Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нельга настаўніка крыўдзіць — гэта наша апора


Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях удасканалення сістэмы адукацыі


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да пытанняў адукацыі ў нашай краіне звяртаюцца пастаянна. «Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць рэформы па тэме», — сказаў ён. На думку Прэзідэнта, у Беларусі неабходна ўдасканальваць тое, што маем сёння, а таксама тое, што было атрымана раней.

"Ламаць нічога нельга. У той жа час я не выключаю тое, што ў працэсе ўдасканалення сістэмы адукацыі на ўзроўні школьным, вузаўскім нам прыйдзецца ад чагосьці адмовіцца. І калі мы разумеем, што ад гэтага трэба адмовіцца, гэта трэба рабіць рашуча, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Самае галоўнае ў адукацыі, ды і наогул, і ў эканоміцы, іншых пытаннях — калі мы ведаем, што трэба рабіць, але з-за бюракратызму нашага махрыстага пачынаем зацягваць працэсы. Тады праходзіць час, і мы бачым, што тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальна для сённяшняга дня, тым больш — заўтрашняга".

У такім выпадку атрымліваецца непройдзены этап, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "І мы хапаемся за перадавое, а пад ім няма падмурка", — адзначыў ён.

Такім чынам, на думку беларускага лідара, усё трэба рабіць паступова, плаўна, пераходзіць ад меншага да большага, ад простага — да складанага. Такая схема развіцця і была агаворана раней.

Пра тэрміны навучання і практыку

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сувязі з гэтым раней ім былі прыняты рашэнні, у прыватнасці, аб скарачэнні тэрмінаў навучання па тых ці іншых дысцыплінах. Ён звярнуў увагу, што няма ніякай неабходнасці трымаць студэнта ў ВНУ, скажам, пяць гадоў, калі ён можа асвоіць патрэбную праграму для яго будучай дзейнасці за чатыры ці тры з паловай гады.

Акрамя таго, была дамоўленасць аб тым, што літаральна з першых курсаў універсітэта студэнта неабходна акунуць у практычную дзейнасць, з якой ён сутыкнецца пасля атрымання дыплома. Прэзідэнт нагадаў прысутным свае словы пра тое, што хай лепш студэнт сыдзе з другога курсу, калі адчуе, што патрапіў не туды, чым атрымае дыплом і ні дня не прапрацуе па спецыяльнасці.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што раней было абумоўлена, што навучальныя праграмы — ад школы да універсітэта — памяняюць, прыбяруць усе лішняе і пакінуць толькі патрэбнае. Галоўны крытэрый — рэчаіснасць, якая будзе патрабаваць ад будучага спецыяліста навыкаў і ведаў.

“Я стаўлюся да падручніка як да іконы”

"Натуральна, абнаўляючы праграмы, асабліва ў школе, мы вымушаны будзем абнавіць падручнікі. Падручнік — гэта абраз, гэта святое. Не ведаю, як вы да гэтага ставіцеся, але я, па сваёй адукацыі педагог, стаўлюся да падручніка як да іконы, нават у сучасным жыцці, калі кніжка не стала патрэбнай, надзённай для людзей", — сказаў ён.

Момант з падручнікамі тычыцца і ВНУ, аднак тут, на думку кіраўніка дзяржавы, ужо прасцей, бо студэнт павінен сам умець шукаць інфармацыю. Пры гэтым беларускі лідар упэўнены, што падручнік — гэта аснова, нават нягледзячы на ​​наяўнасць інтэрнэту і іншых крыніц інфармацыі. Неабходна навучыць дзяцей шанаваць падручнік, аднак ён павінен быць якасным.

“Трэба навучаць замежнікаў і атрымліваць за гэта вялікія грошы”

Прэзідэнт нагадаў прысутным на нарадзе аб такой дамоўленасці: лік навучэнцаў павінен адпавядаць неабходнасці — не толькі для эканомікі краіны, але і жыцця ў цэлым. "Гэта не тычыцца экспарту нашай адукацыі. Там, калі толькі ёсць інтэрнаты, калі ёсць попыт — гэта вялікія грошы. Трэба навучаць замежнікаў і атрымліваць за гэта вялікія грошы", — дадаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб сваім візіце ў Гродна, калі прадстаўнікі мясцовага універсітэта папрасілі інтэрнат, каб была магчымасць размяшчаць замежных студэнтаў. Дарэчы, на дадзены момант ён ужо будуецца. "Гэта добры экспарт, таму што сістэма беларускай адукацыі вельмі запатрабаваная. Па—мойму, 108 краін у нас навучаецца [...]. Каля 25 тысяч чалавек вучыцца ў Беларусі", — адзначыў беларускі лідар.

Пра бакалаўрыят і магістратуру: "Я катэгарычна вам забараняю падобным чынам будаваць сістэму адукацыі

Паводле слоў Прэзідэнта, пра дзве ступі вышэйшай адукацыі было нямала гутарак. Першая — гэта бакалаўрыят, другая — магістратура.

"Я катэгарычна вам забараняю падобным чынам будаваць сістэму адукацыі. У нас ёсць сістэма адукацыі нармальная: чалавек скончыў ВНУ — ён атрымаў вышэйшую адукацыю, як мы з вамі, што сядзяць тут, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы атрымалі адукацыю — ідзі, працуй".

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не супраць магістратуры, але туды павінны ісці самыя здольныя студэнты, якія хочуць у перспектыве выкладаць і займацца навуковай працай.

"Як ідуць справы тут? Я даручаў праверыць, ці выканана маё даручэнне. Ведаю, што не ўсюды — і, напэўна, калі б я яшчэ раз не тузануў міністра і яшчэ кагосьці, так бы і было. Ведаеце, я ўжо пачынаю падазраваць кіраўніцтва ВНУ і выкладчыкаў: вы што гэта, дзеля таго, каб гадзіны захаваць? Каб было пабольш гадзін? Дык я ж вас папярэдзіў: давайце мы выкладчыкам — што мы і зрабілі — павысім заработную плату. Хай у яго будзе менш гадзін, ставак, але грошы пакінем тыя ж, яшчэ і дададзім", — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што выкладчык не павінен увесь час хадзіць за студэнтамі — толькі частку дня трэба працаваць з імі, а астатні час прысвяціць самаадукацыі. Пры гэтым ён заклікаў выкладчыцкі склад працягваць вучыцца і абнаўляць веды.

Яшчэ Прэзідэнт звярнуў увагу на сітуацыі, калі на вытворчасцях выпускнікоў ВНУ даводзіцца перавучваць — гэта значыць, праца вышэйшай навучальнай установы аказваецца халастой. Не павінна быць адрыву ад жыцця.

”Не трэба перакідаць універсітэцкія праграмы ў школы

На думку Аляксандра Лукашэнкі, складаная школьная праграма, напрыклад, па матэматыцы адпуджвае дзяцей ад вучобы. "Калі ты сутыкаешся з цяжкасцямі і не можаш пераадолець гэтыя цяжкасці, вырашаючы тую ці іншую задачу, разглядаючы тую ці іншую формулу, ты пачынаеш баяцца на пачатковым этапе, а потым ты наогул кідаеш гэтыя кніжкі, разумеючы, што ты ніколі гэта не асвоіш", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Добра, калі настаўнік зверне ўвагу на такое здарэнне і дапаможа, але гэтага можа і не адбыцца. Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, Прэзідэнт заклікаў “рыхтаваць матэматыкаў на факультатыве”. Аднак якасную аснову для чалавека, які вырашыць звязаць сваё жыццё з гэтым прадметам, павінны закласці ў ВНУ. Гэта значыць, не трэба перакідаць універсітэцкія праграмы ў школы. Такая сітуацыя ёсць і з іншымі дысцыплінамі.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад біялогію у 8-ым класе школы, палова курса якой прысвечана чарвякам. Ён пацікавіўся ў прысутных, навошта так скурпулёзна вывучаць гэту істоту, хоць і прызнаў, што ведаць пра гэта трэба. Безумоўна, калі вучань імкнуцца звязаць сваю будучыню з біялогіяй, то гэта важная інфармацыя, але большасці наўрад ці спатрэбяцца вельмі падрабязныя звесткі.

“Якім чынам будуць фармавацца сям'і, калі мужчына не можа укруціць лямпачку, а жанчына гузік прышыць”?

Ён зноў падкрэсліў: у школе неабходна выкладаць тое, што трэба будзе заўтра для жыцця. Ён звярнуў увагу на працоўнае навучанне: якім чынам будуць фармавацца сям'і, калі мужчына не можа укруціць лямпачку або ўбіць цвік? "Чаму мы на гэта забілі, і нашым дзецям гэта не трэба? Чаму мы так ставімся да дзяцей? Чаму дзяўчынка не ведае, як смажыць яечню? Чаму яна гузік прышыць не можа?" — пацікавіўся Прэзідэнт.

Фізічнае выхаванне — па словах беларускага лідара, ёсць праблема — нават па мінімуму не атрымліваецца набраць у войска па-сапраўднаму здаровых дзяцей. Аляксандр Лукашэнка заклікаў выкарыстоўваць спецыяльна створаную інфраструктуру, напрыклад, лыжаролерную трасу.

"Суцэльныя пытанні — і пры тым, яны не проста на паверхні ляжаць, мы гэта ўсё праходзілі з вамі. Усё гэта мы праходзілі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб грамадзянскай пазіцыі і тэхнапарку

Далей беларускі лідар заклікаў, каб такія курсы, як АБЖ, Школа актыўнага грамадзяніна (ШАГ), праціналі ўсё — ад матэматыкі да гуманітарных дысцыплін. На яго думку, гэта дапаможа сфармаваць грамадзянскую пазіцыю чалавека ў цэлым.

Што тычыцца ШАГ, то Прэзідэнт справядліва адзначыў, што рашэнне ў кабінетах было прынята, а пра гатоўнасць настаўнікаў выкладаць такі кірунак не ўдакладнілі. Важна, каб у фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі таксама прымалі ўдзел сям'я і СМІ.

Далей, стварэнне дзіцячага тэхнапарку — Аляксандр Лукашэнка заклікаў якасна рэалізаваць гэтую ініцыятыву, прыцягваць таленавітых дзяцей — ад матэматыкаў да гуманітарыяў.

“Трэба ацэньваць працаздольнасць настаўніка, а не ўзрост”

Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння вядзецца падрыхтоўка школьных настаўнікаў, але няма таго кантролю і попыту, які быў калісьці. "Каб настаўнік ішоў і па-добраму дрыжаў за тое, каб прыйсці з ведамі і перадаць вучням. Я асабіста ведаю, што некаторыя настаўнікі ездзяць за 30—40 км на электрычках і цягніках, каб вучыць недзе ў вёсцы ў школе", — сказаў беларускі лідар.

Такім чынам, да працоўнага месца настаўнік можа дабірацца некалькі гадзін, а бо яшчэ ёсць хатнія і сямейныя справы. Акрамя працы, бываюць і пазакласныя заняткі.

"І мы лічым, што ў нас усё нармальна", — ахарактарызаваў сітуацыю Аляксандр Лукашэнка.

Што тычыцца выкладчыкаў у ВНУ, то нельга нікога крыўдзіць, нават калі чалавек у салідным узросце, трэба ацэньваць яго працаздольнасць, падкрэсліў Прэзідэнт. Калі гэты паказчык застаецца на высокім узроўні, супрацоўніцтва трэба працягваць.

Прыватныя ВНУ — па словах беларускага лідара, калі яны не дацягваюць да стандарту, які выпрацаваны ў нашай краіне, то такія павінны быць зачыненыя неадкладна. "Калі хто—небудзь з прыватнікаў не зразумеў гэта, значыць, яго трэба прыводзіць у пачуццё, — заявіў ён. — Мы не супраць прыватных ВНУ, але яны павінны працаваць не горш, чым дзяржаўныя. Трэба выконваць стандарт, той, які мы сёння выпрацавалі і маем".

Аб экзаменах і тэстах

Прэзідэнт заклікаў яшчэ раз вярнуцца да пытання экзаменаў — пачынаючы са школы і заканчваючы ВНУ. "І канчаткова вызначыцца, зыходзячы нават не з меркавання выкладчыкаў, настаўнікаў, а зыходзячы з жыцця. Жыццё павінна быць галоўным крытэрыем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля кожнага ўзроўню навучання — да прыкладу, пасля 9 класа — павінна быць столькі экзаменаў, колькі неабходна. Бо гэтыя 3-4 экзамены дапамогуць падрыхтаваць падлетка да будучага паступлення ў ВНУ. І па выніках сярэдняй школы павінна быць вызначана колькасць экзаменаў, якімі яны будуць — гэта і ўзварушэнне, і свята для вучня.

Таксама беларускі лідар заклікаў вывучыць ЦТ: паглядзець, колькі было зроблена патрэбных для жыцця адступленняў, каб не загубіць талент. "Не заўсёды чыстае тэставанне можа даць уяўленне выкладчыкам, якія набіраюць у ВНУ абітурыентаў, пра жыццёвы узровень, веды, аб яго, галоўнае, здольнасці на будучыню", — сказаў ён.

Зноў — пра заробкі

"Мы на прымальны ўзровень вывелі зарплату настаўнікам. А калі настаўнік яшчэ хоча зарабіць крыху больш, трэба варушыцца. Школа мае магчымасць даплаціць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Глядзіце, каб вы дашліфавалі зарплату. Нельга настаўніка крыўдзіць — гэта наша апора, гэта наша аснова, без настаўніка нічога быць не можа — ні сённяшняга дня, ні заўтрашняга ".

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.