Вы тут

Хто знаходзіцца ў зоне рызыкі ў галалёдзіцу?


Зімовае надвор'е працягвае выпрабоўваць нас на стойкасць, сіноптыкі нават аб'яўляюць жоўты ўзровень небяспекі па прычыне галалёдзіцы. Выпадковае падзенне на цвёрдую паверхню ці нават няўдалая спроба ўтрымаць раўнавагу могуць прывесці да вывіху ці расцяжэння звязак. А то і да пералому. Такія траўмы могуць балець месяцамі, не даючы спакою ні днём, ні ўначы. Аб тым, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі ў галалёдзіцу, як правільна перамяшчацца па непасыпанай дарозе і чаму ў гэты час непажадана займаць рукі сумкамі, расказаў артапед-траўматолаг 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Сяргей Пушкароў.


— Сяргей Гур'евіч, у невялікіх раённых цэнтрах бальніца і паліклініка, як правіла, знаходзяцца побач, і, прыходзячы туды з траўмай, памыліцца цяжка. А куды трэба звяртацца ў горадзе: ехаць у спецыялізаваныя медыцынскія ўстановы або прымуць у паліклініцы?

— У кожнай паліклініцы вядзе прыём траўматолаг. І, атрымаўшы любую траўму, у тым ліку і галалёдную, звяртацца трэба да гэтага спецыяліста. У выхадныя ці святочныя дні ў кожным раёне працуе паліклініка. У Фрунзенскім раёне Мінска, напрыклад, гэта 2-я цэнтральная раённая паліклініка. Таксама сюды можна звяртацца з траўмамі ў вячэрні і начны час — з васьмі вечара да васьмі раніцы. Ёсць яшчэ і спецыялізаваныя ўстановы. Гэта 6-я гарадская клінічная бальніца, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, Мінская абласная клінічная бальніца ў Бараўлянах. Усе яны прымаюць пацыентаў з траўмамі.

— Гэтыя ўстановы можна выбраць самастойна?

— Кожная паліклініка замацаваная за пэўнай бальніцай. Неабходную экстранную дапамогу вам акажуць у любой медыцынскай установе. А вось далей накіруюць у спецыялізаванае аддзяленне. Калі гэта, скажам, траўма кісці, то пацыента адпраўляюць на машыне хуткай дапамогі ў 6-ю клінічную бальніцу, якая на іх спецыялізуецца. З чэрапна-мазгавымі траўмамі — у іншую ўстанову.

— А калі здарылася траўма далёка ад месца жыхарства, можна звярнуцца ў найбліжэйшую паліклініку?

— Натуральна. Вам акажуць першую дапамогу: наложаць лангету, зробяць здымкі і накіруюць далей назірацца ў траўматолага па месцы жыхарства, калі пералом без зрушэння. Калі пералом са зрушэннем, то пацыента адправяць у клініку, бо яго наступствы ліквідуюцца пад наркозам. У любым выпадку першую дапамогу вам павінны аказаць у любой установе аховы здароўя незалежна ад вашай рэгістрацыі. Калі звяртаецца замежны грамадзянін, дапамога платная.

— Якія асноўныя траўмы падчас галалёдзіцы?

— Найчасцей ламаецца прамянёвая косць запясця: чалавек падае, рэфлекторна выцягвае наперад руку і прызямляецца на яе. Таксама пакутуюць перадплеччы, шыйка плечавой косці, локцевы адростак і вельмі часта — шчыкалатка.

— У пажылых людзей часта здараюцца пераломы шыйкі сцягна...

— Так. У гэтай сітуацыі мы накіроўваем іх на машыне хуткай дапамогі ў клініку. Там, у залежнасці ад стану хворага, выбіраюць тактыку далейшага лячэння.

— Што мы павінны памятаць, выходзячы ў галалёдзіцу на вуліцу?

— Перасоўвацца трэба невялікімі крокамі. Пажылым людзям нельга спяшацца, збягаць з абледзянелых лесвіц, з іх трэба сыходзіць бокам, трымаючыся за поручань. Калі не пасыпаны дарогі, па лёдзе трэба ісці плаўным лыжным крокам, не адрываючы стапу ад паверхні. Тады шанцаў не ўпасці больш. Некаторыя раяць згрупавацца, калі пачынаеце падаць. На самай справе не паспявае чалавек падумаць, што трэба згрупавацца, і падае звычайна на спіну, удараючыся галавой, ці на рукі. Толькі спартсмен можа згрупавацца своечасова. Пажадана, канешне, падаць на бок, не выстаўляючы рукі.

— Якім павінен быць абутак?

— Ёсць розныя спосабы засцерагчыся ад падзення з дапамогай пластыру або наждачнай паперы, якія наклейваюць на абутак. Пажадана, каб падэшва была рыфленая. Жанчынам лепш адмовіцца ў такое надвор'е ад абутку на высокіх абцасах. Яны павінны быць як мага ніжэйшымі і шырэйшымі. Але калі лёд пад снегам, абутак не адыгрывае вялікай ролі.

— Што яшчэ мае значэнне?

— Вага цела. Калі яна вялікая, пажадана, канешне, хадзіць з палкай. Худзенькі ўпадзе — нічога, як правіла, не зламае, устае і ідзе далей. А поўны чалавек абавязкова траўмуецца, асабліва калі на руку падаць.

Усім трэба ўважліва паводзіць сябе, не бегчы за аўтобусам ці ў краму, не набіраць вялікія сумкі, як пажылыя жанчыны гэта часам робяць. Калі абедзве рукі занятыя сумкамі, трымацца няма за што. Рукі павінны быць свабоднымі — яны ў выпадку чаго дапамогуць утрымаць страчаную раўнавагу. А ўвогуле, па магчымасці ў галалёдзіцу лепш зусім не выходзіць з дому.

— У пажылых людзей рызыка атрымаць траўму вышэйшая?

— Так. У галалёдзіцу траўмуюцца пераважна людзі пасля 45—50 гадоў. З моладзі да нас звяртаюцца тыя, хто любіць зімовыя экстрэмальныя заняткі, — сноўбардысты, лыжнікі, хакеісты, наведвальнікі каткоў. Нядаўна была пацыентка, якая вырашыла ўспомніць маладосць і паскакаць на каньках, — атрымала пералом. Свае магчымасці заўсёды важна ацэньваць цвяроза.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі галалёдзіца ставіць падножку

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!