Вы тут

Кожны зможа ўбачыць, як мы дасягаем Мэт устойлівага развіцця


Каб ведаць, з якой хуткасцю і куды едзе аўтамабіль, патрэбны адпаведныя прыборы і сувязь са спадарожнікамі ў космасе. Тое, як да дасягнення Мэт устойлівага развіцця рухаецца ўвесь свет, можна будзе адсочваць па 232 глабальных паказчыках, якія вызначаны ААН. Ацаніць, з якой хуткасцю па гэтым шляху рухаецца Беларусь, дазволіць адпаведная сістэма маніторынгу. Нацыянальны пералік з 255 паказчыкаў ужо падрыхтаваны, з іх 140 цалкам адпавядаюць глабальным.


Беларускі статыстычны камітэт на першым Нацыянальным форуме па ўстойлівым развіцці прэзентаваў Нацыянальную платформу справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця. Гэта платформа дазволіць беларускаму ўраду і органам дзяржаўнага кіравання прымаць адпаведныя рашэнні, а міжнароднай супольнасці — зразумець, куды рухаецца Беларусь і як яна дасягае сваіх Мэт устойлівага развіцця, заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Нацыянальная платформа справаздачнасці па МУР запушчана ў канцы мінулага года і размешчана на сайце Белстата. Апроч іншага, платформа дапаможа ўцягнуць у працэс дасягнення МУР грамадзянскую супольнасць, лічыць намеснік старшыні Белстата Алена КУХАРЭВІЧ. Карыстальнік зможа камбінаваць розныя паказчыкі і размяшчаць іх у адной табліцы, выбіраць від дыяграмы, геаграфію, мэту, паказчык.

Намеснік старшыні статыстычнага ведамства таксама паведаміла, што платформа дазволіць вырашыць праблему разыходжання ў даных, атрыманых з розных крыніц, з данымі афіцыйнай статыстыкі: «Уся інфармацыя, якая датычыцца маніторынгу Мэт устойлівага развіцця, на глабальны ўзровень будзе давацца толькі Белстатам».

Сёння на платформе размешчаны 188 паказчыкаў, або 75 % ад тых, якія вызначаны актуальнымі для краіны, а таксама мэтавыя значэнні па 53 паказчыках. Гэта работа працягваецца.

Палову паказчыкаў Нацыянальнай платформы па фарміраванні справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця дае статыстыка, астатнія — органы дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае інфармацыяй асноўныя паказчыкі Мэты 16 «Мір і правасуддзе».

Намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, член Савета па ўстойлівым развіцці Мікалай Мельчанка расказаў удзельнікам форуму, як ведамства фарміруе пяць паказчыкаў названай Мэты.

Адна з асноўных крыніц інфармацыі — адзіны дзяржаўны банк даных пра правапарушэнні. Згодна з ёй за апошнія 10 гадоў колькасць ахвяр наўмысных забойстваў у нашай краіне знізілася ўдвая (да 240 у 2017 годзе і яшчэ на 6 % летась). За гэты ж час з 278 да 91 паменшылася і колькасць тых, хто загінуў у выніку гвалту ў сям'і. Найбольш дзейснай мерай у папярэджанні падобных трагедый МУС лічыць ахоўнае прадпісанне і прафілактычны ўлік. У 2018 годзе першае было выкарыстана ў адносінах да амаль сямі тысяч грамадзян, у тым ліку больш за шэсць тысяч былі абавязаны пакінуць агульнае з пацярпелымі жыллё.

Што датычыцца сексуальнага гвалту, то тут рэспубліканскі банк даных сведчыць пра рост. Намеснік міністра тлумачыць, што гэта звязана не столькі з тым, што такіх злачынстваў стала больш, колькі з тым, што раней ахвяры радзей паведамлялі пра такія злачынствы і сапраўдная іх колькасць была ў большай ступені схаваная, чым цяпер.

Беларусі ўдалося дасягнуць зніжэння злачынстваў у сферы гандлю людзьмі, у тым ліку дзякуючы выкананню абавязацельстваў, якія прадугледжаны адпаведнымі міжнароднымі дагаворамі.

Сярод праблем, з якімі сутыкнулася міністэрства пры фарміраванні і маніторынгу паказчыкаў для Мэты 16, Мікалай Мельчанка назваў адсутнасць міжнароднай практыкі, крытэрыяў і метадалогіі для ацэнкі асобных паказчыкаў, цяжкасць адаптацыі міжнароднай метадалогіі да нацыянальных умоў, неабходнасць дадатковых абследаванняў і формаў уліку, якія патрабуюць фінансавых выдаткаў, і адсутнасць у нацыянальным заканадаўстве паняццяў «фізічны гвалт» і «псіхалагічны гвалт».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Геалакацыя для краіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».