Вы тут

Дайджэст навін па выкананні палажэнняў МУР


Мэты — у дзеянні

Будаўнічы матэрыял для будучыні

Лясы служаць крыніцай даходу, забяспечваюць чысціню паветра, захоўваюць біяразнастайнасць і ўносяць уклад у змякчэнне наступстваў змены клімату.

— Па шэрагу ключавых паказчыкаў Беларусь уваходзіць у дзясятку лясных дзяржаў Еўропы, — адзначыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі, член Савета па ўстойлівым развіцці Валянцін ШАТРАЎКА. — З 1994 года лясістасць тэрыторыі рэспублікі вырасла і дасягнула 39,8 %, агульны запас драўніны на пні павялічыўся больш чым на 700 мільёнаў «квадратаў» і склаў каля 1,8 мільярда метраў квадратных. Рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў дазваляе забяспечваць патрэбу ў драўніне без адмоўных наступстваў для наваколля.

У нашай краіне на заканадаўчым узроўні замацаваны прыярытэт узнаўлення лясоў над лесакарыстаннем. Праца лесаводаў скіравана і на стварэнне ўстойлівых лясных насаджэнняў, змяшаных па пародным складзе, а таксама на паступовае павелічэнне натуральнага ўзнаўлення лясоў.

Да 2030 года лясістасць у краіне павінна вырасці мінімум да 41 %, доля змяшаных насаджэнняў — да 74 %, натуральнага ўзнаўлення — да 47 %.


Спажываць, але не злоўжываць

Як нашы звычкі змяняюць свет

— Мэта 12 «Устойлівая вытворчасць і спажыванне» — адна з найбольш складаных і аб'ёмных, — лічыць дырэктар установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па экалогіі Яўген ЛАБАНАЎ. — Але яна і найбольш блізкая да людзей, бо гаворыць пра нашы спажывецкія звычкі.

Апытанне, праведзенае ў 2017 годзе, паказала: 43 % жыхароў Беларусі аддаюць перавагу бутэляванай вадзе. Гэта прыклад таго, як за 15 гадоў змяніліся звычкі людзей. І яны прынеслі не толькі станоўчыя вынікі (паляпшэнне якасці вады), але і адмоўныя (рост колькасці адходаў).

Сёння жыхары планеты сутыкаюцца са многімі выклікамі, якія датычацца ўстойлівай вытворчасці і спажывання. Расце колькасць аднаразовых тавараў, у тым ліку тых, што не перапрацоўваюцца, і вытворчасць пластыку, выкарыстоўваецца вялікая колькасць хімічных рэчываў.

Многія тавары маюць кароткі тэрмін жыцця і хутка становяцца адходамі. Вырашыць праблему дапаможа праца па прадухіленні іх утварэння. Так, у Еўрапейскім саюзе плануецца прыняць дырэктыву, якая абмяжуе выкарыстанне найбольш папулярных пластыкавых аднаразовых тавараў. Канкрэтны план дзеянняў у гэтым кірунку павінен распрацоўвацца і ў нас, упэўнены Яўген Лабанаў. Неабходна стымуляваць вытворцаў і пастаўшчыкоў, каб такія тавары як мага больш павольна траплялі на рынак.


Адказныя за ваду

Што рабіць, каб брудныя сцёкі не трапілі ў мора

— Рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў — прыярытэтная задача УП «Мінскводаканал», — адзначыў дырэктар прадпрыемства Алег АЎРУЦІН. — Акрамя павышэння паўторнага выкарыстання вады, сёння важна пазбягаць страты і ў размеркавальнай сетцы, выключаць выпадкі безадказнага спажывання вады.

Нягледзячы на тое што ў Беларусі няма прамога выхаду да мора, праз рэкі наша краіна таксама ўплывае на стан марскіх экасістэм. Таму, па словах Алега Аўруціна, неабходна ўкладаць сродкі ў сістэмы ачысткі сцёкавых вод.

У сталіцы асаблівую заклапочанасць выклікае забруджванне ракі Свіслач. Прычын некалькі, і яны звязаныя як з уласцівасцямі вадацёку, так і з асаблівасцямі работы Мінскай ачышчальнай станцыі — самага буйнога комплексу краіны па ачыстцы сцёкавых вод. Каб знізіць нагрузку на раку, патрабуецца комплексная рэканструкцыя станцыі. Гэта дазволіць і зменшыць аб'ём выкідаў, якія абумоўліваюць непрыемныя пахі, а значыць, палепшыць якасць жыцця насельніцтва такіх сталічных мікрараёнаў, як Шабаны і Чыжоўка.


Што патрэбна экафермеру?

Арганічная сельская гаспадарка — адзін з прыкладаў устойлівага развіцця бізнесу экалагічнай скіраванасці.

Руху па папулярызацыі арганічнай сельскай гаспадаркі ўжо больш за стагоддзе, але актыўна развівацца ён пачаў толькі ў апошнія 20 гадоў. Сёння сусветны арганічны рынак складае каля 100 мільярдаў еўра, і з кожным годам аб'ём спажывання арганічнай прадукцыі павялічваецца, у тым ліку і ў Беларусі.

— Зразумела, што хутка з інтэнсіўнай да арганічнай гаспадаркі перабудавацца немагчыма, — адзначае намеснік кіраўніка сялянска-фермерскай гаспадаркі «СідСад» Алена СІДАРАВА. — У пераходны перыяд падае ўраджайнасць, пераглядаецца відавы склад культур, неабходна ўпісацца ў мясцовую экасістэму. Арганічная сельская гаспадарка — затратная галіна, але выгадная і перспектыўная.

Фермер упэўненая, што трэба ўмацоўваць рынак экатавараў. І прыняцце закона «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі» — толькі першы крок да гэтага. Неабходна таксама зацвердзіць стандарты, якія адпавядаюць міжнародным патрабаванням, распрацаваць сістэму льгот для фермераў, спрасціць некаторыя працэдуры, рыхтаваць спецыялістаў і праводзіць навуковыя даследаванні ў гэтай галіне, пашыраць інфармаванасць як фермераў, так і грамадскасці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?