Вы тут

Нацбанк выпусціў памятку для крэдытаатрымальнікаў


З якой бы прычыны вы ні вырашылі скарыстацца крэдытам, трэба выразна ўсведамляць: яго неабходна вяртаць строга ў адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора, а таксама выплаціць банку працэнты за карыстанне пазычанымі грашыма. Перад гэтым сур'ёзным крокам варта рэальна ацаніць стабільнасць сваіх даходаў і магчымасць своечасова ажыццяўляць плацяжы па крэдытным дагаворы. Добра б яшчэ прааналізаваць магчымыя фінансавыя рызыкі...


Летась зацверджаны новыя правілы выдачы крэдытаў, акрамя таго былі ўнесены змены ў Банкаўскі кодэкс. У сувязі з гэтым Нацыянальным банкам была падрыхтавана памятка крэдытаатрымальніку. Мы падрыхтавалі агляд асноўных нюансаў гэтага дакумента.

Не спяшайцеся і вывучыце пытанне

Калі вы прынялі рашэнне ўзяць крэдыт, абярыце найлепшую прапанову. Банкамі краіны прапануецца досыць вялікі выбар крэдытных прадуктаў на розных умовах. З умовамі выдачы крэдытаў можна азнаёміцца на афіцыйных сайтах банкаў (спасылкі размешчаны на сайце Нацыянальнага банка www.nbrb.by ў раздзеле «Банкаўская сістэма»). І яшчэ. Звяртайцеся да супрацоўнікаў банка па тлумачэнне незразумелых умоў.

Перад падпісаннем крэдытнага дагавора неабходна старанна вывучыць яго. Для гэтага вазьміце тыпавую форму крэдытнага дагавора дадому і ўважліва вывучыце ўмовы, якія датычацца адказнасці.

Ваша права на атрыманне своечасовай, неабходнай і дакладнай інфармацыі замацавана заканадаўча. Банк да заключэння крэдытнага дагавора абавязаны падаць вам у пісьмовым выглядзе пад подпіс уніфікаваную інфармацыю аб умовах крэдытавання.

Дарэчы, інфармацыя аб умовах крэдытавання даецца банкамі бясплатна, а подпіс заяўнікам інфармацыі аб умовах крэдытавання не з'яўляецца заключэннем крэдытнага дагавора і не азначае ўзнікнення якіх-небудзь абавязацельстваў у кліента.

Пагасіць крэдыт можна заўсёды

Вяртанне крэдыту і аплата працэнтаў за карыстанне ім могуць ажыццяўляцца рознымі спосабамі. Працэнты за карыстанне крэдытам вызначаюцца зыходзячы з фактычнага астатку запазычанасці за фактычны час карыстання ім. Парадак разліку плацяжоў варта вывучыць да заключэння крэдытнага дагавора.

А цяпер новае. Крэдыт на спажывецкія патрэбы кліент мае права вярнуць датэрмінова, без апавяшчэння банка. Пры гэтым неабходна выплаціць працэнты за фактычны тэрмін карыстання крэдытам.

Адмова ў выдачы крэдыту

Пры выдачы крэдыту ацэнка крэдытаздольнасці заяўніка вядзецца на падставе шматфактарнага аналізу. Спецыялістамі ацэньваецца заяўлены кліентам узровень атрыманых даходаў, магчымасць своечасова рабіць рэгулярныя плацяжы ў пагашэнне крэдытаў і працэнтаў за карыстанне ім у адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора. Акрамя таго, вывучаецца ваша крэдытная гісторыя.

Пры выдачы крэдыту на спажывецкія патрэбы банк павінен выкарыстоўваць паказчык пазыковай нагрузкі (ППН). Названы паказчык — суадносна крэдытных выплат да даходу ў месяц — не павінен перавышаць 40 працэнтаў.

Пры прадастаўленні крэдыту на фінансаванне нерухомасці банк павінен выкарыстоўваць у тым ліку паказчык забяспечанасці крэдыту (ПЗК). Згаданы паказчык разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту да кошту аб'екта нерухомасці, які прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння, і (або) сумы іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дагаворам. Названы паказчык не павінен перавышаць 90 працэнтаў.

Перавышэнне ўстаноўленых паказчыкаў можа быць прычынай адмовы ў выдачы крэдыту. І яшчэ. Банкі маюць права адмовіцца ад заключэння дагавора пры наяўнасці сведчанняў аб тым, што выдадзеная чалавеку сума крэдыту не будзе вернутая ў тэрмін.

У выпадку адмовы ад заключэння крэдытнага дагавора банкам рэкамендавана даступна, аргументавана і кампетэнтна растлумачыць заяўнікам прычыны прыняцця адмоўнага рашэння аб выдачы крэдыту. Як правіла, раней банкі адмаўлялі без тлумачэння прычын.

Нацыянальны банк папярэджвае

Заканадаўствам вызначаны існуючыя ўмовы крэдытнага дагавора, якія абавязкова павінны ў ім прысутнічаць. Фінансавы рэгулятар нагадвае, якія менавіта. Гэта:

  • аб суме крэдыту;
  • аб тэрміне і парадку выдачы і вяртання крэдыту;
  • аб памеры працэнтаў за карыстанне крэдытам і парадку іх аплаты;
  • аб адказнасці крэдытора і крэдытаатрымальніка за невыкананне (неналежнае выкананне) імі абавязацельстваў;
  • іншыя ўмовы, адносна якіх па заяве аднаго з бакоў павінна быць дасягнута згода.

Пры вызначэнні ў крэдытным дагаворы парадку выдачы і вяртання крэдыту банк абавязаны прапанаваць адзін са спосабаў выдачы і вяртання крэдыту, якія ажыццяўляюцца бясплатна.

Каму павінен і колькі?

Устаноўлена забарона на спагнанне банкамі якіх-небудзь дадатковых плацяжоў (камісійных і іншых узнагароджанняў) за карыстанне крэдытам. Гэта значыць, што выдаткі, звязаныя з выдачай і вяртаннем крэдыту, банк павінен уключаць у працэнтную стаўку (напрыклад, выдаткі банка па разглядзе дакументаў, суправаджэнні крэдыту, выпуску і абслугоўванні дадатковай карткі і іншыя).

Зараз кліент банка мае права атрымліваць па запыце інфармацыю аб сваёй запазычанасці па крэдытным дагаворы па меншай меры адзін раз у месяц бясплатна. Такой інфармацыяй з'яўляюцца звесткі аб суме запазычанасці па крэдыце ў частцы асноўнай сумы доўгу, працэнтах за карыстанне ім, а таксама ў частцы пратэрмінаванай запазычанасці.

Дык вось, пры ўзнікненні пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытным дагаворы банк абавязаны інфармаваць крэдытаатрымальніка ў тэрмін не пазней за 30 дзён са дня яе ўтварэння. І гэта банкі павінны рабіць бясплатна.

Кожны чалавек павінен улічваць, што Нацбанк не мае паўнамоцтваў на ўмяшанне ў дагаворныя адносіны паміж фінансавымі інстытутамі і кліентамі.

Таму важна, каб самі крэдытаатрымальнікі фінансава кампетэнтна ставіліся да заключэння крэдытнага дагавора з банкам. Трэба памятаць, што, падпісаўшы крэдытны дагавор, вы згаджаецеся з усімі яго ўмовамі і прымаеце на сябе абавязацельства па іх выкананні.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: А крэдыт вам могуць і не даць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».