Вы тут

У Гродне плануюць запусціць «чортава кола»


Атракцыён усталююць у цэнтральным гарадскім парку імя Жылібера. Яго вышыня — 42 метры, што ўдвая вышэй за самыя высокія дрэвы. На ім прадугледжана незвычайная ілюмінацыя, а таксама адмысловыя аглядальныя кабінкі.


Так выглядае гістарычны цэнтр Гродна з аглядальнай пляцоўкі кафэ «Дах свету», што на вуліцы Савецкай.

Кажуць, што новае — гэта даўно забытае старое. Так і з колам агляду ў Гродне. Такі атракцыён тут з'явіўся ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ў парку побач з Каложскай царквой. Старэйшыя гродзенцы памятаюць гэтае месца, бо часта прызначалі тут сустрэчы. Але сам атракцыён быў хутчэй для аматараў экстрыму — кабінкі не зачыняліся і дрыжалі пры пад'ёме. Таксама значным мінусам быў і абмежаваны агляд. З самага высокага пункта можна было ўбачыць толькі Замкавае гарышча і Нёман. Гістарычная частка горада не аглядалася, бо вышыня кола дасягала толькі 8-павярховіка. Атракцыён адпрацаваў гадоў дзесяць і прыйшоў у аварыйны стан. У мэтах бяспекі яго разабралі.

І вось два гады таму ўзнікла ідэя ўзнавіць «чортава кола». Усталяваць яго планавалі ў тым жа Каложскім парку. Але справа зацягнулася, участак ніхто не набыў, інвестар, які спачатку агучыў свае намеры, праект не адолеў. І вось цяпер — чарговы захад. Новая фірма выйшла з іншай прапановай — пабудаваць кола ў гарадскім парку атракцыёнаў. Мясцовыя ўлады далі згоду і выдзелілі пляцоўку. «Чортава кола» будзе «ўціснута» ў паркавае асяроддзе, побач з атракцыёнам «амерыканскія горкі».

Дарэчы, зараз тут вядуцца работы па разведцы геалагічных парод: працуюць дзве свідравальныя ўстаноўкі. Пляцоўка ўзгоднена і ў Міністэрстве культуры. Але наперадзе яшчэ нямала тэхнічных узгадненняў і экспертыз. Плануецца, што на выраб кола спатрэбіцца тры месяцы, яшчэ месяц — на яго мантаж.

Такім чынам, вяртанне ў горад былога атракцыёна можа адбыцца ўжо ўвесну. Такія тэрміны абумоўлены і пачаткам турыстычнага сезона. Гродна ўжо два гады ўваходзіць у бязвізавую зону, і новы атракцыён зацікавіць найперш замежнікаў. А гэта не толькі эмоцыі, адрэналін, але і агляд гістарычнага цэнтра і наваколля з вышыні птушынага палёту. Безумоўна, забаўляльны аб'ект надасць гораду турыстычнай прывабнасці і можа стаць славутасцю абласнога цэнтра.

На коле зробяць 24 закрытыя кабінкі, кожная — на чатыры месцы. Паўсюдна прадугледжаны абагравальнікі, што дасць магчымасць працаваць колу ўвесь год, за выключэннем моцных маразоў. Месцы для замежнікаў будуць абсталяваны аўдыёгідамі на некалькіх мовах. Асаблівы эфект надасць ілюмінацыя. Плануецца, што падсветка будзе ў выглядзе лагатыпа Фестывалю нацыянальных культур.

Адно з апошніх колаў агляду ў Беларусі з'явілася летам 2017 года ў Брэсце — яго ўсталявалі ў гонар надыходзячага 1000-годдзя горада. Усяго такіх атракцыёнаў у нашай краіне пяць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Новы погляд з вышыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці.