Вы тут

У Клецку плануюць узнавіць старадаўнія вясельныя строі


У сістэме клубных устаноў культуры Мінскай вобласці 2019-ы абвешчаны годам вясельнай абраднасці. Таму ва ўсіх кутках цэнтральнага рэгіёна ў хуткім часе будуць арганізаваны даследчыя экспедыцыі па вывучэнні вясельных традыцый, выстаўкі старых вясельных фатаграфій і дзіцячых малюнкаў, перасоўныя выстаўкі вясельных убораў, раённыя агляды-конкурсы этнаграфічных калекцый.


Клецкія культработнікі плануюць рэалізаваць амбіцыйны праект па гістарычнай рэканструкцыі адзення маладых з гэтай мясцовасці на падставе старадаўніх здымкаў, паведамляе раённая газета «Да новых перамог». Аўтары ідэі шукаюць вясельныя фатаграфіі, зробленыя да 1940 года, і просяць падзяліцца копіямі фота па электронным адрасе Klezk_gazeta@tut.by або прынесці арыгіналы ў рэдакцыю раённай газеты. У якасці ўзнагароды для тых, хто адгукнецца на просьбу, арганізатары праекта гарантуюць магчымасць убачыць і дакрануцца да дэталёва адноўленых вясельных строяў сваіх продкаў.

На здымку — адным з прэтэндэнтаў на рэканструкцыю — бацькі Марыі Пілецкай 1929 года нараджэння. Распытаць Марыю Якаўлеўну пра падрабязнасці вясельнага абраду ў журналістаў не атрымалася, бо з гадамі яна амаль страціла слых. Доўгі час жанчына захоўвае гэтае фота, што зроблена прыкладна ў 1927 годзе. Здымак выкананы ў выглядзе паштоўкі: на адваротным баку можна было напісаць адрас і даслаць поштай родным. Можна разгледзець адзенне маладых таго часу і галаўны ўбор нявесты, які складаўся з шапачкі, упрыгожанай кветкамі, а таксама кароткай па даўжыні фаты.

Загаловак у газеце: «Горка!» амаль праз стагоддзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?