Вы тут

Калі важна трымаць баланс


Знаходзяць прызнанне супляменнікі ў Іркуцку, якія зберагаюць свае нацыянальныя традыцыі, а таксама працуюць на карысць грамадзянскай згоды ў Прыбайкаллі


Фота Ірыны Камаровай.

Газета паведамляла ўжо, што важкую расійскую ўзнагароду з рук вядомага рэжысёра Юлія Гусмана ў Іркуцку атрымала кіраўніца праекта “Фестываль нацыянальных культур — Сузор’е дружбы” Алёна Сіпакова (“Алене — ад Юлія” — ГР, 14.12. 2018). Што за фестываль? Вяртаемся да тэмы, распытваем пра падрабязнасці ў Алёны.

З яе допісу ў рэдакцыю вынікае: чацвёрты ўжо “Фестываль нацыянальных культур — Сузор’е дружбы” прайшоў у сяле Аёк напрыканцы кастрычніка. Як тое было? “Розныя адукацыйныя арганізацыі Іркуцкага раёна працавалі разам з Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага — і зладзілі мы чарговы фестываль, які праходзіў пад дэвізам “Беражыце дружбу! Беражыце мір!”, — паведамляе Алёна. — 14 школ прадстаўлялі нацыянальныя культуры розных народаў — рускага, беларускага, украінскага, эвенкійскага, бурацкага, кітайскага, карэйскага, цыганскага. Таксама былі прадстаўлены побыт і музычная творчасць казакоў, якія выдзяляюцца ў сегменце рускай традыцыйнай культуры”.

У складзе журы былі прадстаўнікі Упраўлення губернатара і Урада вобласці па сувязях з грамадскасцю й нацыянальных адносінах, актывісты нацыянальна-культурных цэнтраў. Яны з розных бакоў ацэньвалі праекты ўдзельнікаў фестывалю. У намінацыі “Каков народ — таков обычай” (у беларусаў ёсць блізкае па сэнсе ды ўрыфмаванае выслоўе: “Што ні край, то свой звычай”) лаўрэатамі сталі творчыя калектывы Хамутоўскай школы №1 (эвенкійская культура), Маркаўскай (кітайская культура) ды Мікольскай школы (руская культура). У намінацыі “Национальные песни и танцы” дыпломы лаўрэатаў атрымалі творчыя калектывы Аёкскай школы (карэйскі танец), Мамонаўскай (казачы танец “Я на печке молотила”), Урыкаўскай (беларуская песня “Не бывае неба лепшага”). Спецдыпломы за папулярызацыю традыцыйнай народнай культуры й падарункі былі ўручаны калектывам — ад нацыянальна-культурных цэнтраў: бурацкага, беларускага, карэйскага ды ўкраінскага. Ды яшчэ Упраўленне губернатара і Урада вобласці па сувязях з грамадскасцю й нацыянальных адносінах уручыла прызы й падарункі.

Сем калектываў, якія найбольш глянуліся журы, выступілі ў праграме вялікага абласнога канцэрту, ён праходзіў 4 лістапада ў Палацы спорту горада Іркуцка. Былі ж гэта калектывы, якія прадстаўлялі культуру казакоў (з Мамонаўскай ды Півавараўскай школ), цыганоў (з Кудзінскай), беларусаў (з Урыкаўскай), карэйцаў (з Аёкскай), кітайскую (з Маркаўскай) і гурт з Максімаўскай з танцам “Зимушка”.

Каштоўныя, важныя праекты ініцыююць ды з партнёрамі рэалізуюць іркуцкія беларусы! У адным з інтэрв’ю Алёна Сіпакова казала: праект дапамагае кожнаму задумацца, адкуль прыехала яго сям’я, адкуль яго род. Скіраваны ж “Фестываль нацыянальных культур — Сузор’е дружбы” на выхаванне ў расійскіх школьнікаў павагі да роднай культуры, да іншых культур народаў, што жывуць у Расіі.

Дарэчы, нашы чытачы ведаюць: розныя міжнацыянальныя фестывалі ладзяць і беларусы ў Самары. Скажам, у 2017-м суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000” ініцыявала й правяла ўпершыню вялікі абласны шматнацыянальны дзіцячы і юнацкі конкурс-фестываль мастацтваў “Мама — первое слово, главное слово в каждой судьбе”. (Гл.: “Свята для матуль” — ГР, 13.12.2017 — https://www.sb.by/artіcles/svyata-dlya-matul.html). Ён прысвячаецца Усерасійскаму Дню Маці, які адзначаюць у апошнюю нядзелю лістапада. Яшчэ, мы ведаем, супляменнікі з Саюза беларусаў Дону падключыліся да міжнацыянальнага этнапраекта “150 культур Дону”, і старшыня СБД Уладзімір Банцэвіч выступіў галоўным кансультантам, калі рыхтавалася прадстаўленне беларускага народнага свята ў яго плыні. (Гл.: “Як на Доне восенню Вясну пагукалі” — ГР, 28.11.2018)

Весткі пра тое, як актыўна ўдзельнічаюць беларусы дыяспары ў міжнацыянальных праектах на карысць краін пражывання — частыя ў рэдпошце. Што, аднак, насцярожвае? Жадаючы ўсім быць добрымі, паказваючы талерантнасць і верацярпімасць, беларусы лёгка схіляюцца ў інтэрнацыянальную дзейнасць — і, бывае, родны, нацыянальны складнік беларускага руху адыходзіць на другі план. Ці можа тое толькі здаецца, калі глядзець з Мінска? Мяркую, варта ўсё ж актывістам суполак такія пытанні абмяркоўваць, выбіраючы галоўныя кірункі дзейнасці, ды здаровы баланс “роднага й міжнароднага” заўсёды трымаць. Бо трымае й вясёлка ў сабе розныя колеры — тым і прыгожая! А калі ў жаданні “быць як усе” нацыянальныя адметнасці беларусаў сатруцца, калі адбудзецца поўная асіміляцыя ў мясцовыя народы — ці ж на карысць тое будзе нашай Бацькаўшчыне?

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».