Вы тут

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у сталіцы


Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у сталіцы на мінулым тыдні. На ім прадстаўнікі бізнесу, грамадскасці, улады і міжнародных арганізацый абмеркавалі, як наша краіна будзе рухацца да дасягнення 17 Мэт устойлівага развіцця. Ужо прайшло тры гады, як МУР былі прынятыя. Прамежкавыя вынікі для нашай краіны падводзілі на чатырох сесіях — гэта блокі, прысвечаныя эканоміцы, экалогіі, сацыяльным пытанням і сістэме маніторынгу разам з ацэнкай імплементацыі Мэт.


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ адзначыў падчас адкрыцця форуму, што гэты год асаблівы. «Рэспубліканскімі і мясцовымі органамі кіравання, прадпрыемствамі трэба будзе забяспечыць рэалізацыю задач, сфармуляваных ва ўказе Прэзідэнта Беларусі аб сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2019 годзе, і прыступіць да распрацоўкі праекта асноўных напрамкаў развіцця Беларусі да 2025 года. Задача няпростая: у 2025 годзе выйсці на аб'ём ВУП у 100 мільярдаў долараў ЗША ў эквіваленце», — растлумачыў спікер. Ён заўважыў, што МУР — арганічная састаўная частка сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Міхаіл Мясніковіч спадзяецца, што нацыянальны кангрэс будзе актыўны і, улічваючы дасягнутыя вынікі работы па МУР, выпрацуе прапановы па росце эканомікі Беларусі і ўзроўні жыцця яе грамадзян на перспектыву. «Задача ў нас агульная — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі і інавацыйнага развіцця», — рэзюмаваў ён.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА нагадаў, што наша краіна прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы Парадку-2030. «Па сутнасці, менавіта прыярытэты ўстойлівага развіцця вызначаюць унутраную і знешнюю палітыку Беларусі. Гэта заканамерна, бо ў аснове МУР блізкая і зразумелая нашаму народу ідэя сацыяльнай справядлівасці, якая першапачаткова закладзена ў аснову беларускай дзяржаўнасці», — тлумачыць спікер ніжняй палаты парламента. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў патэнцыял нашай эканомікі і ўмацаваны аўтарытэт Беларусі ў сусветнай супольнасці. «Ва ўлады ёсць дакладная стратэгія і напрацаваныя механізмы пераадолення крызісных з'яў. Але галоўнае — у нас якасна змянілася свядомасць людзей. Наяўнасць грамадзянскага міру, адсутнасць канфліктаў на нацыянальнай і канфесійнай глебе — гэта найважнейшыя паказчыкі кансалідацыі грамадства, узрослага ўзроўню яго прававой, эканамічнай і палітычнай культуры. І сёння гэта наш ключавы рэсурс устойлівага развіцця», — лічыць спікер. Па словах парламентарыя, каб Беларусь і далей працягвала дынамічна развівацца, вельмі важна захаваць згуртаванасць нацыі і давер народа да ўлады. «Забеспячэнне дабрабыту краіны — гэта перш за ўсё справа самой краіны і яе грамадзян. Таму прынцып сацыяльнай справядлівасці азначае для нас адначасова і сацыяльную салідарнасць. Кожны павінен унесці свой пасільны ўклад у агульную справу», — падвёў вынікі Уладзімір Андрэйчанка.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей РУМАС упэўнены, што падобныя сустрэчы на высокім узроўні для разгляду прагрэсу ў выкананні парадку дня ААН стануць добрай традыцыяй. На думку кіраўніка Саўміна, фармат форуму дазваляе ўмацаваць міжнароднае партнёрства і дае магчымасць для дэманстрацыі дасягненняў на нацыянальным узроўні. «Праз амаль 3,5 года пасля адабрэння дзяржавамі ААН Парадку-2030 значнасць гэтай сусветнай праграмы дзеянняў у сферы развіцця відавочная. Перыяд усведамлення задач,
якія паставіла перад сабою сусветная супольнасць, завершаны. Наступіў этап ажыццяўлення Мэт устойлівага развіцця, замацаваных у дакуменце, што азначае штодзённую карпатлівую працу», — падкрэсліў Сяргей Румас. Ён звярнуў увагу, што пытанні рэалізацыі Парадку дня ААН і дасягнення МУР з'яўляюцца важным дзяржаўным прыярытэтам і знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Савета Міністраў. Таксама ён нагадаў, што ўжо сёлета будзе сфарміравана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця краіны да 2035 года.

Падчас работы форуму ў дадатак да работы на секцыях прайшла прэзентацыя праекта «Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця». Працоўны дзень быў насычаны, і яго вынікі падвяла нацыянальны каардытанар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яна ШЧОТКІНА. Яна падзякавала парламенцкай групе за законы, якія ўжо прынятыя і садзейнічаюць дасягненню МУР. Нарэшце ў законе аб пітным водазабеспячэнні, які вяртаўся на дапрацоўку амаль на два гады, усё улічана, прывяла прыклад сенатар. Акрамя таго, яна адзначыла інавацыйны закон аб арганічным земляробстве, а таксама аб нарматыўна-прававых актах, у якім указана, што разам з кожным законапраектам павінна быць удакладненне, як ён працуе на дасягненне МУР.

«Сённяшні форум — гэта пацвярджэнне нашага партнёрства», — сказала Мар'яна Шчоткіна, азначыўшы, што на мерапрыемстве прадстаўлены ўвесь спектр грамадства. — Лозунг форуму «Ва ўстойлівую будучыню — разам!» кажа пра тое, што дасягаць МУР мы павінны таксама супольнымі намаганнямі, нікога не пакідаючы ўбаку. Ёсць прапанова, каб праводзіць Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці не радзей, чым адзін раз на пяць гадоў.

У тэму

Па выніках экспертна-кансультацыйнай місіі MAPS («Інтэграцыя, паскарэнне і падтрымка палітыкі»), якая была арганізавана ААН у супрацоўніцтве з Беларуссю, наша краіна дасягнула значных поспехаў ва ўстойлівым развіцці. У Дакладзе аб чалавечым развіцці 2016 года Беларусь заняла 52-е месца сярод 188 краін і ўвайшла ў групу краін з даходамі вышэй за сярэднія. Эксперты MAPS прапанавалі чатыры платформы паскарэння рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Першая — «зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту. Другая — арыентацыя на будучыя пакаленні. Трэцяя — лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі. Чацвёртая — гендарная роўнасць. Калі наша краіна будзе звяртаць больш увагі на гэтыя пункты, будзе лягчэй дасягнуць комплексу ўзаемазвязаных МУР.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».