Вы тут

«Не ўпэўненыя — не абяцайце, а далі слова — выканайце!»


Як працуе са зваротамі грамадзян мясцовая ўлада, высвятлялі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. Свае думкі выказалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рыгор Шлык. І прывялі прыклады раўнадушша чыноўнікаў. Некаторыя вельмі здзіўляюць.


Агучыла леташнюю статыстыку начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ілона Шульга. Больш за 38,7 тысячы зваротаў зарэгістравана ў аблвыканкаме, гар- і райвыканкамах, адміністрацыях трох раёнаў Віцебска. І гэта на 8 % менш, чым пазалетась. Колькасць паўторных зваротаў таксама скарацілася — на 7 %, а пераадрасаваных з вышэйстаячых структур — на 6 %.

У рэйтынгу зваротаў на першым месцы — ва ўпраўленне ўнутраных спраў — 3110, у галоўнае ўпраўленне ЖКГ — 1163, аховы здароўя — 951...

Пры гэтым па камунальных праблемах колькасць «сігналаў» павялічылася на 36 %. Дадалося зваротаў наконт рамонту дахаў, стыкаў сценавых панэляў, утрымання дапаможных памяшканняў.

Дарэчы, першы намеснік губернатара Віцебшчыны Алег Мацкевіч даволі рэзка выказаўся па тэме. Ён растлумачыў, што не трэба людзям у якасці адказаў адпраўляць адпіскі, асабліва, што датычыцца рамонту дамоў. Не плануецца сёлета, ці налета пачынаць работы, дык і трэба гэта канстатаваць. Неабходна канкрэтызаваць, калі заяўка жыльцоў будзе задаволена. А калі ўжо паабяцалі нешта выканаць у канкрэтны тэрмін, кроў з носа, а слова трэба трымаць. І кіраўніку, перад тым як падпісваць ліст, трэба ўважліва разабрацца. Ці ўсё яго падначаленыя, аўтары адказу, высветлілі. Можа, трэба было выехаць ды падысці на месца, каб пагутарыць з жыльцамі праблемнага, на іх погляд, дома?

Віцэ-губернатар нагадаў, што, калі ўскрываюцца факты раўнадушша чыноўнікаў, апошнім могуць аб'явіць вымову, панізіць клас дзяржслужачага, наогул звольніць... І адказным асобам трэба не забывацца пра Дэкрэт Прэзідэнта № 2 аб удасканаленні работы з насельніцтвам.

Толькі летась за парушэнне заканадаўства аб зваротах прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці 161 чыноўніка.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рыгор Шлык агучыў прыклады таго, як не трэба працаваць з людзьмі. У прыватнасці, расказаў пра скаргу, што датычылася неабходнасці рамонту лаўкі каля жылога дома. Заяўніца ў Віцебску не знайшла падтрымкі ў вырашэнні гэтай, на першы погляд, дробнай праблемы. Таму і зрабіла выснову, што тыя, каму спрабавала давесці інфармацыю, «не на сваім месцы». І была вельмі здзіўлена, што яе зварот не застаўся без увагі. Напэўна, яшчэ больш, калі прадстаўнік Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы потым тэлефанаваў, каб праверыць, ці задаволенымі засталіся людзі. Аказалася, што лаўку адрамантавалі, але... як кажуць у народзе, на так-сяк.

А яшчэ ён успомніў зварот наконт дрэннага функцыянавання электрапліт у адным з інтэрнатаў у Оршы. Праблема аказалася «з барадой». І станоўча была вырашана пасля ўмяшання Адміністрацыі...

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў расказаў пра скаргу з Талачынскага раёна наконт праблемы з забяспечанасцю вадой. У доме жыве шматдзетная сям'я, якая насіла ваду ў вёдрах з сажалкі метраў за сто. Каб не толькі прыгатаваць ежу, памыць нешта, памыцца самім, але і скаціну напаіць. Дык чаму мясцовая ўлада не паклапацілася аб людзях? Пры гэтым, як і ва ўсёй краіне, агітуюць насельніцтва ствараць і развіваць падсобныя гаспадаркі. Леанід Анфімаў лічыць, што не павінна быць для чыноўнікаў «маленькіх праблем» грамадзян. Бо, калі скардзяцца, для іх яны глабальныя.

Ён заклікаў вучыцца гутарыць з людзьмі так, каб яны не сыходзілі пакрыўджанымі на ўладу.

Канешне, ёсць так званыя прафесійныя скаржнікі. У іх лісты да ўлады, званкі на прамыя лініі, наведванне асабістых прыёмаў, мякка кажучы, хобі. Але і з такімі трэба паводзіць сябе так, каб зразумелі, што да іх аднесліся з павагай і выслухалі з увагай. Можа, калі-небудзь «прафесіянал» і зразумее, што не мае рацыі?

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.