Вы тут

Цікавы аўтограф загадкавай кнігі


Знакаміты твор Якуба Коласа «Сымон-музыка» хаця і перасягнуў 100-гадовую мяжу стварэння, яшчэ вельмі далёкі ад разгадкі ўсіх таямніц, датычных яго напісання, і ўсіх сэнсаў і падтэкстаў, якія ўкладаў аўтар у паэму.


Разам з тым у фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа маюцца цікавыя выданні кніг ліра-эпічнай паэмы «Сымон-музыка». Падчас Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, у Празе беларускай эміграцыяй быў арганізаваны выпуск кніг «Сымон-музыка». Выдаўцом гэтай серыі кніг лічыцца беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Мікола Абрамчык, што быў адным з пасляваенных прэзідэнтаў (старшыняў) БНР. Пры выданні кнігі скарыстана ілюстрацыя вокладкі выдання «Сымон-музыка» 1925 года, якая была зроблена мастаком Валерыянам Дваракоўскім. Дарэчы, для мастака ў той час такая творчая праца была асаблівым поспехам, што і відаць на згаданым пражскім выданні. Адна з кніг гэтай серыі з’яўляецца ўнікальнай, бо на ўнутраным баку вокладкі паэмы ёсць дарчы надпіс Сяргея Новіка-Пеюна. Але ж якім чынам эміграцыйнае выданне «Сымона-музыкі» ды яшчэ з подпісам Новіка-Пеюна магло трапіць у музей Якуба Коласа? Ключом разгадкі з’яўляецца сам дарчы надпіс на вокладцы кнігі:

Майму адзінаму Другу —

Марусеньцы на шчыры ўспамін —

г. Слонім, 25. XII. 1942 г.

С. Почырк вельмі характэрны для Новіка-Пеюна, які любіў рабіць завітушкі ў тэкстах сваіх твораў, а таксама калі распісваўся. Дата і пазначанае месца цалкам укладаюцца ў біяграфічныя звесткі пра паэта са складаным лёсам. Паэт быў вязнем пры ўсіх палітычных рэжымах, што змяняліся адзін за адным: польскі, нямецкі, савецкі. У той час, калі быў зроблены надпіс, Новік-Пяюн жыў у Слоніме. Ён быў вызвалены з баранавіцкай турмы з прыходам на тэрыторыю Заходняй Беларусі савецкіх войскаў у 1939 годзе. У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа можна знайсці наступны запіс Новіка-Пеюна, зроблены пад фотаздымкам дома ў Слоніме, у якім паэт жыў у паваенны час: «Домік у горадзе Слоніме на вуліцы імя Францішка Багушэвіча (былая Агародная) № 8 у якім я жыў з 1936 па 1943 год…» (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 61, вопіс № 1, адз. зах. № 3, с. 32). Да 1943 года Новік-Пяюн працуе ў галіне народнай адукацыі, пасля — дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. У гэтым жа годзе арыштоўваецца СД за сувязь з партызанамі і адпраўляецца ў лагер смерці Калдычэва, дзе цудам застаецца жывы.

Менавіта гэтага часу датычыцца дарчы надпіс НовікаПеюна на вокладцы кнігі Якуба Коласа «Сымон-музыка». Адрасант аўтографа Новіка-Пеюна («Марусеньцы») — родная сястра паэта. Доўгі час яна з’яўлялася дырэктарам Слонімскай раённай бібліятэкі, якой было нададзена імя Якуба Коласа. Капітанчык Марыя Міхайлаўна на працягу 15 гадоў (1944—1959 гг.) працавала там на кіраўнічай пасадзе, і менавіта яна перадала ў Літаратурны музей Якуба Коласа кнігу з дарчым надпісам свайго брата, якая да таго моманту захоўвалася ў асабістай бібліятэцы. Варта адзначыць, што эміграцыйнае выданне «Сымон-музыка» 1942 года патрапіла ў музей Якуба Коласа ў 1977 годзе і, дзякуючы рэстаўрацыі, знаходзіцца ў добрым стане.

Больш за тое, Марыя Міхайлаўна адрасавала ліст народнаму паэту, у якім апісвае бібліятэку і сціпла просіць пісьменніка пра аўтограф. Дзякуючы дапамозе ўнучкі Коласа Веры Данілаўны Міцкевіч, гэты ліст з асабістага архіва пісьменніка сёння ўпершыню цытуем цалкам:

Уважаемый Константин Михайлович!

Наша Слонимская районная библиотека носит Ваше имя. Она организовалась после освобождения Советской армией г. Слонима в августе 1944 года. Основой для создания книжного фонда были книги, собранные населением и присланные из различных городов страны. За прошедшие десять лет книжный фонд вырос до 19170 экз. Услугами библиотеки пользуются 1010 читателей. Библиотека широко развернула разнообразные виды библиотечной работы, (между библиотечный абонемент, передвижная работа, справочно-библиографическая, массовая и т.), в которых ставила своей задачей быть ближе к массам, а методом служило ей соц. соревнование.

За истекший срок библиотека была дважды награждена почетными грамотами и получала денежные премии. Отмечая десятилетие библиотеки имени Якуба Коласа библиотечные работники и читательский коллектив убедительно просят Вас выслать библиотеке автограф.

С уважением к Вам

 Зав. Слонимской районной библиотеки

М. Капитанчик

19 августа 1954 г.

Дата ў лісце сведчыць, што сёлета юбілейны год для Слонімскай бібліятэкі імя Якуба Коласа: ёй спаўняецца 75 гадоў. Просьбу Якуб Колас не праігнараваў, у бібліятэку прыехаць не змог, але адну са сваіх кніг з аўтографам падараваў. Дагэтуль у Музеі беларускай кнігі, што знаходзіцца пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, захоўваецца і кніга Якуба Коласа «Адшчапенец» (1950 г.), дзе на тытульным лісце паэт напісаў:

«Слонімскай раённай бібліятэцы.

Якуб Колас. 6.IX.1954 г.»

Варта адзначыць, што ўзаемаадносіны Якуба Коласа і Сяргея Новіка-Пеюна не даследаваны і яшчэ стануць прадметам асобнага разгляду. Прыгаданая кніга толькі дапаўняе агульную карціну кантактаў двух беларускіх паэтаў.

Аляксандр КРЫЖЭВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?