Вы тут

Сацыяльна небяспечным становішча будуць вызначаць па-новаму


З заўтрашняга дня прызнаваць дзяцей тымі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), будуць па новых крытэрыях, вызначаных пастановай Саўміна

№ 22 ад 15 студзеня 2019 г. Дзякуючы зменам цяперашняе знаходжанне 24 тысяч дзяцей у СНС да 1 жніўня перагледзяць, і, як спадзяюцца спецыялісты, многія пазбавяцца такога азначэння і адпаведна — кантролю за сям'ёй.


15 дзён на праверку

Пад сацыяльна небяспечным становішчам непаўналетніх разумеюць сітуацыі, калі малыя знаходзяцца ў абставінах, пры якіх не задавальняюцца іх асноўныя жыццёвыя патрэбы. Гэта значыць, бацькі не гарантуюць ім бяспеку, нагляд і клопат, у дзяцей адсутнічаюць ежа, адзенне, жыллё, медыцынская дапамога. Як вынік, непаўналетнія здзяйсняюць правапарушэнні і злачынствы. Да прыкмет СНС адносіцца таксама амаральны лад жыцця бацькоў, іх негатыўны ўплыў на дзяцей і фізічны гвалт, што стварае небяспеку для жыцця і здароўя малых.

Інструкцыя № 47 ад 2004 года Міністэрства адукацыі не ўлічвала нормаў многіх заканадаўчых актаў, што былі прынятыя пазней, таму патрабавала перагляду, адзначыла Алена СІМАКОВА, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі:

— Малыя прызнаюцца тымі, якія апынуліся ў СНС толькі тады, калі бацькі не выконваюць свае абавязкі належным чынам, чым ствараюць неспрыяльны для дзяцей асяродак і небяспеку іх жыццю і здароўю. У пастанове № 22 раскрываюцца парадак і тэрміны выяўлення дзяцей у СНС і нязручных для іх абставін як першага кроку да вызначэння наяўнасці сацыяльна небяспечнага становішча ў сям'і.

Калі нездаровыя прыкметы знойдуцца, адпаведны дакумент накіруюць у органы адукацыі, дзе яго вывучаць і прааналізуюць, аднак гэта не азначае аўтаматычнага прысваення сям'і статусу СНС. Педагогі павінны адрэагаваць на сігнал і правесці «сацыяльнае расследаванне» — такое дзеянне як тэрмін упершыню замацавалі заканадаўча ў пастанове № 22. Абстаноўку ў сям'і павінны праверыць цягам 15 дзён.

Жаданне выправіцца вітаецца

Расследаваннем будуць займацца не адны толькі педагогі, а і іншыя органы, што павінны абараняць правы і інтарэсы дзяцей. Вынікі расследавання разгледзяць на пасяджэнні савета ўстановы адукацыі па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, каб вынесці вердыкт пра наяўнасць сацыяльна небяспечных крытэрыяў.

Пры гэтым на пасяджэнне абавязкова запросяць бацькоў, каб яны не толькі ведалі, але і чулі, што адбываецца ў дачыненні да іх сям'і. І тут ужо ім вырашаць: ці прымаць меры па выпраўленні, ці не мяняць сваё стаўленне да жыцця і дзяцей.

— У многім зыходзячы з жадання і адказу бацькоў савет прафілактыкі вырашае: накіраваць матэрыялы аб прызнанні дзіцяці тым, якое апынулася ў СНС, у каардынацыйны савет, створаны выканкамам у кожнай мясцовасці, або накіраваць бацькоў па аказанне сацыяльнай дапамогі ў адпаведны дзяржорган, — заўважыла Алена Сімакова. — Пры гэтым бацькі павінны самі напісаць заяву ў дзяржаўны орган, які аказвае сацыяльныя паслугі, каб атрымаць іх. Гэта таксама новая магчымасць, замацаваная заканадаўча для бацькоў, якія жадаюць праявіць актыўную жыццёвую пазіцыю і гатоўнасць стварыць для дзіцяці нармальныя ўмовы жыцця. Такім чынам яны ўжо прымаюць меры, каб іх сям'ю не прызналі ў СНС.

Другая магчымасць самастойна вырашыць, выпраўляцца ці не, даецца бацькам падчас пасяджэння каардынацыйнага савета — там прымаецца рашэнне аб замацаванні за малымі статусу СНС і зацвярджэнні комплексу мерапрыемстваў, скіраваных на стварэнне спрыяльнага асяродку для дзяцей. Праўда, пры гэтым у сям'і будуць праходзіць таксама і кантрольныя мерапрыемствы.

Уся гэтая работа датычыцца выпадкаў, калі дзіця пакідаюць у сям'і і не прызнаюць яго тым, каму патрабуецца абарона дзяржавы. Новая пастанова скіравана менавіта на ўдасканаленне работы без адабрання малых з сем'яў.

— Больш дакладная, ясная, зразумелая, з пэўна вызначаным парадкам работа на этапе прызнання дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, дазволіць зрабіць адабранне малых з сям'і мінімальным, — дадала прадстаўніца міністэрства адукацыі. — Па даных на канец мінулага года, дарэчы, у параўнанні з 2010-м удвая зменшылася колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены правоў на малых.

Медыцынскія крытэрыі

Пры распрацоўцы пастановы № 22 улічваліся таксама факты неабгрунтаванага прызнання дзяцей тымі, якія апынуліся ў СНС, і тымі, каму патрабуецца абарона дзяржавы, у тым ліку і на падставе заключэнняў урачэбных камісій.

— На месцах не заўжды правільна трактавалася Інструкцыя № 47, якой кіраваліся таксама і супрацоўнікі аховы здароўя пры выяўленні прыкмет СНС, — заўважыла Ганна КОТАВА, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па амбулаторна-клінічнай дапамозе дзецям. — Нашы работнікі пры аказанні дапамогі дома звярталі ўвагу на сямейна-бытавыя ўмовы, якія маглі сведчыць пра існаванне патэнцыйна дрэннага становішча для цяжарнасці або жыцця і здароўя непаўналетняга.

Пастанова № 22 дакладна вызначыла крытэрыі, па якіх цяпер павінны працаваць медыкі, — гэта калі бацькі сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медработнікаў па дыягностыцы, лячэнні або рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю ці здароўю.

— Новая роля з'явіцца ва ўрача-педыятра і тэрапеўта — функцыя ўрача-эксперта, які павінен будзе вызначыць наяўнасць пагрозы жыццю і здароўю дзіцяці, — дадала яна. — Пры гэтым з 24 тысяч дзяцей у СНС 1913 малых было выяўлена медыкамі, а ўсяго з боку ўрачоў было даслана больш як 9000 рэагаванняў.

Трэба адрозніваць, што сістэматычнае адмаўленне ад антыбіётыкаў пры прастудах — не падстава для рэагавання, а вось адмова ад іх пры пнеўманіі — крок да СНС. Поўнае непрыманне прышчэпак, якія адносяцца да прафілактычных мер, таксама не прывядзе да прызнання дзіцяці тым, якое знаходзіцца ў небяспецы.

Накіраванне ў ЛПП і праверка настрою

Роля праваахоўных органаў пры выяўленні дзяцей, якія трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, цяпер будзе жорстка вызначана і звядзецца да прафілактычнай работы з бацькамі, калі яны стаяць на прафілактычным уліку, і непаўналетнімі, калі на тое маюцца заканадаўчыя падставы. А таксама пры разглядзе скаргаў ад суседзяў.

— Інфармацыя ад органаў унутраных спраў ці аховы здароўя ў органы адукацыі аб наяўнасці тых ці іншых крытэрыяў не з'яўляецца падставай для пастаноўкі дзіцяці ў СНС. Гэта суб'ектыўнае меркаванне таго, хто выявіў даныя крытэрыі. Рашэнне будзе прымацца ўпаўнаважаным на тое органам, — падкрэсліў Сяргей ЯНКОЎСКІ, начальнік аддзела ўпраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў. — Органы ўнутраных спраў у межах сваёй кампетэнцыі будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу з асобамі, якія апынуліся ў СНС, або афармляць у лячэбна-працоўны прафілакторый пры наяўнасці падставы для гэтага.

У сваю чаргу, спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва выяўляюць дзяцей, што апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, падчас гутарак з людзьмі, якія звяртаюцца да іх: пры аказанні сацыяльных паслуг дома, назначэнні сацыяльнай, адраснай дапамогі, пенсій, абследаванні ўмоў пражывання, выдачы пасведчання шматдзетнай сям'і. Аналізуюць настрой, паводзіны і стасункі бацькоў і дзяцей і робяць адпаведныя вывады.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Адабраць ці пакінуць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».