Вы тут

У Гродне нападзенне байцоўскага сабакі на хлопчыка выклікала рэзананс


Зараз гэтую справу разглядае РАУС Кастрычніцкага раёна. Сюды накіравалі заяву з пракуратуры, куды звярнулася маці хлопчыка, якога два тыдні таму пакусаў стафардшырскі тэр'ер.


Інцыдэнт адбыўся каля пад'езда дома, у якім жыве пацярпелы сямігадовы хлопчык. Калі ён вяртаўся са школы, сустрэў свайго дзесяцігадовага суседа з сабакам. Гадаванец быў на павадку, але без намордніка. Хлопчыкі спыніліся, каб пагаварыць, яны былі знаёмыя. Але праз некаторы час маці малодшага школьніка пачула крыкі. Яна выбегла ў пад'езд і ўбачыла сына з ранамі на твары. Як стала вядома, сабака раптоўна напаў на хлопчыка, яго выратаваў мінак.

Пацярпелага адвезлі ў дзіцячую бальніцу, дзе яму наклалі 10 швоў каля правага вока, вуснаў і падбародка. Па словах медыкаў, хлопчыку пашанцавала, што не пашкоджаны зрок.

Між тым маці хлопчыка напісала заяву ў пракуратуру, адкуль яе накіравалі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў, справа разглядаецца ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Зараз вядзецца праверка: апытваюцца сведкі, вызначаецца ступень цяжкасці ўкусаў сабакі, вывучаюцца дакументы і іншае. У хуткім часе будзе дадзена прававая ацэнка ўладальнікам сямімесячнага стафа Джэксана. У кіналагічным цэнтры сабаку пратэсціруюць на агрэсіўнасць, і свой вердыкт вынесуць судмедэксперты. Як стала вядома, сабака не зарэгістраваны ў ЖЭСе, што ўжо з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Да таго ж ён гуляў з непаўналетнім хлопчыкам, а таксама без намордніка, што недапушчальна. У Беларусі гэта парода занесена ў спіс патэнцыйна небяспечных. Такі сабака павінен прайсці абавязковы кіналагічны курс. Але ўладальнікі, як відаць, аб гэтым не ведалі.

Суседзі пачалі збор подпісаў, каб ізаляваць сабаку ад грамадства. Яны гавораць аб тым, што сам гаспадар праяўляе агрэсію да сабакі, а сям'я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У сваю чаргу, на бацькоў пацярпелага хлопчыка пачалі сыпацца пагрозы ў сацыяльных сетках.

Ці будзе заведзена крымінальная справа, стане вядома пасля праверкі. Гаспадарам у любым выпадку пагражае штраф за парушэнне правілаў утрымання сабак, наконт астатніх мер пакарання вырашыць суд.

Дарэчы, летась толькі ў Гродзенскай дзіцячай абласной бальніцы было зарэгістравана больш за 100 зваротаў пасля ўкусаў жывёл.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Агрэсіўны Джэксан

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.