Вы тут

«Хаты перасоўвалі трактарамі». Як утваралася сяло Ліпава


Па-першае, у Кобрынскім раёне два Ліпава. Адно знаходзіцца на ўсход ад Кобрына, каля Гарадца, а другое — на поўдзень, каля Дзівіна. Гаворым зараз пра дзівінскае Ліпава. А па-другое, вёска цікавая тым, што яшчэ адносна нядаўна яе наогул не было... Населены пункт утвораны недзе ў 50-х гадах, калі пачалі перасяляць хутары.


Хаты перасоўвалі трактарамі

Калі б хто намерыўся, магчыма, і адшукаў бы ў дакументах былога Дзівінскага раёна прозвішча таго ўпаўнаважанага, які можа лічыцца «бацькам-заснавальнікам» вёскі. Бо менавіта ён прыехаў з райцэнтра недзе напачатку 50-х, пахадзіў туды-сюды, памераў зямлю, нарэзаў участкі і паказаў людзям, куды яны могуць перавозіць свае дамы. Так і вырасла цяперашняя вуліца Ліпава. Гэта ўсё памятае Аляксей Фёдаравіч Алясюк, настаўнік на пенсіі, былы дырэктар школы вёскі Старое Сяло Жабінкаўскага раёна. А нарадзіўся Аляксей Фёдаравіч на адным з ліпаўскіх хутароў.

Адзін час ён займаўся напісаннем уласнай радаслоўнай і многа даведаўся пра гісторыю малой радзімы. Вось што расказаў былы настаўнік:

— На ускрайку Ліпава можна заўважыць рэшткі былога панскага маёнтка. Маёнтак быў тыповы, з паркам, садам, аранжарэяй, вадаёмамі. Ад яго засталіся толькі старыя дрэвы. Дык вось недзе ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя памешчык ушчэнт разарыўся. Можа, за даўгі, можа, яшчэ з якой прычыны яго землі былі выстаўлены на продаж. І некаторыя з заможных сялян набывалі сабе надзелы на гэтай даволі добрай, урадлівай зямлі. Калі ў каго не хапала грошай, расійскі зямельны банк даваў пазыку — крэдыт, па-цяперашняму. Вось і мой дзед купіў 30 дзесяцін зямлі. Ён з родзічамі пераехаў на новае месца з вёскі Хадынічы, таму нас у акрузе называлі Хадынцы. За тымі, што прыехалі з вёскі Баранцы і ўтварылі хутар з шасці хат, замацавалася мянушка — Бараны. Яшчэ адзін хутар атрымаў дзіўную мянушку — Індыя. Расказваюць, што адразу пасля вайны тут працавалі палонныя немцы. І гэты хутар быў адным з самых бедных, занядбаных. Назвалі яго так германцы, бо Індыю яны лічылі бяднейшым краем у свеце. Цікава, што іншыя назвы паступова забыліся, а згаданую мясцовасць да гэтай пары ўсе называюць Індыяй.

А ў нас сталі арганізоўваць калгас, паступіла дырэктыва ўсіх звозіць з хутароў, працягвае Аляксей Фёдаравіч. У калгасах і МТСах ужо былі трактары. Памятаю, як на спецыяльных прыстасаваннях цягнулі хаты. Гэта было больш зручна, не даводзілася разбіраць зруб па бярвенні, везці драўніну, а потым складваць наноў. Прымацоўвалі вуглы да спецыяльнай рамы, і з дапамогай двух трактароў перасоўвалі хату на новае месца. Так вось і пачыналася цяперашняе Ліпава. А побач з перавезенымі дамамі ўзводзілі новыя. У гады маладосці былога дырэктара гэта была ўжо даволі вялікая вёска. Тут адкрылі пачатковую школу, будаваліся ферма, магазін. А хлопцы і дзяўчаты таго пакалення імкнуліся атрымаць адукацыю. Паступалі ў тэхнікумы, інстытуты. Ну і з'язджалі з роднай вёскі.

«Цяпер у Ліпаве засталося шэсць сталых жыхароў, пяць жанчын і адзін мужчына», — расказвае былая стараста вёскі Алена Труцько. Алена Іванаўна прыехала ў вёску ў канцы 70-х гадоў. Пераехала з Бярозаўскага раёна з сям'ёй. Заатэхнік па спецыяльнасці, яна ўладкавалася працаваць загадчыцай фермы, пазней стала брыгадзірам комплекснай брыгады, у якую ўвайшла ферма. Дарэчы, ферма была адна з самых перадавых у калгасе. Тут людзі надзвычай працавітыя. Можа, дала пра сябе знаць хутарская жылка. Куплялі зямлю, абзаводзіліся сваёй гаспадаркай тыя, хто ўмеў працаваць і не баяўся работы. Такім жа вырасла і пакаленне дзяцей хутаран, якія працавалі ў жывёлагадоўлі. «Памятаю, на планёрках старшыня калгаса паднімаў іншых загадчыкаў фермы, ушчуваў за нейкія хібы ў рабоце, а тыя тлумачылі, што жывёлаводы напіліся ды і не выйшлі на змену. Для мяне гэта было дзіўным. За ўсю маю работу не здаралася ніводнага падобнага выпадку».

Пяць і адзін

Алена Труцько.

Яшчэ цікавы факт прывяла Алена Труцько. Усе чатыры яе цяперашнія аднавяскоўкі працавалі да пенсіі на ферме. Усе зараз маюць прыстойную пенсію, больш за 400 рублёў, што сведчыць аб вялікім стажы, добрай зарплаце. Што і казаць — працаўніцы былі. Выгадавалі годных дзяцей, усіх дзеці праведваюць, даглядаюць.

Алена Іванаўна цяпер наймаладзейшая з ліпаўцаў, астатнім у асноўным пераваліла за восемдзесят. Мабыць, з улікам іх шаноўнага ўзросту работнікі аўтакрамы прапаноўвалі кожнаму на падворак падвозіць прадукты. Дык яны адмовіліся. Прыйсці ў прызначаны час да аўтакрамы азначае сабрацца разам, пагаварыць, абмяняцца навінамі. Так і робяць два разы на тыдзень. Яшчэ раз на тыдзень прыязджае ў вёску пошта. І вельмі прасілі жыхаркі Ліпава адзначыць уважлівасць, чуласць іх паштовага работніка: кожную капеечку вылічыць, лішні раз кожнаму растлумачыць. Прывязе, скажам, па заказе мех камбікорму, дык не скіне пасярод двара альбо каля весніц, а спытае: куды паставіць. Здавалася б, дробязь, але сталыя людзі цэняць такое стаўленне.

Як і стаўленне да пенсіянераў тутэйшага фермера. Будынак былой фермы, якая ў савецкія часы была найлепшай у калгасе, купіў дзівінскі фермер Эдзік Аліеў. Менавіта так тут называюць выхадца з Азербайджана. Фермер гадуе авечак, коней. І адразу ўзяў шэфства над вясковымі пенсіянерамі. Пасадзіць, выкапаць бульбу перастала быць праблемай, бо ён заўсёды дасць трактар. А калі хто хоча купіць гатовыя клубні, то іх прывязуць проста на падворак, фасаваныя ў мяшкі, і складуць у склеп. Алена Труцько ўспамінала, як першы раз хадзіла да новага фермера купіць сена для казы, раней яна яшчэ трымала больш жыўнасці. «Тады думала, ці паслухае, ці адгукнецца на просьбу калгаснай пенсіянеркі вясковы бізнесмен, — са смехам успамінае яна. — А ён весела адказаў: «Не хвалюйся, гаспадыня, адзін каза пракормім». Пасля гэтага работнік фермерскай гаспадаркі прывёз сена і акуратна склаў у стажок. Так што з Эдзікам нам пашанцавала».

Курортны край

Добра адзываюцца жыхары вёскі і пра маладых гаспадароў аграсядзібы «Ціхі край» сужэнцаў Шынкарукоў. Яны купілі некалькі дамоў на пустой вуліцы, наводдаль. Таму іх госці не перашкаджаюць пенсіянерам, там наогул не вельмі часта парушаюць цішыню. А з'яўленне гасцей асабліва з дзецьмі падтрымлівае адчуванне жыцця ў вёсцы, і Ліпава не выглядае выміраючым населеным пунктам, хоць і засталося ў ім, як ужо сказана, усяго шэсць жыхароў.

Летам тут, вядома, больш людзей, прыязджаюць, дзеці, унукі былых гаспадароў. Паводле слоў старшыні Дзівінскага сельскага Савета Веры Пікулы, мясціна курортная: адразу за вёскай пачынаецца лес, недалёка возера. Зямля надзвычай урадлівая, яшчэ не так даўно дзівінцы стараліся браць участкі пад агарод у Ліпаве, так што для дачнікаў — рай, а не мясціны.

У вялікім доме, узведзеным у свой час калгасам, Алена Труцько зараз жыве адна. Дочкі прыязджаюць на выхадныя: адна жыве ў Кобрыне, другая — у Дзівіне. Раней і на рабоце паспявала, кіравала вялікай брыгадай, і карову трымала. Цяпер вось засталіся толькі куры ды пару індыкоў. «Чытаю, вяжу, гляджу тэлевізар, чакаю дзяцей», — расказвае гаспадыня. У гэты час раздаецца тэлефонны званок — дачка тэлефануе кожны дзень, цікавіцца здароўем. «Цяпер сувязь добрая, — працягвае Алена Іванаўна. — Ва ўсіх нашых пенсіянераў і хатнія тэлефоны, і мабільныя. Каб дзеці не хваляваліся». Вось так павярнулася жыццё. Былыя хутаране жылі без электрычнасці, без радыё, пра навіны маглі даведацца, калі выязджалі ў мястэчка ці ў горад, а за зямлю трымаліся, як за галоўнае ў жыцці. Прайшло нейкія гадоў шэсцьдзясят, іх нашчадкі маюць у вясковых хатах сродкі сувязі, якія дазваляюць наладзіць імгненныя зносіны хоць з Амерыкай, а зямля, купленая дзядамі, нікому стала непатрэбнай...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.