Вы тут

Магіляўчанам прэзентавалі «Букініст» ад «Белкнігі»


Рознакаляровыя шарыкі, музыка, усмешкі – буйнейшы ў Беларусі рэалізатар кніжнай прадукцыі гучна заявіў аб сваім вяртанні ў Магілёў.


Кнігі нарасхват

- У 80-я гады ў абласным цэнтры было каля 20 кніжных крам, -- паведаміла на адкрыцці начальнік упраўлення па выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава. – Але тады склаліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці. Частка крам зачынілася, частка была прыватызаваная. У выніку засталося ўсяго 4 кніжныя крамы, якія сёння працуюць пад эгідай “Магілёўсаюздруку”. Гэта вельмі мала для такога вялікага горада. Яны не ў стане задаволіць патрэбы гараджан. Летась было прынятае рашэнне адкрыць ў Бабруйску дзве кнігарні ад “Белкнігі” і адной ў Магілёве. Вырашана захаваць букіністычную накіраванасць крамы. На такую літаратуру таксама ёсць попыт.

 Новы “Букініст”  працуе ўсяго некалькі тыдняў і за гэты час паспеў добра папоўніць букіністычны аддзел. Ён, дарэчы, займае пятую частку гандлёвай плошчы. Запоўнілася і шафа рарытэтных выданняў, датаваных пачаткам 20 стагоддзя. Кошт кніжак дасягае трохзначных лічбаў, але, як кажуць спецыяліста, гэта вельмі рэдкія букіністычныя асобнікі. Што датычыцца новай літаратуры, то яе на кніжных палічках налічваецца да 12 тысяч адзінак. Гэта мастацкая, навукова-папулярная, краязнаўчая, вучэбная літаратура.

Загадчыца філіяла ААТ "Белкніга" "Кніжная крама "Букініст" Таццяна Папко ў кніжнай справе не навічок

- Па краіне гэта 88-я кніжная  крама ад нашага прадпрыемства, -- заўважыў генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч. – Наша кнігарня ў Магілёве адкрылася дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства інфармацыі і Магілёўскага гарвыканкама. І гэта толькі пачатак. Было б вельмі добра давесці колькасць кніжных крам да 10.

 Пра важнасць развіцця гандлёвай сеткі гэтага, на 98% дзяржаўнага, кніжнага сеткавіка расказала старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава: “Гэта і новыя працоўныя месцы, і магчымасць жыхарам горада далучыцца да сацыяльна-важнай літаратуры.”

На цеснае і плённае супрацоўніцтва спадзяецца старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алесь Казека. “Было б добра размясціць на адной з палічак творы магілёўскіх аўтараў, -- марыць ён. – І наогул гэта цудоўная пляцоўка для сустрэч з нашымі чытачамі”.

“Асабіста мне прыемна было ўбачыць на палічках крамы кнігі нашага выдавецтва, - падкрэсліў дырэктар-галоўны рэдактар РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Павел Сухарукаў. --  Дзяржаўны гандаль – гэта не проста бізнес і камерцыя, гэта перш за ўсё выхаваўчая, ідэалагічная накіраванасць. Парадаваў і букіністычны аддзел. Знайшоў для сябе некалькі кніжак любімага аўтара Айзека Азімава. І кошт парадаваў – усяго два-тры рублі.”

Чакаецца, што на рарытэтныя букіністычныя кнігі  таксама будзе попыт

Кнігарня ад “Белкнігі” - добры падарунак нашаму гораду, падкрэсліла начальнік галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка: “Гэта гандлёвая кропка новага фармату. Ніякія электронныя крыніцы не заменяць жывой кнігі. Асабліва прыемна, што на адкрыццё прыйшло шмат моладзі. Тут дастаткова разлічанай на яе літаратуры.”

Дарэчы, у планах “Белкнігі” адкрыць сёлета на тэрыторыі Магілёўшчыны яшчэ адну кнігарню - у Шклове. Гэту падзею плануецца прымеркаваць да рэспубліканскага свята “Александрыя сустракае сяброў”. Алена Паўлава таксама адзначыла, што сёлета ў Беларусі адкрыюцца новыя кнігарні ад “Белкнігі” у Мінску і Слоніме.  

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.