўрокі разьбы атрымала ў дзяцінстве. У сялян пасля вайны не было грошай, каб набываць посуд. А таму дзядуля пры святле газніцы, як толькі выдаваўся час, садзіўся выразаць лыжкі, міскі, іншае кухоннае начынне, а ўнучка — з захапленнем назірала за ім ды пакрысе вучылася.

Потым, ужо настаўніцай, яна захоча папрацаваць з дрэвам і ў яе ўсё атрымаецца! Яна будзе паказваць свае работы і бачыць, з якой цікавасцю іх разглядаюць людзі, казаць, што сама добра адчувае дрэва, бачыць у ім вобразы, ведае, што лішняе, — што трэба прыбраць.

Хутка фотаздымкі з фігуркамі, зробленымі млынскай майстрыхай, з'явіліся ў газетах, у вёску паляцелі лісты з усіх куткоў былой вялікай краіны. Адказвала ўсім, каго ўсхвалявала яе творчасць.

Лёс дзякаваў ёй за шчырую працу. Ганну Савельеўну запрасілі на рэстаўрацыйныя работы ў Пецяргоф. Яна адмовілася. У горад на Няве адправіўся яе сын Ігар, які ішоў па слядах маці, як, дарэчы, і ўнучкі.

...Зараз у млынскай майстрыхі такі ўзрост, што можна б і супакоіцца. Але творчасць не адпускае. Ганна Савельеўна не стамляецца бачыць прыгажосць, радаваць людзей новымі творамі, на гэты раз — з карэння. З радасцю адгукнулася і на просьбу настаўнікаў мясцовай школы падрыхтаваць цыкл малюнкаў пра абярэгі. А як жа радуюць вочы распісаныя ёю, часам зусім старэнькія драўляныя хаты!

Вось так і жыве чалавек, па-сапраўднаму адданы зямлі, на якой нарадзіўся.

Ірына ТОРБІНА

г. Чашнікі


Дзеці малююць сонца

Прыгожы чатырохпавярховы будынак рэспубліканскага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі больш нагадвае дзіцячы санаторый. Аднак...

— Я працую тут даўно, — кажа медсястра Таццяна Рабкоўская, — і разам з дзецьмі шмат чаго перажываю. Добра, калі хворыя ідуць на папраўку... У аддзяленні 60—80 пацыентаў з дыягназам лейкоз. У асноўным трэцяй-чацвёртай стадыяй захворвання, паступаюць таксама дзеці з хоспіса. Ім прызначаюць кропельніцы (хіміятэрапію), пераліванне крыві, прэпараты для абязбольвання.

Цэнтр разлічаны на 180 дзяцей, але часам бывае болей. Тут — некалькі аддзяленняў: рэанімацыі, трансплантацыі, аперацыйны блок, дзённы стацыянар...

— Нам, медработнікам, вядома ж, нялёгка даводзіцца, — расказвае Таццяна Сяргееўна. — Прывыкаем да дзіцячых капрызаў, плачу. Разумеем, што яны непазбежныя, і нам трэба ўмець дараваць: добразычліва выконваць свае абавязкі, нягледзячы ні на што. У цэнтры кругласутачнае дзяжурства, бывае, што часу няма прысесці. Сутыкаемся і з крыўдамі асобных бацькоў. Іх пачуцці таксама зразумелыя: усім хацелася б бачыць сваіх дзяцей здаровымі і шчаслівымі. А тут...

— Хто яшчэ, апроч родных, наведвае хворых? — спытала я ў Таццяны Сяргееўны.

— У цэнтр прыязджаюць навучэнцы Сувораўскага вучылішча з падарункамі, клоўны з забаўляльнымі праграмамі, валанцёры. Для дзяцей такія мерапрыемствы за свята. Яны радуюцца мяккім плюшавым цацкам, лялькам. Шчаслівыя, калі прывозяць канструктары, мазаікі, акварэльныя фарбы.

Медсястра паказала мне дзіцячы пакой, сцены якога ўпрыгожаны малюнкамі. І ўсе яны сапраўды незвычайныя! Амаль на кожным — сонейка, кветкі, блакітнае неба... Глядзіш на іх і міжволі пачынаеш верыць, што ўсе дзеці клопатам медыкаў і добрых людзей паправяцца, што ў кожнага наперадзе доўгае жыццё.

Святлана Няронская

г. Мінск


Мы зноў вярнуліся ў школу

Прыходу Новага года, Каляд радуюцца не толькі дзеці, але і дарослыя, пенсіянеры, бо з'яўляюцца дадатковыя нагоды пабачыцца, пагаварыць.

Вось ужо каторы год для нас, настаўнікаў-ветэранаў, ладзяцца калядныя сустрэчы. Яны адбываюцца ў розных установах адукацыі. Сёлета, напрыклад, нас прымалі ў СШ № 164, дзе дырэктарам Святлана Уладзіміраўна Багдашова і дзе для нас наладзілі экскурсію ў школьны музей, а таксама вялікі канцэрт.  Пасля гэтага былі шчырыя віншаванні ад начальніка ўпраўлення адукацыі Ленінскага райвыканкама Наталлі Генадзеўны Кучынскай, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алы Рыгораўны Бакуновіч, старшыні ветэранскай арганізацыі раёна Антаніны Уладзіміраўны Каралёвай. Далі слова і нам. Але ж за тое, што нас не забываюць, што ладзяць сустрэчы і экскурсіі, запрашаюць у тэатр на святкаванне Дня настаўніка, хацелася б падзякаваць яшчэ раз.

Эмілія Васілевіч, ветэран працы

г. Мінск


Каб не парывалася сувязь...

У канцы студзеня ў рамках супрацоўніцтва паміж Чавускімі прыходамі Магілёўскай епархіі і мясцовым выканкамам прайшлі другія рэгіянальныя агульнаадукацыйныя чытанні, прысвечаныя Году малой радзімы.

Трэба адзначыць, што Чавусы сталі першым райцэнтрам, дзе ўжо другі год праходзіць падобнае мерапрыемства. Праводзяцца яны ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага, які ў ХVІІІ стагоддзі ўзначальваў Магілёўскую кафедру. На чытанні былі запрошаны старшакласнікі, якія маюць схільнасць да вывучэння гісторыі і краязнаўства, настаўнікі, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея, Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, прыхаджане Свята-Узнясенскай царквы... Яны з цікавасцю слухалі даклад аб жыцці і дзейнасці мовазнаўца, этнографа, педагога, ураджэнца раёна Івана Іванавіча Насовіча, гістарычны агляд праваслаўных храмаў, капліц, царкоўна-прыходскіх школ, якія існавалі на тэрыторыі павета, пазнаёміліся з выстаўкай духоўнай літаратуры. Такія чытанні, як адзначыў благачынны Чавускай акругі протаіерэй Мікалай Змушко, прыбліжаюць моладзь да сваіх гістарычных і духоўных каранёў, спрыяюць развіццю патрыятызму.

Валерый Гаўрыш

г. Чавусы

Пошту чытала Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».