Вы тут

У Мінску абмеркавалі тое, як дамагчыся трывалага эканамічнага росту


Наш дабрабыт не павінен ствараць у будучым праблемы для нашых дзяцей

Мы ўсе жадаем жыць так, каб усяго было ў дастатку. Гэта калі ёсць усё неабходнае і не трэба думаць, чым накарміць сям'ю, што апрануць і на якія грошы купіць лекі ў выпадку хваробы. Канешне, хочацца і большага: вандраваць, атрымліваць асалоду ад твораў мастацтва, займацца спортам або любімым хобі... Гэта магчыма, калі ў краіне паспяхова працуе эканоміка — забяспечаны яе рост.


Фота Таццяны Ткачовай.

Але эканамічны рост патрабуе рэсурсаў: чалавечых і іншых, самых розных. І тут важна не паўтарыць лёс пасляваеннага пакалення, якое аказалася цалкам выпрацаваным па дасягненні пенсійнага ўзросту. І не дапусціць пагаршэння экалогіі з-за высечкі лясоў дзеля атрымання валюты. Бо тады не будзе здароўя, каб дастаткова доўга і якасна працаваць і развіваць эканоміку краіны далей.

Вось чаму эканоміка — ключавы кампанент усёй сістэмы ўстойлівага развіцця, дзе выкарыстанне рэсурсаў павінна быць максімальна збалансаваным і мэтазгодным. Пра тое, як гэтага дасягнуць, ішла размова на першай сесіі Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці.

Не памыліцца ў выбары

Асноўны інструмент забеспячэння такога эканамічнага росту, які не пераўтворыцца ў праблемы для будучых пакаленняў, — Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця. Летась была распачата карэкціроўка дзеючай версіі — гэта будзе ўжо пятая Нацыянальная стратэгія ў гісторыі сучаснай Беларусі. Яна складаецца на новы тэрмін — да 2035 года.

«Для таго каб якасна яе распрацаваць, мы стварылі грамадскі савет, у які ўвайшлі 30 найлепшых экспертаў з самых розных галін навукі, адукацыі, з міжнародных арганізацый, бізнесу, грамадзянскай супольнасці, — расказаў мадэратар секцыі міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый КРУТОЙ. — Летась было праведзена сем круглых сталоў, мы шырока абмяркоўвалі новыя прыярытэты і задачы Мэт устойлівага развіцця. Вострая дыскусія разгарнулася па прыярытэтах навукова-тэхналагічнага прагрэсу і пры абмеркаванні тэмы рэгіянальнай палітыкі».

У канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця абазначаны пяць прыярытэтаў. Першы: стварэнне годных рабочых месцаў, якія забяспечваюць роўныя магчымасці ў любым узросце. Другі: лічбавізацыя краіны, паўсюднае ўкараненне інавацый і якасная адукацыя. Трэці: устойлівае развіццё інстытута сям'і, патэнцыялу дзяцей і моладзі. Чацвёрты: стварэнне ўстойлівай інфраструктуры, камфортнага і канкурэнтаздольнага бізнес-асяроддзя. Пяты: гарантаванне экалагічнай бяспекі на аснове
развіцця «зялёнай» эканомікі, рацыянальных мадэляў вытворчасці і спажывання.

«Працягваецца дыскусія наконт шостага прыярытэту — рэгіянальнага развіцця, — дадаў Дзмітрый Крутой. — Пакуль, канешне, гэта вельмі сыры дакумент. Галоўная асаблівасць новай стратэгіі ў тым, што мы ўжо на сто працэнтаў спалучаем яе з глабальнымі Мэтамі ўстойлівага развіцця». Дзеючая стратэгія спалучаецца з глабальнымі мэтамі толькі на 75 %.

Што дапаможа

Сусветны эканамічны крызіс 2008—2009 гадоў прымусіў усе краіны ўносіць карэкціроўкі ў сваё развіццё. Наша не стала выключэннем.

«У Беларусі з 2010 года распачынаюцца асаблівыя намаганні па мадэрнізацыі сваёй прамысловасці ва ўмовах захавання доступу да расійскай эканамічнай прасторы, — адзначыў у сваім дакладзе Юрый ШАЎЦОЎ, дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі. — Асабліва важная паспяховая рэалізацыя праекта будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Гэта самы буйны інвестыцыйны праект на тэрыторыі Беларусі, які паўплывае на ўсю эканоміку краіны: закладзе аснову для ўласнай атамнай прамысловасці і з'явіцца стымулам для развіцця электратэхнічнай індустрыі».

Важным новым элементам мадэрнізацыі Беларусі з'яўляецца хуткае развіццё ІT-сектара. Вядучая структура гэтай галіны — Парк высокіх тэхналогій — штогод забяспечвае 20—40-працэнтны рост свайго экспарту. Калі тэмп росту захаваецца, то за 5—10 гадоў ІT-экспарт можа вырасці да пяці і больш мільярдаў долараў у год, што дазволіць у значнай ступені пазбегнуць уразлівасці айчыннай эканомікі.

«Асаблівае значэнне мае тое, што ІT-сектар працуе пераважна на рынкі ЗША і Еўрапейскага саюза. Праз гэта Беларусь аказваецца ўцягнутая ў развіццё вельмі магутных глабальных гульцоў», — лічыць эксперт.

Трэцяй рухальнай сілай павінен стаць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Аддача, якая чакаецца, — 50 мільярдаў долараў экспарту на працягу 10—15 гадоў. «Для Беларусі праект з'яўляецца стратэгічна важным пунктам уваходу ў эканоміку КНР, якая хутка развіваецца», — дадаў Юрый Шаўцоў.

Найбольш маштабным транзітным праектам на шляху паміж ЕС і Кітаем можа стаць рэалізацыя ідэі будаўніцтва высакаскораснай груза-пасажырскай чыгункі з Германіі ў КНР праз Польшчу, Беларусь, Расію і Казахстан. «У выпадку поспеху інвестыцыі ў транспартную інфраструктуру на тэрыторыі нашай краіны могуць перавысіць па сваім аб'ёме інвестыцыі ў будаўніцтва БелАЭС», — лічыць эксперт.

У якасці дадатковага драйвера для тэхналагічнага развіцця беларускай прамысловасці ён назваў развіты ваенна-прамысловы комплекс і мадэрнізацыю транспартных артэрый на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Усходняй Польшчы. Апошняе ў хуткім часе значна палепшыць умовы для транспартных зносін паміж Беларуссю і марскімі партамі прыбалтыйскіх краін.

«Развіццё па ўказаных кірунках пацягне змяненне эканамічнай геаграфіі Беларусі: значна вырастуць Мінск, Астравец, Гродна і Брэст, — падзяліўся прагнозамі палітолаг. — Чым больш моцнай становіцца эканоміка Беларусі, тым больш выгадна гэта для суседніх краін. Устойлівае развіццё на базе прынятай мадэлі — таксама найважнейшы фактар стрымлівання палітычнай напружанасці ва Усходняй Еўропе».

У найбліжэйшыя 10 гадоў сфарміруюцца ўмовы для таго, каб Беларусь стала ядром развіцця як мінімум для Усходняй Польшчы, Літвы і Латвіі, рэзюмаваў дакладчык.

Дык што такое лічбавізацыя?

На гэта пытанне паспрабаваў адказаць намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр МАРЦІНКЕВІЧ.

«Гэта працэс аб'ектыўны, непазбежны, і яго спыніць немагчыма, — заявіў ён. — У нас ёсць рэальны свет і віртуальны свет, зараз адбываецца фарміраванне так званага гібрыднага свету, у якім першыя два светы паміж сабой злучаюцца. Эксперты ПВТ лічаць, што лічбавая эканоміка — гэта тая, якая будзе існаваць у гібрыдным свеце».

«Многія не разумеюць розніцы паміж лічбавізацыяй і інфарматызацыяй. Лічбавізацыя — гэта працэс, у выніку якога ствараюцца цалкам новыя прадукты, сэрвісы і цэлыя галіны. Калі мы пачынаем рабіць тое, чаго не рабілі да таго, як была ўкаранёная лічбавізацыя, або адмаўляемся ад таго, што рабілі традыцыйна», — тлумачыў дакладчык удзельнікам форуму.

Лічбавізацыя наступае тады, калі, скажам, кампанія Ubеr стварае платформу, якая цалкам змяняе ўсе бізнес-працэсы. Калі залішнімі становяцца аператары, а любы чалавек, які мае аўтамабіль, можа прапанаваць сваю паслугу на рынку.

У лічбавай эканоміцы зрушваюцца фокусы: сёння больш каштоўнымі становяцца ўласцівасці тавару, чым сам тавар. Напрыклад, кампанія Rоlls-Rоусе прадае ўжо не рухавікі для самалётаў, а час палёту, а Lіеbhеrr прадае не грузавыя краны, а танаж. Калі мы сёння не будзем да гэтага гатовыя, нам не ўдасца пабудаваць канкурэнтаздольную эканоміку, падкрэсліў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ.

Нарэшце, лічбавая эканоміка вядзе да росту пакупной здольнасці насельніцтва. «Справа ў тым, што сёння праграмнае забеспячэнне смартфона замяняе магнітафон, дыктафон, ліхтарык і шмат чаго яшчэ, — прывёў чарговы прыклад Аляксандр Марцінкеіч. — За кошт таго, што тавары становяцца лічбавыя, іх вельмі лёгка капіяваць, для гэтага не патрэбны матэрыяльныя рэсурсы. Да таго ж праз тое, што рэчаў шмат, змяншаецца іх кошт».

Для нашай краіны лічбавая трансфармацыя з'яўляецца рэальным і ўнікальным шанцам пераарыентаваць эканоміку, забяспечыць яе ўстойлівы рост і павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян, упэўнены прадстаўнік ПВТ.

«Мы сёння можам не толькі гандляваць сыравінай і таварамі, але і ствараць высокадаходныя інтэлектуальныя сістэмы і паспяхова канкурыраваць з вядучымі сусветнымі кампаніямі на міжнародным рынку», — падкрэсліў ён.

Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК:

— 28 чэрвеня 2019 года ў Магілёўскай вобласці пройдзе першая рэгіянальная канферэнцыя па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Зараз вызначаны чатыры прыярытэтныя кірункі развіцця рэгіёна. Першае — умацаванне чалавечага патэнцыялу, забеспячэнне роўных магчымасцяў незалежна ад гендарнай прыкметы. Уцягненне ў развіццё рэгіёна ўсіх: бізнес-асяроддзя, грамадскіх аб'яднанняў, насельніцтва і мясцовай улады.

Гэта задача вельмі важная: за 10 гадоў насельніцтва вобласці знізілася на 29 тысяч чалавек. 13 раёнаў вобласці перажываюць наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а гэта больш за 690 населеных пунктаў і 104 тысячы чалавек, або амаль 10 % насельніцтва вобласці. Тут мы актыўна выкарыстоўваем такі інструмент, як рэалізацыя мясцовых ініцыятыў пры падтрымцы замежных і міжнародных арганізацый і ўрадаў.

Другі прыярытэт — развіццё высокатэхналагічных і канкурэнтаздольных вытворчасцяў і паслуг, заснаваных на прынцыпах зялёнай эканомікі. Для гэтага актыўна выкарыстоўваецца інвестыцыйны і экспартны патэнцыял свабоднай эканамічнай зоны, прэферэнцыя для стварэння новых прадпрыемстваў у сямі рэгіёнах паўднёвага ўсходу вобласці.

Трэці прыярытэт — удасканаленне бізнес-асяроддзя, арыентаванае на эканоміку інтэлекту, сацыяльныя інавацыі і экалагічную бяспеку для павышэння занятасці і самазанятасці насельніцтва.

Чацвёрты прыярытэт — захаванне добрага навакольнага асяроддзя для забеспячэння найлепшай якасці жыцця для цяперашняга і будучага пакаленняў.

Наступныя крокі — больш шырокае прыцягненне вучоных, бізнесменаў і моладзі ў дасягненне Мэт устойлівага развіцця.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Узяць так, каб пакінуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.