Вы тут

Як атрымаць тэхнічныя сродкі рэабілітацыі?


У Беларусі пражывае больш за 568 тысяч людзей з інваліднасцю, з іх амаль 32 тысячы складаюць дзеці да 18 гадоў. Многія з гэтых людзей маюць патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі. Якім чынам іх можна атрымаць і ці маюцца льготы па іх аплаце, нам расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Пратэзна-артапедычныя і іншыя сродкі рэабілітацыі значна аблягчаюць жыццё людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Усяго ў Дзяржаўны рэестр тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі ўваходзяць 72 пазіцыі — крэсла-каляска з электрапрыводам, апорны кій, спецыяльны супрацьпролежневы матрац, пратэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў, бандажныя вырабы, слыхавыя апараты і многія іншыя прадметы. Забеспячэнне імі людзей, якія маюць такую патрэбу, праводзіцца па заяўным прынцыпе.

Куды звяртацца?

Патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі для чалавека вызначае медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія (МРЭК) альбо ўрачэбна-кансультатыўная камісія (УКК).

Для забеспячэння сродкамі рэабілітацыі неабходна звярнуцца з заявай у мясцовы орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, прадставіўшы наступныя дакументы:

  1. індывідуальную праграму рэабілітацыі альбо заключэнне УКК;
  2. дакумент, які сведчыць асобу;
  3. пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і пашпарт аднаго з бацькоў пры забеспячэнні сродкамі рэабілітацыі дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 16 гадоў;
  4. пасведчанне (укладыш да яго) для грамадзян, якія маюць права на льготы;
  5. працоўную кніжку (пры неабходнасці).

Дарэчы, не ўсе сродкі рэабілітацыі можна атрымаць у органах сацыяльнай абароны. Па мыліцы, пратэзы і артэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў і тулава, экзапратэзы малочнай залозы з ліфамі, артапедычны абутак і некаторыя іншыя сродкі рэабілітацыі прыйдзецца звяртацца ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр у Мінску ці ў яго філіялы ў рэгіёнах.

Каб людзям з інваліднасцю І, ІІ групы і дзецям-інвалідам выдзелілі слыхавыя апараты, кантактныя лінзы, лупы, тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню цукру ў крыві, глюкометр ці інсулінавыя шпрыцы, неабходна звяртацца ў мясцовыя органы аховы здароўя.

Бываюць выпадкі, калі інваліду складана самастойна прыехаць і падаць дакументы. За яго гэта могуць зрабіць сваякі. А на дом да адзінокага чалавека можа быць накіраваны сацыяльны работнік, які прыме заяву. Акрамя таго, інваліды І групы і інваліды-калясачнікі для атрымання сродкаў рэабілітацыі маюць права бясплатна скарыстацца сацыяльным таксі.

Што наконт аплаты?

Сродкі рэабілітацыі могуць выдзяляцца бясплатна, а таксама на льготных умовах — з аплатай 20, 25 і 50 працэнтаў кошту. Таксама маюцца пэўныя катэгорыі грамадзян, якія павінны набываць сродкі рэабілітацыі за поўны кошт у арганізацыі-вытворцы або ў арганізацыі, якая гандлюе імі. Умовы аплаты ў кожным канкрэтным выпадку лепш удакладніць у раённым упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (у сталіцы — у раённым упраўленні сацыяльнай абароны).

Тэрмін выкарыстання

Важна памятаць, што сродкі тэхнічнай рэабілітацыі маюць свой тэрмін выкарыстання. Так, напрыклад, для пакаёвых калясак гэты тэрмін складае пяць гадоў, для прагулачных — чатыры гады. Для многіх з іх прадугледжана магчымасць рамонту — на працягу года з моманту атрымання забяспечваецца гарантыйны рамонт. Па заканчэнні гэтага тэрміну органы сацыяльнай абароны яшчэ раз бясплатна адрамантуюць сродак тэхнічнай рэабілітацыі.

У выпадку калі тэрмін эксплуатацыі сродку рэабілітацыі не мінуў, але ў чалавека змяніліся антрапаметрычныя параметры, палепшыўся альбо пагоршыўся стан здароўя, у выніку чаго немагчыма выкарыстоўваць наяўны сродак рэабілітацыі, пры наяўнасці індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння УКК магчыма выдача новага. Пры гэтым выдадзены раней сродак рэабілітацыі трэба будзе вярнуць.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.