Вы тут

Ці быў скрадзены рукапіс?


У сёлетнім «ЛіМе» № 2 за 11 студзеня выйшаў матэрыял Веры Міцкевіч «Не тыя кругі, або Як ствараюцца міфы». Гэта — крытыка пасляслоўя да выдання паэмы Якуба Коласа «Сымон Музыка» (2018), якое напісаў аўтар гэтых радкоў.


Дакумент з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Адразу трэба адзначыць, што публікацыя мае ўсе падставы для дыскусіі, таму лічу неабходным агучыць некаторыя меркаванні адносна выказаных унучкай класіка думак.

Вось некаторыя думкі, якія хацелася б аспрэчыць. Давайце паслядоўна пройдземся па выказаных заўвагах.

Каменем спатыкнення стала перадусім гіпотэза пра тое, што адна з рэдакцый вышэйназванай паэмы была не ўкрадзена, а забрана органамі дзяржаўнай бяспекі.

Найперш В. Міцкевіч як выкрывальніцтва агучвае факт публікацыі гэтай гіпотэзы ў «Полымі» і дзвюх нашых кніжках, адной — навуковай, другой — метадычнай. Падобная практыка ніколі не станавілася заганнай. Старонкі многіх кніг спачатку бачаць свет у выглядзе публікацый у перыёдыках. Што датычыцца інтэрв’ю, дзе таксама было сказана пра магчымую версію з удзелам спецслужбаў, — гэта яшчэ адзін фармат выказвання думак. Прычым тое інтэрв’ю было якраз пра названае выданне. Чаму нельга паўтараць свае думкі, калі пра іх пытаюць (як у інтэрв’ю) ці змяшчаюць у іншым выданні (як у выпадку пасляслоўя), не ведаю.

Пра «разлік на сенсацыйнасць амбіцыйных высноў» — а дзе гэтыя разлікі былі надрукаваны, В. Міцкевіч не ўказала.

Далей аўтар піша пра нашы сумненні ў перапрацоўцы паэмы да ад’езду ў Кіславодск. Лічу, што гэта не зусім так. На с. 278 выдання якраз гаворыцца пра наяўнасць «этапу перапрацоўкі твора ў Менску, да ад’езду ў Кіславодск». Нас бянтэжыць адсутнасць яго слядоў ад паэмы. «…Знікненне менскіх нататак паэмы глядзіцца нелагічным альбо… выбарачным, адмысловым» (с. 272).

Што датычыць сцвярджэння, што «ніякага крадзяжу рукапісу не было, Колас хлусіў пра гэты выпадак і надалей усё жыццё». На с. 279 і 284 прапісана азначэнне сканструяванай намі гісторыі з «кіславодскай» рэдакцыяй «Сымона» як гіпотэзы. Выраз «Колас хлусіў» намі зусім нідзе не ўжываецца.

Цяпер колькі слоў пра адсутнасць даверу да «каментарыяў аддзела тэксталогіі акадэмічнага Інстытута літаратуразнаўства да 9-га тома 20-томнага збору твораў Якуба Коласа, у які ўключаны трэцяя, першая рэдакцыі і розныя варыянты паэмы “Сымон-музыка” (рэдактар тома М. І. Мушынскі)». Давер да працы калег ёсць! Менавіта таму ў многім пры даследаванні лёсу паэмы і зыходзілі мы з вынікаў той працы. Шаноўны Міхась Іосіфавіч быў увогуле адным з галоўных кансультантаў. Так, не заўсёды пагаджаўся з нашымі меркаваннямі, але падтрымліваў смелыя ідэі (нават выступіў рэцэнзентам аднаго з выданняў, дзе, дарэчы, аб’ект актуальнай дыскусіі — гіпотэза — прысутнічае).

Па ходзе аргументацыі Вера Данілаўна толькі адзін раз звяртаецца да ўказання крыніцы — кнігі аўтарства свайго бацькі, старэйшага сына Коласа. Ён тут выступае як сведка супраць нашай гіпотэзы. Мы таксама падмацоўвалі свае меркаванні разважаннем роднага чалавека — любімага брата паэта Міхася, які сумняваўся ў банальным крадзяжы. Затое за гэты час нам трапілася яшчэ адно сведчанне — Іны Каханоўскай (да замужжа Рытар) — асобы з дастаткова цеснага акружэння самога Якуба Коласа (нейкі час нават жыла ў доме Лёсікаў). Прычыну знікнення рукапісу паэмы, паводле яе ўспамінаў, і паэт, і блізкія да яго людзі схіляліся бачыць у дзеяннях спецслужбаў.

Не падтрымлівае В. Міцкевіч і думку пра цэнзуру, якая апекавала Якуба Коласа. Але мы тут верым паэту — гл. адбітак яго ліста (і, канечне, усёй тагачаснай абстаноўцы, калі цэнзура працавала з 1922 г.). Што датычыцца тэхнічнага выканання крадзяжу, мы пісалі пра яго і паўтараць не варта. Цалкам пагаджаемся з Верай Данілаўнай, што на чыгунцы тады крадзяжы былі распаўсюджаныя. Але яе супастаўленне туфель з непад’ёмнаю «абэрынай» некарэктнае: абутак скрасці прынцыпова лягчэй.

Нягледзячы на ўсё сказанае, хачу падзякаваць Веры Данілаўне за публікацыю — толькі ў выніку такой дыялектыкі і з’яўляюцца новыя веды і робяцца адкрыцці.

Анатоль ТРАФІМЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.