Вы тут

«Не хапае толькі гусі ў бронзе»


Пакуль едзем са старшынёй Беладубраўскага сельсавета Мікалаем Кажамякіным на месца, размаўляем пра свойскую жывёлу. Святы Апанас ахоўвае не толькі гусей, але і ўсіх астатніх гадаванцаў. Дарэчы, кароў у Белай Дуброве таксама болей чым дзе па сельсавеце — 29. І гэта амаль на 600 жыхароў. Але гусей на душу насельніцтва ўсё роўна атрымліваецца болей. Аграгарадку Белая Дуброва пашчасціла з рэчкамі, прырода сама стварыла ўсе ўмовы для гусінай «дзейнасці».


Гадаванцы Людмілы Аляксейчанкі.

Людміла Стральцова з задавальненнем знаёміць са сваёй немаленькай, як на цяперашнія часы, гаспадаркай.

— Дзве каровы, свінні, куры, гусі, качкі, — пералічвае яна і ўдакладняе: — Гусей трымала ўсё жыццё, ад бабкі, а потым і маці пераняла традыцыю. Чаму не трымаць? Рэчка побач, а што яшчэ гусям трэба?

Зараз у Людмілы Іванаўны два гусакі і чатыры гускі. Гэта, тлумачыць, на семя. Гускі хутка пачнуць несці яйкі, потым будуць выседжваць гусянят. Якім будзе патомства, казаць пакуль рана. Было і па 60 штук, а летась вылупілася 19. На некалькі месяцаў наперад забяспечыла сябе гусіным мясам і тлушчам. А апошні, як вядома, лекавы сродак. І добра ратуе ад марозу. «Вось тыя салдаты, што ў Маскве ў каравуле на Краснай плошчы стаяць, зімой твар змазваюць гусіным тлушчам, каб не абмарозіць, — з веданнем справы кажа жанчына. — На сто працэнтаў ратуе. А яшчэ добры пры апёках і ўдарах. Абмыў рану пад праточнай вадой, намазаў — і парадак. Хутчэй загойваецца і скуру не цягне. А калі кашаль або бранхіт, трэба грудзі намазаць, і хвароба хутка пройдзе. Цёплая коўдра таксама добрае лякарства. Шыю з пер'я і коўдры, і падушкі. Нават на заказ. Было неяк, жыхар Санкт-Пецярбурга заказваў».

Успомніла яна і кур'ёзны выпадак са свайго жыцця. Аднойчы ў снежні зляцелі гусі са двара ў луг, Іванаўна паспрабавала гнаць дадому, а яны па снезе ісці не жадаюць. Прыйшлося тэлефанаваць дамоў, выклікаць дзяцей з санкамі. У мяшок гусей пасадзілі і павезлі дахаты.

Зімовыя купанні

Пакуль размаўлялі, падышла яшчэ адна суседка Людміла Аляксейчанка.

— У мяне тры гусі і сем качак, — дае яна справаздчу. — Кожны дзень гуляюць на рэчцы. Яна трымае яшчэ трусоў розных парод. Адны з іх «баранамі» завуцца за занадта пушысты «чуб». Не бяда нават, калі збягуць з клеткі, сабака Топка вушастых кантралюе. А гусей і наогул кантраляваць не трэба, яны птушкі разумныя. І ніякіх маразоў не баяцца. На вуліцы мінус 10, а ім хоць бы хны.

— Гусям не холадна, іх тлушч грэе, нават у маразы любяць пакупацца. Трэба толькі сачыць, каб пад лёд не нырнулі. Было неяк, дзве гусі так і загінулі, толькі вясной, калі лёд на рацэ пачаў таяць, знайшлі тое, што ад іх засталося, — расказвае Людміла Стральцова.

Суседкі ачыняюць хлявы і праводзяць птушыных на купанні. Смешна назіраць збоку, як чырвоныя лапкі спрытна мільгацяць па заснежанай сцежцы. А калі з-за соснаў паказваецца Беседзь, яны і зусім пераходзяць на галоп, дапамагаючы крыламі. Вось аматары прыняць водныя працэдуры!

Цешанькі, це-це-це — звыклы кліч, якім гаспадыні заклікаюць птушак, нават не дапамагае. «Пакуль не вымыюцца — бессэнсоўна зваць, — кажуць гаспадыні. — Вось калі выйдуць на лёд і пачнуць пёры чысціць, іншая справа. Паслухаюць і нават адгукнуцца».

Святы Апанас пакараў

Соф'я Яфрэменка адна з тутэйшых старажылак. Гусямі займаецца колькі сябе памятае. І Святога Апанаса вельмі шануе. У гэты дзень, папярэджвае, нельга нічым сур'ёзным займацца, а вось гусям трэба ўсе знакі ўвагі аказваць, каб яны не пакрыўдзіліся.

— Да вайны адзін тутэйшы жыхар на свята стаў клеіць крэсла, вось у яго ўсе гусі і перавяліся, — расказвае яна павучальную гісторыю. — Нарадзіліся са зрошчанымі лапкамі. Прапалі, адным словам.

На заметку

Гусі вельмі добрыя вартаўнікі. Калі нехта пройдзе, пачынаюць гагатаць. Сігналізуюць лепей за сабаку.

Калі гусь на адной назе, значыць, быць маразам.

Калі гусь пачынае купацца, чакай пацяплення.

У Соф'і Лаўрэнцьеўны з гусямі ніколі праблем не было — і па 30, і па 40 штук нараджалася. Ёй хутка 85 гадоў, а гусі і зараз на двары гагочуць. І не толькі гусі. Ёсць і карова, і парсючок, і куры. Навошта такая вялікая гаспадарка? А хто ўнукам дапамагаць будзе? А так гусь за трыццаць рублёў прадаў, вось табе і прыбытак. Ды і стравы смачныя атрымліваюцца. Адзін халадзец чаго каштуе. Але пра гэта асобна пагаворым.

Чаму гусей у Белай Дуброве стала меней? «Лянівыя мы сталі, — лічыць Лаўрэнцьеўна. — За імі ж глядзець трэба, розныя ворагі на іх нападаюць — і птушкі, і жывёлы. Потым перажываеш».

З яблыкамі і капустай

Гусямі, лічаць у вёсцы, займацца — любата. Летам наогул корму ідзе мінімум — ім і травы хапае. Увечары зерня крыху клюнулі — і на супакой. А раніцай зноў «на вольныя хлябы». Зімой харчаванне больш каларыйнае, але і гэта невялікія страты. «Калі гусей шмат, даход будзе добры, — лічаць суразмоўнікі. — Можна шмат тушонкі нарыхтаваць. Гэта ж смаката».

— Мне, напрыклад, вельмі падабаецца бульба на гусіным тлушчы, — смачна расказвае Людміла Стральцова. — А яшчэ суп гарохавы з гусяцінай. Калі дабавіць ячнай крупы і фасолі, наогул атрымліваецца цудоўна. А гусі з чарнаслівам або квашанай капустай — такая смаката, што за вушы не адцягнеш. А яшчэ з бульбай можна або рысам ці яблыкамі. Дадаў солі, перцу, крыху вады — і ў печку ці ў духоўку. Найлепшая страва на любое свята.

Аляксандр і Людміла Аляксейчанкі таксама шмат ведаюць смачных страў з гусяціны. Людміла прызнаецца, што гусямі займаецца не так даўно — гадоў пяць. Раней далёка ад рэчкі жыла, потым у Касцюковічах, а з тых часоў, як выйшла на пенсію і пераехала бліжэй да Беседзі, занялася гусямі. Мяса і пер'е каштуюць нямала. Вунь пашыла ўнучцы коўдру. Цёплая як печка. А тлушч гусіны — ад шматлікіх хвароб ратуе. Адной жанчыне з хворымі нагамі масаж з ім робяць — дапамагае. А яшчэ заўважалі, што скура ад звычайных крэмаў сохне, а ад гусінага тлушчу не.

Святыя ахоўнікі Белай Дубровы

Хлебам не кармі, дай пакупацца.

У Грэцыі, Малой і Сярэдняй Азіі гусі лічыліся святымі птушкамі, іх таксама атаясамлялі з багаццем. Згадваюцца яны і ў Адысеі. Памятаеце, у Пенелопы было 12 гусей і яна любіла назіраць, як яны ядуць намочанае зерне. Для рымлян гусі наогул ратавальнікі, якія дапамаглі пазбегнуць смерці, загагаталі, калі каварныя галы хацелі іх знішчыць. І хаця Белая Дуброва не Грэцыя і нават не Рым, шануюць тут гэтых сімпатычных птушак ніяк не меней. Цікавы фестываль прыдумалі.

Антаніна Цыганкова, загадчыца Беладубраўскага дома культуры, сведчыць:

— Гэта свята не магло не нарадзіцца. Тут спрадвеку гусей гадавалі, клапаціліся, каб патомства было добрае. Гэтыя традыцыі мы ў аснову свята і паклалі. Месцамі, праўда, крыху перабольшылі, але ж толькі для таго, каб цікавей было. Напрыклад, прыдумалі, што гусей для адкорму зашывалі ў парусінавыя мяшкі, з якіх тарчалі адны галовы, а ў дзюбу ставілі варонку і закідвалі зерне і арэхі. На самай справе было прасцей. Гусей сапраўды саджалі ў асобныя скрыні і кармілі «далікатэсамі» — канюшынавай і льняной мякінай, якую спецыяльна збіралі на палях. Калі корм добры, тады і плоднасць павышаецца, гусянят нараджаецца болей.

Свята гусінае для аграгарадка — падзея касмічнага маштабу. Якіх толькі іспытаў для сваіх гадаванцаў мясцовыя не прыдумвалі. Гонкі, напрыклад, ладзілі, стаўкі рабілі. Чыя гусь хутчэй прыбяжыць, таму і прыз. «Я нават прыгожы кубачак выйграла», — усміхаецца Людміла Аляксейчанка. Гусям і капялюшыкі надзявалі, і банты прывязвалі. Людзей было шмат, усім спадабалася.

— Са сваім гусіным святам мы ўжо аб'ездзілі ўсю Беларусь. І кожны раз нешта новае дадаём, — расказвае Антаніна Цыганкова. — Асноўны наш сімвал — запечаная гусь. Варым крупу, перакручваем звараныя вантробы і напаўняем тушку. Смаката.

Пакуль, праўда, у раёне канчаткова не вызначыліся, калі свята праводзіць. Рабілі ў канцы лютага, але гэта не зусім зручна. Гускі якраз толькі рыхтуюцца да таго, каб абзаводзіцца патомствам. Спачатку яйкі нясуць, потым садзяцца, а там ужо і гусянят нядоўга чакаць.Калі малыя выведуцца, гусям наогул не да свята. Ды і на выгляд не вельмі — худыя. За лета тлушч нагуляюць, за восень да кандыцыі дойдуць, а ў снежні можна і свята рабіць, лічаць гаспадыні.

Старшыня сельскага Савета Мікалай Кажамякін вывучае магчымасць паставіць у аграгарадку помнік птушцы. Ён і зараз ёсць, але ж зроблены сваімі сіламі з цэменту. А хацелася б, каб было нешта больш істотнае і сур'ёзнае.

— Наогул у Белай Дуброве шмат працавітых людзей жыве. Напрыклад, па сельскім Савеце ў нас 46 кароў, з іх у Белай Дуброве — 29, шмат хто здае малако дзяржаве, — адзначыў Мікалай Кажамякін. — Гусі — гэта таксама дадатковы заробак. А галоўнае, людзі пры справе. На вёсцы чаму співаюцца? Ад гультайства. А калі ёсць гаспадарка, не да выпіўкі.

Дарэчы, што датычыцца гусей. Тут яшчэ і выхаваўчы момант прысутнічае. Летась наша школьніца Вольга Прымакова падрыхтавала публікацыю пра гусінае свята, якая выйшла ў адной з цэнтральных газет. Дзяўчына ж атрымала пуцёўку ў лагер «Зубраня», дзе таксама прэзентавала фестываль. А яе работа, прысвечаная гусям, перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.