Вы тут

Пра карысць маўчання


– Святы айцец, вы ж ведаеце,
як гэта працуе? 
– Тэарэтычна...

(Фільм «Пяты элемент».)

Колькі разоў вам даводзілася чуць (а мо, і самім выказваць?) нараканні: урачы дрэнна лечаць, выпісваюць накіраванні на непатрэбныя аналізы і прызначаюць «фуфламіцыны», школа дрэнна вучыць, бо ў настаўнікі ідуць адно тыя, хто больш нікуды не паступіў, новае жыллё дрэнна будуюць, бо ўсё навокал крадуць і робяць цяп-ляп, па тэлевізары абы-што паказваюць, бо што яны там умеюць, гэтыя страшна далёкія ад народа «гаворачыя галовы», а ўжо як жахліва выхоўваюць новае інфантыльнае пакаленне сучасныя бацькі — ні злосці, не слоў на іх не хапае.


Зрэшты, слоў якраз хапае, а таму з усіх бакоў людзі даюць адно аднаму няпрошаныя парады, робяць бестактоўныя заўвагі, вучаць жыццю, крытыкуюць і скардзяцца, патрабуюць прыцягнуць да адказнасці, змешваючы ў адзін вінегрэт свае і чужыя правы і абавязкі. Прычым часта самыя гучныя і безапеляцыйныя заўвагі робяць тыя, хто ў прадмеце разбіраецца, мякка кажучы, зусім па вярхах, тэарэтычна. Мы — грамадства тэарэтыкаў і экспертаў з канапы, якія лепш за прафесіяналаў у той ці іншай справе ведаюць, як правільна трэба вучыць, лячыць, жаніцца, разводзіцца, выхоўваць дзяцей, вадзіць машыну. Так-так, і пісаць артыкулы можам не горш за іншых. Ат, што тут цяжкага, некалькі слоў у сказ скласці, усе пісьменныя, у школе сачыненні здавалі — а якія там былі ацэнкі за змест і арфаграфію, не мае ніякага значэння, бо... (гл. пункт пра настаўнікаў). Словам, мы з вамі, прыклаўшы элементарныя высілкі і ўключыўшы напоўніцу свае разумовыя здольнасці і шматлікія таленты, ужо заўтра змаглі б служыць у разведцы, здымацца ў кіно, атрымаць Вялікі хрустальны глобус на чэмпіянаце свету па біятлоне і выйграць «Еўрабачанне». Тэарэтычна. А на практыцы да ікоты часта згаданыя ўрачы самых розных спецыяльнасцяў рэгулярна змагаюцца з наступствамі самалячэння асабліва разумных пацыентаў, якія «па інтэрнэце» сабе і дыягназ паставілі, і лекавыя сродкі прапісалі, а педагогі разводзяць рукамі: якіх поспехаў у вучобе патрабаваць ад дзіцяці, калі яго мама пастаянна пытаецца ў класным чаце: «Что зодовали назавтра?»

Альбо вось узяць новы стары прадмет «Асновы сямейнага жыцця», які ў выглядзе факультатыву вяртаецца ў беларускія школы. З аднаго боку, бацькі абедзвюма рукамі «за», бо інстытут сям'і, як ніколі, мае патрэбу ў падтрымцы, а то і ў паратунку. А з другога — у інтэрнэт-суполках горача спрачаюцца: хто, уласна, будзе выкладаць старшакласнікам такі важны прадмет — школьны псіхолаг Мар'я Іванаўна, у якой сваёй сям'і няма ці ёсць негатыўны вопыт? Чаму ўсе так прычапіліся да гэтай міфічнай Мар'і Іванаўны і вырашылі, што яна абавязкова няўдачніца, я не ведаю. Затое бачу з боку тэарэтыкаў шмат крытыкі і сумневаў і пры тым нежаданне падзяліцца ўласным практычным досведам — маўляў, а чаго я, няхай вунь псіхолагі і сацыёлагі, і медыкі, і хто там яшчэ — карацей, хто-небудзь іншы прыйдзе і выхавае ідэальнага будучага сем'яніна. Хоць справа якраз не ў ідэале, а ў тым, каб падлеткі зразумелі, што тэорыя нішто без практыкі, без штодзённай працы, у тым ліку над сабой...

Зноў жа, на практыцы назіраецца дзіўная рэч. Мала хто з нас ведае і разумее механізмы ўласнай псіхікі, але практычна кожны дарослы чалавек збольшага ўяўляе сабе, як уладкаваны, прабачце, зліўны бачок ва ўнітазе. І прытым чамусьці ніхто не лезе з каштоўнымі парадамі пад руку сантэхніку, які прыйшоў ратаваць вашага «белага сябра». Затое тэарэтыкі дружным хорам скажуць вам, што найлепшы сродак ад дэпрэсіі — гэта перастаць ныць (а пасляродавай дэпрэсіі наогул не існуе, яе лянівыя мамкі выдумалі, каб дома з дзецьмі не сядзець, ага). Атрымліваецца — чалавечая душа больш простая рэч, чым унітаз? Альбо проста ад сантэхніка з вялікай доляй верагоднасці прыляціць у адказ парада, куды б вам пайсці са сваімі парадамі?

Напэўна, тут важна ўсвядоміць і прыняць: калі ты можаш дапамагчы і зрабіць лепш, то проста зрабі і ідзі далей. А калі не можаш і парады не просяць, то збяры ўсе сілы і прайдзі моўчкі, без маралі і павучэнняў. Гэта якраз той выпадак, калі маўчанне — золата. І плюсік у карму.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.