Вы тут

Як прымусіць спачуваць безэмацыянальнага чалавека


На першым кінатэатральным паказе «Дэбюту» ў Мінску было досыць людна — у 10 гадзін суботняй раніцы ў «Аўроры» амаль усе месцы былі занятыя. На жаль, большасці з гледачоў кіно было непатрэбнае: школьнікаў, якія на працягу ўсяго сеанса глядзелі ў экраны смартфонаў, амаль не цікавіла тое, што адбывалася на экране вялікім. Хоць, не — ім весела было абмяркоўваць, што ў адной з гераінь няма зуба, а ў другой ёсць акуляры ад Шанэль. Вельмі шкада, што асноўная драма стужкі прайшла міма маладых гледачоў…


Кадр з фільма «Дэбют».

Настасся Мірашнічэнка сапраўды выпакутавала сваё кіно: на працягу некалькіх гадоў адсочвала тэму, чакала дазволу на здымкі, вяла перамовы з героямі, разам са здымачнай групай перажывала ўсе складанасці працоўнага працэсу. У выніку нарадзіўся «Дэбют», які стаў для рэжысёра яшчэ адным крокам да вялікага кінематаграфічнага лёсу: фільм паказалі на гучным фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме IDFA, што для любога дакументаліста — ужо перамога.

 «Дэбют» — гэта кіно, знятае жанчынай пра жанчын, якое атрымала ўвагу журы сапраўды заслужана: складаныя тэма і лакацыя, нестандартныя гераіні, сапраўдныя эмоцыі — гэта сумесь, якая прымусіць спачуваць нават самага безэмацыянальнага. І калі лічыцца, што ставіць знак роўнасці паміж дакументалістыкай і рэальнасцю няправільна, то ў гэтай стужцы знак роўнасці паставіць насамрэч можна. Чаму? Тлумачым!

Падзеі фільма адбываюцца ў Гомельскай жаночай калоніі, дзе знаходзяцца асуджаныя, якія здзейснілі злачынства першы раз. Адсюль і такая «палітра» гераінь: тут і дзяўчаты-студэнткі, і заможныя дарослыя жанчыны, і хатнія гаспадыні, і нават маладая маці, якая выхоўвае дзіця ў калоніі. Да канца фільма будзе невядома, што такога яны ўчынілі, чаму трапілі сюды. І гэта зроблена наўмысна: рэжысёр не хацела, каб глядач загадзя прычэпліваў гераіням ярлыкі, а ўспрымаў іх больш аб’ектыўна, праз прызму гісторыі жыцця. Да таго ж у фільме жанчыны паказаныя яшчэ і праз сваё захапленне — тэатр. Тэатральная студыя ў калоніі існуе больш за 10 гадоў. Там жанчыны пад наглядам акцёра Гомельскага драматычнага тэатра вывучаюць п’есы, ставяць спектаклі, самі выконваюць ролі. І гэта, напэўна, адзіная магчымасць для іх адчуць смак іншага жыцця: на сцэне гераіні адчуваюць сябе вольнымі, прывабнымі, унікальнымі. Але галоўнае, што на сцэне яны пазбаўляюцца цяжару свайго турэмнага лёсу, забываюць пра яго на час рэпетыцыі.

Кадр з фільма «Дэбют».

Настасся Мірашнічэнка адзначае, што тэма тэатра ў «Дэбюце» другасная. Кіно зусім пра іншае — пра тое, як не стаць бяздушным за кратамі, як жыць на адлегласці ад сям’і, як застацца жанчынай у калоніі. І, безумоўна, гэта стужка пра любоў жанчын да сваіх дзяцей і бацькоў.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».