Вы тут

Пачуць Пачуйкі


Невялікая вёска Пачуйкі на памежжы Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў — з шэрагу неперспектыўных. Але нечакана пра гэтае паселішча загаварылі дзякуючы тутэйшаму жыхару Мікалаю Іваноўскаму.


Мікалай Іваноўскі каля каплічкі

Дванаццаць гадоў таму ён вярнуўся сюды з Гродна пасля шматгадовай працы на вытворчым аб’яднанні «Азот». Трэба было падтрымаць маці, разам перажыць гора — заўчасную смерць брата, мастака Дзмітрыя Іваноўскага. Карціны з выявамі родных краявідаў і ваяроў часоў Вялікага Княства Літоўскага на сценах бацькоўскай хаты, здаецца, глядзелі з дакорам. Вось каплічка ў закінутым стане, крыж побач з ёю нахіліўся… Іваноўскі хутка выправіў сітуацыю.

А яшчэ бавіў час за камп’ютарам. І паліліся вершаваныя радкі на роднай мове… Па змесце яны быццам дапаўнялі карціны брата. З’явілася ідэя надрукаваць яго палотны ў кнізе. У альбомнае выданне «Нашчадкі роду Іваноўскіх» увайшлі фотаздымкі карцін Дзмітрыя Іваноўскага і вершы Мікалая Іваноўскага. Кантакт з чытачамі, іх шчырыя водгукі і падтрымка Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ натхнілі на новыя вершы. У паэтычнай папцы з’явіліся «Пачуйскія крыжы», «Дзяды», «Гудзевіцкія калядкі», «Пачастуем пабеларуску», «Бяда суседа — мая бяда» ды іншыя творы. Сваёй творчасцю запаўняе нішу, у якой ёсць месца гісторыі роду, народным традыцыям і побыту. Калі не хапае лірычных сродкаў, на дапамогу прыходзяць гумар і сатыра. А гэта ўжо ў другім паэтычным зборніку «Пяром і сэрцам».

Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту прызначана маляўнічая кніжка «Загадкі на ўсе выпадкі». Вершаваныя загадкі пісаліся шмат гадоў. У выніку назбіралася столькі, што склалася цікавая пазнавальная азбука, у якой на кожную літару маецца па некалькі загадак і адпаведна слоў-адгадак. Кнігу можна лічыць своеасаблівым слоўнікам сакавітых беларускіх слоў. А другая — «Сцяжынка дзяцінства» далучае падлеткаў да вясковага побыту, тлумачыць з’явы прыроды, апавядае пра птушак і звяроў, вучыць даражыць спадчынай і любіць родную мову.

Тамара МАЗУР, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.