Вы тут

У Мінску будзе кніжная пара


Арганізатары XXVІ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, якая пройдзе з 6 па 10 лютага, рыхтуюцца гасцінна сустрэць каля 60 тысяч жыхароў і гасцей сталіцы


Адна з прэзентацый на мінулагодняй выставе-кірмашы

60 000 — гэта многа ці мала? Мяркуйце самі, маючы на ўвазе: гэта ў некалькі разоў больш, чым летась. Пад экспазіцыі кніг будзе аддадзена каля 3 тысяч квадратных метраў Адміністратыўнага комплексу па праспекце Пераможцаў, 14. Экспаненты прыедуць больш чым з 30 краін: будуць прадстаўлены Швецыя, Германія, Францыя, Фінляндыя, Славакія, Сербія, Румынія, Рэспубліка Карэя, Італія, Польшча, Егіпет, Венгрыя, Балгарыя, Кітай, Турцыя, да таго ж краіны Прыбалтыкі, СНД. Шматлікім наведнікам і ўдзельнікам выставы-кірмашу абяцаюць, акрамя навінак выдавецтваў краін блізкага й далёкага замежжа, насычаную дзелавую й культурную праграму, бізнэс-перамовы, майстар-класы, адукацыйныя трэнінгі.

Сёлета выстава-кірмаш пройдзе пад дэвізам “Больш чым кніга!”. У планах арганізатараў нават гастра-тыдзень, пад час якога ў мінскіх кафэ й рэстаранах пастараюцца гатаваць стравы, апісаныя ў творах беларускіх пісьменнікаў. У кінатэатрах і на беларускіх тэлеканалах пакажуць фільмы па матывах вядомых кніг, у тэатрах жа пройдуць спектаклі — таксама ў той жа плыні. Студэнты з Нацыянальнай акадэміі мастацтваў прапануюць выставу цікавых прац дызайнераў па сучасным афармленні кніг. Важкае слова наконт сучаснай ілюстрацыі кніг скажуць і мастакі. Выдаўцы пазнаёмяць чытачоў з новым захапленнем маладых людзей: так званымі кнігамі з дапоўненай рэальнасцю New books. А распаўсюднікі паспрабуюць паразважаць, як лепш выкарыстоўваць краудфандзінг і сацсеткі для прасоўвання кніжнай прадукцыі. Ці ўсё “Мы робім па-людску?” — такое пытанне зададуць пакупнікам гандляры кнігамі пры дапамозе sms-галасавання. Хто прагаласуе ў “кніжныя” дні — атрымае зніжку ў 10 працэнтаў, а іх адказы дапамогуць арганізатарам Усебеларускага конкурсу вылучыць лепшы кнігагандлёвы пункт. У лютым пройдзе й цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58‑га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2019”.

У плыні выставы-кірмашу ў пяты раз збярэцца Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час” — адна з найцікавых дыскусійных пляцовак. Больш за 50 вядомых пісьменнікаў з 25 краін прыедзе ў Беларусь, каб пазнаёміць чытачоў са сваімі новымі творамі. Шматлікія сустрэчы, аўтограф-сесіі, майстар-класы з папулярнымі пісьменнікамі будуць ладзіцца ў бібліятэках і навучальных установах. Паэты прачытаюць свае вершы як на выставачных пляцоўках, так і ў “паэтычным аўтобусе” са звычайнымі пасажырамі, які пачне курсіраваць ужо хутка ад станцыі метро “Няміга” да выставачнага комплексу.

Зразумела, што галоўным героем, дзеля якога збіраюцца ладзіць усе імпрэзы, стане Яе Вялікасць Кніга. Найпершую кнігу, выдадзеную на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (у склад яго ў даўнія часы ўваходзілі й беларускія землі), пакажуць на цэнтральным стэндзе Мінінфармацыі Беларусі. Гэта “Малая падарожная кніжка” Францыска Скарыны 1522-га года выдання. У аматараў даўніны з’явіцца магчымасць убачыць яе ў арыгінале ды пагартаць копію ў электронным выглядзе. Шмат цікавых экспанатаў будзе выстаўлена з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, аб праекце якога “У пошуках страчанага” шмат пішуць СМІ. Рэдкія кнігі, часопісы, газеты, паштоўкі, пісьмовыя прыналежнасці, нават друкарскі станок на ўзор тых, што працавалі ў XVІ стагоддзі, Уладзімір Ліхадзедаў пакажа на стэндзе Мінінфармацыі. Прэзентацыя альманаха Terra poetіca, які выдадзены ў плыні міжнароднага гуманітарнага праекта “Мінская ініцыятыва”, пройдзе з удзелам аўтараў з Расіі, Украіны, Беларусі.

Да знакавых юбілейных дат — 75‑годдзя Вызвалення Беларусі і 100‑годдзя масавага моладзевага руху — будуць прымеркаваны дзве асобныя акцыі. Аб вайне і перамозе наведнікі выставы ўспомняць, збіраючы… танк з кніжак, якія пазней арганізатары акцыі перададуць у дзіцячыя і медыцынскія ўстановы. А пра камсамольскае мінулае нашай краіны ўзгадаюць на прэзентацыі выдання “В ритме летящих лет…”. Хто з беларускіх паэтаў не пісаў вершы пра камсамол? Колькі дзён нараджэння ў беларускага камсамола? Адказы на гэтыя пытанні ведаюць аўтары новай кніжкі.

Для дзяцей, якія любяць чытаць, будуць паказаны тэатралізаваныя пастаноўкі, прадстаўлены новыя дзіцячыя кнігі ў сучасным фармаце, арганізаваны літ-квэсты, якія стануць своеасаблівай гульнёй-расследаваннем. На прэзентацыю дзіцячай літаратуры адвядуць 4‑ы дзень. Да таго ж дзеці змогуць паўдзельнічаць у сумесным напісанні кнігі. Некалькі сказаў наконт свайго бачання будучыні Беларусі праз 10 гадоў яны змогуць даслаць на сайты Мінадукацыі ды Мінінфармацыі.

Асобная тэматычная выстава духоўнай кнігі пройдзе ў кніжныя дні ў Мінскім храме-помніку ў імя Усіх Святых. У апошні, пяты дзень выставы-кірмашу лепшыя экспазіцыі атрымаюць узнагароды ад арганізатараў.

Ганна ЛАГУН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце.