Вы тут

Ці праўда, што сучасныя дзеці год ад году бачаць усё горш?


Па даных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія пяць гадоў захваральнасць вачэй у дзяцей вырасла на 18 %. У той жа час распазнаць такія праблемы ў малых бывае складана: яны або не скардзяцца, або не могуць дакладна сфармуляваць свае сімптомы. Таму бацькам варта быць надзвычай уважлівымі. У афтальмолагаў дыягностыка і кантроль за хваробамі таксама набываюць асаблівае значэнне. Ці праўда, што сучасныя дзеці год ад году бачаць усё горш? І якую ролю ў гэтым адыгрываюць сучасныя гаджэты? Ці можна дзецям насіць лінзы? Якія міфы пра акуляры самыя распаўсюджаныя? Пра гэта мы пагутарылі з афтальмолагам Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы Таццянай Малей.


— Лічбы сведчаць, што зрок у дзяцей пагаршаецца...

— І гэта глабальная праблема. Раней нагрузка ў школе была меншай, дзеці не карысталіся гаджэтамі з 2—3-гадовага ўзросту, мульцікі глядзелі адзін раз на тыдзень — па тэлевізары. Павышэнне зрокавай нагрузкі садзейнічае таму, што насельніцтва становіцца блізарукім. Такім чынам наш арганізм прыстасоўваецца да работы зблізку. Існуе нават такое меркаванне, што блізарукасць да трох дыяптрый паступова стане нормай. Набываюць блізарукасць нават дзеці, у якіх няма прыроджанай да яе схільнасці — у некалькіх пакаленнях іх продкі не насілі акуляры. Дзіця цікавілася камп'ютарамі, вырасла, стала, напрыклад, праграмістам, 8 гадзін у дзень праводзіць перад маніторам. І гэта вельмі ўплывае на зрок. Нават у дарослых ва ўзросце 30—40 гадоў узнікае першасная блізарукасць, як толькі яны пачынаюць пастаянна працаваць за камп'ютарам.

— Якія захворванні ў дзяцей сёння найчасцей сустракаюцца? І як бацькам зразумець, што варта звяртацца да спецыяліста?

— Найбольш распаўсюджаны дыягназ — блізарукасць, калі дзіця добра бачыць зблізку і дрэнна — удалечыні. У яго не ўзнікае праблем пры рабоце з падручнікам, сшыткам, тэлефонам — яны з'яўляюцца пры праглядзе тэлевізара, таксама дзіця не бачыць інфармацыі на класнай дошцы. На яго могуць скардзіцца знаёмыя, бо такое дзіця не вітаецца з навакольнымі. Гэта не значыць, што яно дрэнна выхавана, яно проста не бачыць. На такія праяўленні павінны звяртаць увагу бацькі і ісці да ўрача. Нярэдка сустракаецца спазма акамадацыі. Гэта яшчэ не хворыя дзеці, але праблемы не за гарамі: іх вочы ўжо стомленыя. Гэта важна, калі ў сям'і ёсць схільнасць да блізарукасці. Калі хтосьці з бацькоў мае гэта захворванне, рызыка яго ўзнікнення ў дзіцяці — 25 %, калі абое — 50 %. Але спазму акамадацыі ў стане распазнаць толькі спецыяліст. Таму варта раз на год да яго звяртацца.

— Дзецям, якія носяць акуляры, варта правярацца яшчэ часцей?

— Так, ім абавязкова трэба праходзіць агляд праз шэсць месяцаў. Правяраецца сятчатка, вызначаецца, ці падыходзяць акуляры, бо блізарукасць часта прагрэсуе — на працягу года яна можа вырастаць на дыяптрыю і нават больш. Важна, каб такія дзеці назіраліся ў афтальмолага, бо ім можа спатрэбіцца неадкладная дапамога.

— Якія яшчэ праблемы можна выявіць падчас агляду?

— Мы не толькі правяраем вастрыню зроку, але і робім агляд вочнага дна, таксама вызначаем рэфракцыю. Гэта дапамагае выявіць невялікую блізарукасць ці дальназоркасць, і такое дзіця трэба назіраць. Праблемы пры рабоце зблізку могуць суправаджацца напружаннем вачэй, галаўнымі болямі, святлабояззю, пачуццём млоснасці. Што датычыцца вочнага дна, то нават у здаровых дзяцей на ім можна выявіць пэўныя асаблівасці. Як на скуры бывае радзімка, так на вочным дне можа быць невус. І яго варта назіраць — такія новаўтварэнні часам тояць анкалагічную небяспеку. У дзетак з добрым зрокам і без афтальмалагічных дыягназаў могуць быць змяненні сасудаў, у прыватнасці іх звужэнне, што можа выклікаць галаўныя болі. У такім выпадку неабходна абследаванне ў неўролага.

— Ведаю, што вы аб'ехалі шмат раёнаў у межах праекта «Я бачу!», абследавалі сельскіх школьнікаў. Зрок лепшы ў вясковых ці гарадскіх дзяцей?

— У нас быў цікавы вопыт: мы прыехалі ў аддаленую вёску ў Маларыцкім раёне і вельмі здзівіліся — большасць дзяцей здаровыя. Высветлілася, што ў дзяцей там проста няма спосабу зайсці ў інтэрнэт, таму і праблем са зрокам няма.

— Пры выяўленні захворванняў вачэй бацькі ахвотна набываюць акуляры?

— Летась мы выпісалі ў межах праекта 1360 рэцэптаў на акулярную карэкцыю, і 993 дзецям бацькі набылі акуляры. Гэта добры паказчык. Нежаданне набываць акуляры некаторыя тлумачыць тым, што яны быццам бы выклікаюць прывыканне, пагаршаюць зрок, узмацняюць блізарукасць. Гэта распаўсюджаныя міфы. На самай справе правільна падабраныя акуляры не нашкодзяць. Калі дзіця мае патрэбу ў карэкціроўцы зроку, яго вочы пастаянна знаходзяцца ў напружанні. І такое празмернае напружанне вядзе да прагрэсавання блізарукасці.

— Дзеці не саромеюцца насіць акуляры?

— Некаторыя, наадварот, нават расстройваюцца, што ім іх не прапісалі. Сёння шмат прыгожых апраў, ёсць кантактныя лінзы.

— З якога ўзросту можна выкарыстоўваць лінзы?

— З моманту, калі дзіця можа з імі абыходзіцца: усведамляе, калі іх варта знімаць і што лінзы неабходна класці ў кантэйнер з растворам, ведае, што іх трэба мяняць праз нейкі час.

— Ці патрэбны пры гэтым акуляры?

— Безумоўна. Бо ў ветранае надвор'е, калі паднімаецца пясок, нашэнне кантактных лінзаў небяспечнае. Яно супрацьпаказана, калі ўзнікаюць прастудныя захворванні, павышаецца тэмпература. У такіх выпадках варта выкарыстоўваць акуляры. У той жа час кантактныя лінзы маюць шэраг пераваг. Яны паляпшаюць дзеянне перыферычнай сятчаткі, у той час як у акулярах асноўная работа — праз цэнтр вока. Кантактныя лінзы незамяняльныя пры некаторых відах работ і не ствараюць абмежаванняў пры занятках спортам. Але, паўтаруся, мець акуляры абавязкова.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Акуляры не нашкодзяць. Проста іх трэба правільна падабраць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».