Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Мой дзед Іван Дзянісавіч

У Год малой радзімы (тэма ўвесь час на слыху) міжволі ўспамінаюцца вёскі і мястэчкі, свае вуліцы ды пад'езды ў гарадах і гарадках. А следам — гады дзяцінства, родныя людзі.

Мой шлях у самастойнасць, у жыццё пралягаў ад невялікай сялянскай хаткі пад заімшэлай гонтай, хаткі з вокнамі на ўсход і поўдзень — на сонца, пад праменнем якога залацелі, можна сказаць, адшараваныя дзеркачом маснічыны.

Гэты бляск — хіба адно імгненне з далёкай мінуўшчыны. А іх жа — мноства. І за кожным, згадзіцеся, прыкметы часоў і нораваў, характары асобных людзей.

Мой дзядуля, напрыклад, Іван Дзянісавіч Крывец, чалавек быў смелы, рахманы, любіў пажартаваць, пасмяяцца. І тады яго гучнае «ха-ха-ха» грымела на ўсю ваколіцу. Як і мянушка — Хахай.

У сям'і дзядулі было трое дзяцей і жонка-прыгажуня. Да таго ж характар яна мела вельмі пакладзісты: мужу, як правіла, ні ў чым не пярэчыла. Надумаў ён у заробкі махнуць, у Амерыку. «Добра, — згадзілася, — едзь». Бо ведала: пратэставаць — толькі нервы псаваць... Задумаў хутка вярнуцца? Гэта яшчэ лепш! Дарэчы, тая заможная краіна дзеда зусім не ўразіла. «Добра там, дзе нас няма», — казаў вяскоўцам Дзянісавіч. «Праверка боем» не збіла яго ганарлівасці. Не збавіла яна і ўпартасці: калі дзед надумаў штось, — нікога не паслухае, зробіць па-свойму, пакуль...

Дамовіўся неяк Іван з суседам Пятром у горад матнуцца, пад Вадохрышча, у другой палоўцы дня.

Казалі ім, што дурное задумалі: мароз на дварэ — аж дрэвы трашчаць, бандытаў у лесе, як зор на небе, завідна не справяцца...

Мужыкі не чулі — паехалі.

...Дарогу дамоў ім асвятляла поўня. Конь, заінеўшы, бег трушком, палазы на бальшаку рыпелі, мужчыны ціха перамаўляліся ды з асцярогай пазіралі на лес, што падступаў абапал.

— Глянь наперад, Пятро. Нас, здаецца, чакаюць? — раптам прамовіў Іван.

— Усё... Значыць, тут і скапыцімся, — спужаўся сусед.

— Ды не, брат... Рызыкнём, — зашаптаў Іван. — Слухай мяне ўважліва. Я зніму свой кажух (дзед, дарэчы, з Амерыкі яго прывёз — прыгожы быў...) і ўскіну сабе на плечы. А ты, як толькі з бандай зраўняемся і хто да мяне памкнецца, сцебані канька, каб ён на галоп перайшоў. Зразумеў?

— А як жа!

Тым часам бандыты побач. Адзін ужо за вобраць бярэцца, другі — за дзедаў каршэнь — за кажух... І раптам конь іх рвануў уперад ды так, што першы злодзей застаўся ляжаць на снезе, а другі — стаяць... Хоць і з кажухом.

Што адбылося, да іх дайшло не адразу. А калі зразумелі, Пятро з Іванам ужо далёка ад'ехалі. І амаль не пацярпелі, калі не лічыць страты кажуха ды таго, што з дзясятак вёрст на лютым марозе дзядуля праехаў, можна сказаць, без вопраткі. Доўга потым хварэў на запаленне лёгкіх. І хоць трохі, але стаў прыслухоўвацца да таго, што кажа бабуля.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Ад свайго злодзея

фота shkolazhizni.ru

...Зруб паставіць, дах накрыць, студню выкапаць, парсюка закалоць — не абысціся ў вясковым жыцці без старонняй дапамогі, без талакі і, адпаведна, без вадкай валюты. Але ж яе паспрабуй займей — купі альбо нагані, а потым — прымудрыся схаваць.

Ад міліцыі нашай цётцы Тамары заўсёды ўдавалася, а вось ад мужа — пакуль што не. У яго нюх на гэты прадукт, не раўнуючы, як у спецыяльна абучаных сабак на наркотыкі... Усюды знаходзіў: і на печы, і пад печчу, а яшчэ — у градах, у дровах, у сене, у бочцы з квашанай капустай, у студні... У цёткі галава ішла кругам: не ведала, што і рабіць, думала, няўжо праўда, што ад свайго злодзея нічога не схаваеш? І нідзе. Хіба...

Па суседстве з імі жыў Іван. Як быццам прыстойны чалавек, з паважанай сям'і, але ж — так склалася — застаўся бабылём. І яшчэ неяк трымаўся, пакуль маці жыла, а потым...

Гарэлка стала найлепшай сяброўкай. Напіваўся часам да таго, што на нагах не стаяў, сваіх не пазнаваў, у людзей пытаў, якая гэта вёска і дзе яго хата?

А будыніна ж там адметная, пяцісценная: у адной палове жылое памяшканне з мэбляю, з печчу (Іван не забываўся яго запіраць на замок). А вось другое, можна сказаць, пустое, служыла яму як сені. Там нават падлогі людскай не было, толькі чарнавая — дошкі дзе прыбіты, дзе не... І дзверы адпаведна заўсёды адчынены. Заходзь, калі хочаш.

Вось цётка Тамара і падумала, што тут, у Івана, яе муж ніколі гарэлку не знойдзе, бо не будзе шукаць. Па-першае — чужая ж хата, па-другое — які гаспадар...

А таму ў яго адсутнасць суседка неяк раз прынесла трохлітровік сваёй самаробнай і паставіла яго пад падлогай, каля дзвярэй — там якраз дошка была не прыбітая, лёгка паднялася.

«Ну вось займела схованку! Хоць нарэшце!» — парадавалася жанчына і нейкі час спакойна пажыла, пакуль не прыкмеціла, што і муж яе, і сусед пад добраю мухай... І ў нядзелю, і ў панядзелак, і ў аўторак з серадой...

Выбрала момант — на золаку, калі ўсе спалі, праверыла свой тайнік. Так і ёсць... А дакладней — няма (?!) яе самагоначкі.

...Іван потым расказаў, як, прыйшоў дамоў нападпітку, як, захацеўшы дзверы адамкнуць, «цаляў» ключом у замочную шчыліну, аж пакуль той «не вырваўся» з рук, не заваліўся ў дзірку паміж сцяной і падлогай. Каб дастаць, прыйшлося падняць дошку, а там...

Спачатку — расказваў — яму здалося, што два трохлітровікі. Памацаў рукой — адзін, але ж поўны! Зняў накрыўку...

Дзядзькаў твар, нават тады, калі ён расказваў пра гэта, я апісаць не змагу — не хопіць таленту!

А вось фінал у гэтай гісторыі прадказальны: насварыўшыся на мужчын (хоць з імі, ведала, дзе сядзеш, там і злезеш), цётка зноў стала думаць, што трэба выгнаць гарэлкі і недзе яе схаваць.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён


Смелы рэвізор

Фота mushroomer.info

Каля ўвахода ў першы корпус Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта не так даўно з'явілася бронзавая фігура ляснічага. І ўсё ў ёй як мае быць: што рост у мужчыны, што плечы, што твар... У руках прылада, якой мераюць дыяметры дрэваў... Але ж ёсць адзін недахоп — у звычайных туфлях дрэвы палічыш хіба ў парку Чалюскінцаў, бо ў лесе так і глядзі, каб на нешта не ўзбіцца. Прычым калючае ды вострае — гэта палова бяды. Я ў маленстве ўбачыў, як гадзюка «цалуе» мой літы бот. І гэтага аднаго было дастаткова, каб, працуючы ў лесе, ніколі не здымаць іх.

Але ж зараз не пра гэта, а пра тое, што працу леснікоў вельмі любілі (а мо і любяць?) правяраць розныя начальнікі. Нічога не скажу: яны, як правіла, ведалі вытворчасць, мелі досвед працы, шмат што разумелі, але ж былі і выключэнні.

Дык вось неяк у наш патрапаны гадамі і нялёгкімі дарогамі «козлік» садзіцца чарговы рэвізор. Мала таго, што малады, што зваліўся як снег на галаву, прычым з вельмі высокай інстанцыі, дык яшчэ і ў лёгкіх парусінавых туфліках. Мы з ляснічым паспрабавалі сказаць яму, што на машыне да дзялянак наўрад ці даедзем — кіламетраў колькі прыйдзецца трапаць пехатой, бо разводдзе, і ў лесе яшчэ не падсохла... На што малады чалавек досыць рэзка адказаў, што яго не трэба палохаць: абутак, маўляў, надзейны, турысцкі, што вада ў яго як нальецца, так і выльецца. «Ну-ну», — усміхнуліся мы і да першага аб'екта (дарэчы, з добрага тузіна прызначаных для праверкі) з горам папалам дабраліся. А там наш «джып» безнадзейна сеў на масты. Мы патэлефанавалі трактарысту, каб выцягнуў на сухое, і далей пайшлі пехатой.

Рэвізор, бачылі, па-ранейшаму трымаецца з форсам, абыходзіць ці пераступае шматлікія лужыны. Калі ж яны зліліся ў суцэльную, адважна заклыпаў наўпрост — у мокрых да каленяў портках, у аблепленых граззю туфлях...

Але ж і плюсы былі: зверху на нас свяціла сонейка, спявалі птушкі, наперадзе ўрэшце паказаўся сухі пагорак, і хлопец, апярэдзіўшы нас, ва ўсе лапаткі рвануў туды. А дабег і... застыў на месцы.

Мы, параўняўшыся, убачылі прычыну — пагорак літаральна кішэў змеямі.

Прызнацца, столькі гадзюк у адным месцы ні да таго, ні пасля бачыць не давялося. Не скажу, што іх было больш за дзясятак, магчыма, трохі менш. І многія не варушыліся: ляжалі, скруціўшыся ў клубок, грэліся на сонцы...

— У тым квартале, куды мы ідзём, яны таксама будуць? — спытаў рэвізор, калі прарэзаўся голас.

— А як жа, — не міргнуўшы вокам, адказаў ляснічы. — Там іх болей, чым тут.

А потым дадаў яшчэ, што ўкус гадзюкі — палова бяды: пухліна з тыдзень патрымаецца і сыдзе, а вось ад укусу кляшча адна жанчына ў вёсцы памерла. Таму жонка, маўляў, штораніцы, выпраўляючы яго на працу, нейкай хіміяй «палівае» і порткі, і боты.

Рэвізор тут жа паглядзеў на лесніковы, потым — на свае, на нашы сур'ёзныя твары і... праверка скончылася: ён рашуча павярнуў назад, да машыны.

Іван Сіманёнак, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».