Вы тут

Мамін дзённік. А што ўмее тваё дзіця?


Стаўшы маці, я даведалася, што дзіця — тваё і любое іншае — павінна ўпісвацца ў кімсьці прыдуманыя рамкі. Самастойна трымаць галаву ў тры месяцы, сесці ў паўгода, а ў васьмімесячным узросце ўвогуле гаварыць складамі!


Калі майму Цёміку споўніўся месячык, я павезла гэты маленькі кулёчак да неўролага. Відавочных прычын на тое не было. Такі цяпер парадак: у месячным узросце немаўля павінна пабываць на прыёме не толькі ў згаданага спецыяліста, а і ў артапеда, акуліста і, уявіце сабе, сесці ў... стаматалагічнае крэсла. На руках мамы, вядома.

Прыехалі мы ў медыцынскі цэнтр (у нашай сталічнай дзіцячай паліклініцы — ніводнага неўролага!). За дзвярыма з адпаведнай шыльдай сустрэла ветлівая жанчына ў белым халаце. Пастукала малаточкам па маленькіх ручках-ножках, пазвінела бразготкамі перад носікам, папрасіла малога ёй усміхнуцца... І сцеражы Бог, каб Цёмік не выканаў бы хоць адну з яе просьбаў: адпаведны дыягназ, відавочна, з'явіўся б у толькі што заведзенай картцы.

Можна ўявіць, як я хвалявалася, калі маё дзіця ў паўгода яшчэ не сядзела. Трывога прайшла амаль у сем месяцаў. У адзін дзень Арцёмка не толькі сеў, а і папоўз (дагэтуль яму падабаўся выключна задні ход), і нават, чапляючыся за парэнчы свайго ложачка, стаў на ножкі. І тут урачы былі незадаволеныя — рана.

Абсадзіць мне сваё «верацяно», вядома, не ўдалося. Устаўшы на ножкі, Цёмік зразумеў, што свет значна большы, чым яму здавалася дагэтуль, і з задавальненнем, хоць і цаной пабітага лба ды прыціснутых пальцаў, пачаў яго асвойваць: адчыняць шафкі, выцягваць з разетак прыборы, цягнуць у рот правады, выкідваць з паліц кнігі і іншыя, на яго думку, непатрэбныя рэчы.

Аказваецца, у васьмімесячным узросце дзіця не павінна прачынацца больш як тры разы за ноч. Што толькі ні рабіла, каб хоць крыху скараціць сыночкавыя, а адпаведна, і мае начныя пад'ёмы. Укладвала раней спаць, забараняла родным бударажыць Арцёмку перад сном, карміла на ноч кашай (думала, што малачком не наядаецца), накрывала-раскрывала, спецыяльным сродкам мазала дзясны, з якіх вылазяць зубкі... Безвынікова. Магчыма, сітуацыю выправіла б таблетка «Гліцыну», як рэкамендуюць некаторыя ўрачы, але здаровы сэнс перамог.

Чаго толькі не пішуць наконт таго, што павінна ўмець дзіця ў канкрэтным узросце, чым яно павінна харчавацца і якое слова сказаць першым (у нашым выпадку гэта «баба»). Размовы матуль малалетніх дзяцей часам увогуле нагадваюць спаборніцтвы: да таго дайшло, што хваляцца, калі малое самастойна сходзіць на гаршчок.

Напэўна, і гэта важна. Толькі ў пагоні за чарговым «дасягненнем» свайго маленства мы забываемся, што ўсе дзеці, як і мы, дарослыя, абсалютна розныя. Няхай малое расце так, як патрабуе ад яго прырода (не без фанатызму, канешне!). А мы будзем назіраць за чарговымі справамі і ўчынкамі сваіх нашчадкаў, а не думаць пра некім прыдуманыя рамкі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.