Вы тут

У Мінску ўручылі прэмію «Чалавек безбар'ернага асяроддзя — 2019»


Першымі яе лаўрэатамі сталі кіраўнік хору Алена Маслава, маладая пісьменніца Сафія Ворса і стваральнік літаратурнай серыі твораў невідушчых аўтараў Зоя Падліпская.


Алена Маслава — стваральнік і кіраўнік адзінага інклюзіўнага хору ў Беларусі «Радасць душы» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт». У ім спяваюць каля 70 удзельнікаў ад 5 да 25 гадоў, з якіх палова — дзеці і маладыя людзі з парушэннем зроку.

— Наш хор — гэта свайго роду клуб, куды прыходзяць, каб мець стасункі, тварыць, — кажа Алена Маслава. — Мы нясём у свет разуменне таго, што дзеці-інваліды — не ўтрыманцы ў грамадстве. Яны многае могуць. Нават самі займаюцца дабрачыннасцю, выступаюць перад сіротамі... Дзецям неабходны вопыт міласэрнасці. Хлопцы і дзяўчаты, якія займаюцца бок у бок з невідушчымі аднагодкамі, рады, што ёсць магчымасць камусьці дапамагчы, накіраваць на кагосьці сваю дабрыню. А для іншых дзетак, асабліва татальна невідушчых, зносіны з іншымі — гэта адкрыццё цэлага свету. Дзякуючы існаванню такога калектыву ў дзяцей з інваліднасцю больш магчымасцяў ездзіць па свеце, праяўляць сябе ў творчасці.

Прэмію атрымала і 15-гадовая беларуская пісьменніца Сафія Ворса. У аповесці «Горад аслеплых скрыжаляў» дзяўчына расказала гісторыю кахання невідушчай дзяўчыны. «Некаторы час таму я пазнаёмілася з невідушчай паэткай, яе гісторыя мяне вельмі ўразіла і натхніла на напісанне гэтай кнігі, — падзялілася Сафія Ворса. — Яе гісторыя дапамагае зразумець, што мы ўсе аднолькава думаем, марым, у нас усіх бываюць страхі, памылкі. І зрок тут зусім ні пры чым.

Аповесць ужо намінавана на шэраг міжнародных літаратурных прэмій.

Сярод лаўрэатаў — і галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Падліпская. Прэмія ўручана ёй за стварэнне літаратурнай серыі «Творы сучасных невідушчых аўтараў».

Як паведаміў кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Галабурда, далей прэмія будзе пашыраць спектр кірункаў, у якіх працуюць намінанты. Так, ужо цяпер заснавальнікі разглядаюць прэтэндэнтаў на прэмію 2020 года — дзевяць праектаў у сферы тэатра і кіно, музыкі і літаратуры, жывапісу і фатаграфіі.

Пачынаючы з гэтага года прэмія «Чалавек безбар'ернага асяроддзя» будзе штогод прысуджацца дзеячам мастацтва, якія ўнеслі ўклад у прасоўванне прынцыпаў гуманізму і ідэй безбар'ернага асяроддзя для невідушчых і слабавідушчых людзей, а таксама развіваюць інклюзіўнае мастацтва. Яе заснавальнікамі сталі Мінская абласная арганізацыя «БелТІЗ», Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Святлана Бусько

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Мастацтва, якое аб'ядноўвае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».