Вы тут

І засвяціла нам “Зорка”


Калі нядаўна ў Іркуцку святкавалі Каляды, то моладзь з Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага зладзіла там і цікавую дзіцячую пляцоўку


Вясёлыя калядоўшчыкі на Каляднай вечарыне ў Іркуцку

Суровыя зімовыя сібірскія ночы — да таго ж і цёмныя! А маразы!! І быццам зіма толькі ўступіла ў свае правы: цэлы тыдзень у нас і -40 градусаў было! А некаторых сібіракоў як здула ў цёплыя далі: грэцца паляцелі. В’етнам, Тайланд — найпапулярныя напрамкі з Іркуцка ў навагоднія канікулы. Дзіўлюся з тых пералётных птахаў: і лета было гарачым, да +36, і восень‑2018 сонечная, сухая (суцэльная рамантыка, а не “унылая пора”), дык не ж — людзям цяпла ўсё мала й мала!

А беларусы ў Сібіры — не з палахлівых: маразы нас не пужаюць. Калі ж Сонца жыццядайнае з Зімы на Лета павярнула ды, як кажуць у народзе, прыбыў дзень на вераб’іны скок, то гэтую пазітыўную вібрацыю ў Прыродзе падхапілі мы, іркуцкія беларусы. Дасталі кажухі, маскі, Зорку Калядную падрамантавалі, падуспомнілі тэксты песень Калядных — і рушылі ад дома да дома: добрым людзям пра вестку радасную паведаміць. І спявалі пры тым калядоўшчыкі на іркуцкіх вуліцах добразычлівыя песні, гаспадароў велічалі, водзячы з сабою Казу й Мядзведзя ў шумнай кампаніі Механошы й Дзеда. Варта яшчэ дадаць, што такія “незвычайныя” паводзіны калядоўшчыкаў гараджан і не надта здзівілі: на іркуцкай зямлі Калядная традыцыя па гэты час жывая. А прыйшла яна сюды ў свой час, у далёкае Прыбайкалле, разам з сялянамі-перасяленцамі з цэнтральнай часткі Расіі, а таксама Беларусі, Украіны.

Мы зберагаем і паважаем народныя традыцыі продкаў. А ў дзівосную пару, калі Сонца на Вясну паварочвае, Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” традыцыйна ўжо, штогод збірае сваіх сяброў на Каляды. Мы запрашаем да сябе на свята як іркуцян, так і гасцей горада. Яшчэ і ў аддзяленнях ІТБК актывісты беларускага руху праводзяць гэтае свята: у Чарчэце, Андрушыне, Тургенеўцы, Марынінску, Жызнеўцы… Безумоўна, у сёлах сібірскіх, дзе жывуць нашыя супляменнікі, праходзіць усё з большым беларускім каларытам, больш натуральна. І нават, можна сказаць, аўтэнтычна. На гэты конт у нас так жартуюць: там “працэнт тлустасці вышэй”… Ды што ж рабіць, калі гараджане ад зямлі адарваліся? Усё роўна ж Сонца ўшанаваць абавязкова трэба, каб вечнай зімы ў свеце не было. Таму гараджане-сібіракі й вырашылі: не адчайвацца, да старэйшых, больш абазнаных людзей прыслухоўвацца, ды яшчэ вывучаць традыцыі продкаў. Так і ладзім іркуцкія Каляды.

На гэты раз арганізатары пастараліся надаць імпрэзе сямейны характар. Паспрабавалі стварыць атмасферу ўтульнасці, хатняй цеплыні, для чаго й сабралі-запрасілі на свята народных прадстаўнікоў усіх узроставых груп. А некаторыя так і прыйшлі — сем’ямі. Праграму ж святочную выбудавалі з улікам таго, каб дзяліцца ведамі пра Каляды, уключылі ў яе інтэрактыўныя пляцоўкі з беларускімі гульнямі, танцамі, варожбамі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Ахвочыя ж мелі яшчэ магчымасць і ў шэрагах калядоўшчыкаў пабыць, прымераўшы на сябе тую ці іншую ролю. Скажам, Казою ці Мядзведзем вам больш падабаецца? Можна было й апрабаваць, наколькі ўдалае тое пераўвасабленне, тут жа на гледачах.

Алёна Сіпакова з Калядным катом

І яшчэ адметнасць нашых нядаўніх Калядаў: мы правялі свой спеўны сход! Як вядома, сёння гэта ў Беларусі папулярны такі грамадскі праект — людзі ўсе разам спяваюць любімыя народныя песні, разам развучваюць іх. Асабліва ж цікава тое ўсё атрымліваецца, калі працэсам кіруе прафесіянал — спявак, фалькларыст, музыка. Ідэя праекта належыць таленавітаму Сержуку Доўгушаву, ён сам — прафесійны спявак. Да таго ж асобна была зладжана ў нас Калядная дзіцячая пляцоўка, на якой аніматарамі выступілі старшакласнікі — удзельнікі Агітбрыгады “Зорка”. Гэта наш новы моладзевы праект, і вельмі сімвалічна, што “Зорка” беларуская хораша засвяціла ў Іркуцку якраз на Каляды.

Прыемна было мне назіраць за маладымі сем’ямі, што прыйшлі на беларускае Каляднае свята. Гэта ж яшчэ нядаўна быў моладзевы актыў ІТБК, а сёння хлопцы, дзяўчаты — са сваімі дзецьмі. Так што нашая суполка маладзее! Скажам, Юлія Пярмінава прыйшла з мужам Андрэем (працуе спецыялістам на Іркуцкім алюмініевым заводзе) і Макарам (13), Платонам (9), і Зояй (3 гады). Быў з намі й Юлін тата, Анатоль: яму 70 гадоў, і ён працуе геафізікам. Была на святочнай імпрэзе таксама сям’я Аляксея Кухты: ён з жонкаю, мастачкай-керамісткай Ганнай (пра яе газета пісала: “Чароўныя акарыны Ганны Радзівонавай” — ГР, 17.08.2016), ды яшчэ іх сынок Валадар (яму 6 студзеня споўніўся годзік). Была й мама Ганны: Алена Радзівонава. Наколькі мне вядома, сям’я маладая на зіму прыехала ў горад. А як пацяплее, у траўні, плануюць вяртацца ў вёску Віленск (там каля 20 двароў), што далёка ад Іркуцка — у Ніжнеудзінскім раёне. Дарэчы, хоць можа каму падацца, што назва паселішча звязана з Вільняй, раней беларускім горадам, ды паходжанне назвы іншае: ад слоў Владимир Ильич ЛЕНин. А “сезонныя вандроўкі” Аляксею з Ганнай ды малым сынам даводзіцца рабіць, бо старая хата, у якой у вёсцы жывуць, узімку цяпло не трымае. Нашы сябры й мінулую зіму правялі ў горадзе. Але кажуць, падабаецца ім жыццё вясковае. (Трохі пра тое — глядзіце на старонцы Вконтакте “Земля трав. Керамика ручной работы. Иван-чай.” https://vk.com/zemlіa_trav — Рэд.)

Хораша таксама было сустрэць на Калядах і заснавальнікаў ІТБК: яны для нас — нібы гарант жывучасці, устойлівасці суполкі. І радаваліся мы, бачачы на беларускай імпрэзе новыя твары, людзей рознага ўзросту і полу, — бо гэта ж яскравы паказчык цікавасці жыхароў Іркуцка да беларускай культуры, нашай суполкі, нашых культурна-асветніцкіх праектаў.

Кіраўніца Фальклорнай студыі “Беларусы Прыбайкалля” Юлія Пярмінава і яе сям’я

Наша Калядная сустрэча зладзілася дзякуючы планамернай працы Фальклорнай студыі “Беларусы Прыбайкалля” — ёй кіруе Юлія Пярмінава, яна ж і старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК. Мы дзякуем Цэнтру сацыяльных ды інфармацыйных паслуг для моладзі ў асобе Пятра Трэскіна — за прадастаўленую нам утульную Малую залу “Дома афіцэраў”. Наша ўдзячнасць і фотаслужбе “Восточная Сибирь” у асобе Аляксандра Барысавіча Данілава: за прафесійны, яскравы рэпартаж.

Алёна Сіпакова, кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Фота: Аляксандр Данілаў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.