Вы тут

Штогод у Беларусі 150 тысяч дзяцей атрымліваюць траўмы


А 150 гінуць.

Аб гэтым ішла размова падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай сацыяльнаму праекту «Дзеці ў бяспецы».


— Як маці траіх дзяцей і ўрач ведаю, што вельмі важна не толькі нарадзіць здаровых дзетак, але і вырасціць іх здаровымі, — расказвае ініцыятар праекта, кіраўнік Цэнтра падтрымкі мацярынства і дзяцінства «Мамстарт» і кампаніі «Мамэксперт» Наталля НАЎРОЦКАЯ. — Мы ставім перад сабой задачу мінімізаваць рызыкі траўматызму ў дзяцей, павышаючы адукаванасць і адказнасць бацькоў ў гэтым кірунку.

Ініцыятары праекта расказалі, што бацькі часта не ведаюць, які новы навык развіўся ў іх малога, і з-за гэтага здараюцца траўмы. Асаблівасцю нашага менталітэту з'яўляецца рэактыўная рэакцыя на траўміраванне. Іншымі словамі, мамы і таты зрэдку займаюцца прафілактыкай — пакуль не здарыцца небяспечная непрыемнасць.

Маладым маці часта хочацца выглядаць ідэальнымі. І калі раптам з дзіцем здараецца няшчасце, жанчына замыкаецца ў сабе з-за пачуцця віны і проста замоўчвае гэты факт. А на самай справе ў кожнай мамы набярэцца з дзясятак выпадкаў, калі жыццё і здароўе малога былі пад пагрозай, — аж да падзення са спавівальных сталоў. Звычайна афіцыйная статыстыка — гэта невялікі працэнт тых няшчасных выпадкаў, якія здараюцца ў сем'ях.

— Мы хочам змяніць свядомасць бацькоў, — дадае Наталля Наўроцкая.— Каб яны, прывозячы немаўля дадому, стварылі бяспечнае для яго месца. Асабліва потым, калі дзіця пачынае актыўна рухацца. Увогуле, трэба гарантаваць бяспеку ўсёй траекторыі дзіцячага руху. Напрыклад, калі гаварыць аб памяшканні, то будзе добра, калі дарослы стане на калені, прапаўзе па ўсім доме ці кватэры і ўбачыць сваімі вачамі тое, што можа быць небяспечным для малога.

Ужо паўгода ініцыятары праекта разам з медыцынскімі работнікамі і супрацоўнікамі МНС ствараюць неабходныя матэрыялы для рэалізацыі праекта.

— Вельмі важна падтрымаць праект, які паслужыць прафілактыцы дзіцячага траўматызму,— падкрэслівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Міхаіл ВІШНЯВЕЦКІ. — Штогод у краіне гіне каля 150 дзяцей. Статыстыка паказвае, што яны часта атрымліваюць траўмы, іншы раз несумяшчальныя з жыццём, па недаглядзе і недасведчанасці маладых бацькоў.

— Мы на практыцы бачым, што мэтанакіраваная работа па навучанні насельніцтва ў сферы бяспекі дае вынікі, — расказала начальнік сектара Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС Анастасія КЛЯБАН. — Калі малы праглынуў батарэйку, засунуў пальцы ў ацяпляльны прыбор, надзеў на галаву гаршчок і ў іншых шматлікіх сітуацыях, выклікаюць нас. Таму важна навучыць бацькоў вырашаць пытанні бытавога траўматызму ў першую чаргу самім, на месцы.

— Мы рады скааперавацца з грамадскай арганізацыяй у такой важнай справе, як бяспека дзяцей,— адзначыла намеснік галоўнага ўрача клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці Таццяна БАСАЛАЙ. — Навучанне будуць праходзіць не толькі ўрачы, але і сярэдні медперсанал — акушэркі і медсёстры, якія шчыльна кантактуюць з дзецьмі і іх бацькамі.

Ініцыятыва «Дзеці ў бяспецы» рэалізуецца ў рамках праекта «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У рамках праекта медработнікаў навучаць правілам фарміравання бяспечнай прасторы для дзяцей, каб у далейшым яны дзяліліся гэтымі ведамі з маладымі бацькамі. Мяркуецца выкарыстаць фармат трэнінгаў, майстар-класаў, семінараў, відэаканферэнцый і вебінараў. У радзільнях створаць куткі бяспекі, дзе маладым мамам будуць расказваць пра пагрозы малым, якія тоіць жылая прастора, і навучаць іх прадухіляць. Ужо вядзецца работа па стварэнні інтэрактыўнай карты дома, якая пакажа яго праблемныя ўчасткі.

Таксама рыхтуецца да запуску новая рубрыка «Для бацькоў» у мабільнай праграме МНС «Дапамога побач».

Статыстыка дзіцячага траўматызму па Мінскай вобласці (выключаючы Мінск) у 2018 годзе:

— Паказчык траўматызму на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва — 6 440. (Агульная колькасць дзяцей (0—18 гадоў) у рэгіёне складае 286 262 чалавекі.)

— У структуры першасных захворванняў траўмы і няшчасныя выпадкі займаюць другую пазіцыю — зарэгістравана 18 226 выпадкаў траўмаў.

— У структуры смяротнасці ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў траўмы і няшчасныя выпадкі знаходзяцца на другім месцы.

— Ва ўзросце 0—6 гадоў па прычыне траўмаў і няшчасных выпадкаў загінулі 6 дзяцей:

— ад асфіксіі — 4 дзіцяці (2017 год — 4 дзіцяці);

— на пажары — 1 дзіця (2017 год — 0 выпадкаў);

— забойства — 1 выпадак (2017 год — 0 выпадкаў).

Няшчасныя выпадкі, траўмы і атручванне з'яўляюцца асноўнай прычынай смерці дзяцей і складаюць сярод немаўлят 6,5 %, сярод дзяцей 1—4 гадоў — 40 %, сярод падлеткаў — 67 % ад усіх смяротных выпадкаў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Тэрыторыя бяспечнага дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!