Вы тут

Як праходзіць падрыхтоўка да мультыспартыўнай падзеі за 140 дзён да старту


На гэтым тыдні пад кіраўніцтвам міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука завяршылася інспекцыя аб'ектаў, на якіх пройдуць спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Начальнік упраўлення па камунікацыях, сувязях з грамадскасцю і СМІ фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Аляксей Багдановіч расказаў, што падчас інспекцыі ўдзельнікі абмеркавалі самыя розныя пытанні, у тым ліку ўзаемадзеянне розных функцыянальных кірункаў, патокі на аб'ектах, розныя лагістычныя пытанні.


«Нам трэба зрабіць усё магчымае, каб спартсмены, балельшчыкі і журналісты былі ў камфортных умовах, — адзначыў Аляксей Мікалаевіч. — Зараз будуць ліквідавацца шурпатасці, калегі будуць перамяшчацца непасрэдна на аб'екты, у красавіку фактычна яны ўжо будуць працаваць там. Два з паловай месяцы дастаткова, каб зразумець, як будзе функцыянаваць аб'ект. Па сутнасці, за 10 дзён мы правядзём 23 чэмпіянаты Еўропы».

Студэнты не застануцца без жылля

Вёска спартсменаў афіцыйна адкрыецца 18 чэрвеня, аднак, пачаць засяленне члены спартыўных дэлегацый змогуць ужо з 15 чэрвеня. Вёска прыме больш за чатыры тысячы атлетаў і дзве тысячы членаў дэлегацый. Усе яны будуць жыць у студэнцкім комплексе ў межах праспекта Дзяржынскага і вуліцы Чурлёніса. «Мы актыўна выкарыстоўваем вопыт правядзення аналагічных спаборніцтваў, І Еўрапейскіх гульняў і зімовай Алімпіяды ў Пхёнчхане, — расказвае менеджар «Вёскі спартсменаў» Андрэй Палавінкін. — Вёска атлетаў — гэта адзін з самых складаных аб'ектаў, паколькі ён пачынае функцыянаваць раней за ўсіх і завяршае функцыянаванне пазней за ўсіх. Мы адзіны аб'ект, які будзе працаваць 24 гадзіны ў суткі. Ёсць даволі шырокі пералік умоў, пазначаны арганізатарамі, мы прыкладаем усе намаганні, каб іх забяспечыць».

Што ж будзе са студэнтамі, якія пражываюць там цяпер? Студэнты пяці вышэйшых навучальных устаноў пераедуць у іншыя інтэрнаты сваіх ВНУ або ў інтэрнаты іншых арганізацый і ўстаноў. Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык адзначыў, што гэтая сітуацыя стаіць на кантролі ў Мінадукацыі і рэктараў вышэйшых навучальных устаноў. «Для таго каб стварыць найбольш камфортныя ўмовы для пражывання і навучання, праведзены шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў па зрушэнні адукацыйнага працэсу. Так, шэраг студэнтаў будзе праходзіць вытворчую практыку па месцы жыхарства. Частка студэнтаў будзе пераведзена на дыстанцыйнае навучанне і будзе пражываць па месцы рэгістрацыі, асобныя студэнты да гэтага часу скончаць сваё навучанне». Эдуард Тамільчык таксама падкрэсліў, што большасць студэнтаў разумеюць значнасць Еўрапейскіх гульняў для краіны, многія з іх самі прымуць удзел у правядзенні Гульняў у якасці валанцёраў.

Білеты прадаюцца

Білеты на Гульні ў Мінску паступілі ў продаж 1 снежня, цяпер яны даступныя на абсалютна ўсе сесіі, прадстаўлены ўсе цэнавыя катэгорыі. Начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Максім Кашкалда адзначыў, што білеты з задавальненнем купляюць грамадзяне не толькі Беларусі, але і замежных краін. Пасля гаспадароў турніру самымі актыўнымі пакупнікамі былі расіяне. Затым ідуць балельшчыкі такіх краін, як Германія, Ізраіль, Літва і Польшча. Геаграфія продажаў — 28 краін. «Чаму варта купіць білет на Гульні? Таму што гэта галоўная мультыспартыўная падзея Еўропы ў 2019 годзе. Па колькасці ўдзельнікаў і відаў спорту Гульні пераўзыходзяць зімовую Алімпіяду. Для параўнання, у зімовых Алімпійскіх гульнях удзельнічаюць дзве з паловай тысячы спартсменаў у 17 дысцыплінах, а Еўрапейскія гульні прымуць чатыры тысячы спартсменаў у 23 спартыўных дысцыплінах, — тлумачыць Максім Кашкалда.

Агульная колькасць білетаў, даступная да продажу, складае не менш за 227 тысяч, 20 тысяч 350 ужо рэалізавана. «У нас дастаткова добры прагрэс у продажах, больш за 5 тысяч рэалізавана праз афіцыйную пляцоўку tіcketpro.by, 5 тысяч рэалізавана праз афіцыйнага рэсэлера ў Расіі, 1,7 тысячы — праз нашых афіцыйных турыстычных аператараў і агентаў, больш за 8 тысяч білетаў прададзена юрыдычным асобам і прадстаўнікам НАК краін-удзельніц».

Цікава, што больш за 150 білетаў рэалізавана ў арабскіх краінах. Самымі папулярнымі сесіямі з'яўляюцца цырымоніі адкрыцця і закрыцця, на іх на сённяшні момант усяго рэалізавана больш за 25 % білетаў даступных для продажу. Самымі папулярнымі з спаборніцтваў з'яўляюцца лёгкая атлетыка, мастацкая гімнастыка і акрабатыка, пляжны футбол і каратэ. На гэтыя сесіі рэалізавана каля 30 % даступных білетаў. Важна адзначыць, што квіткі прадаюцца абсалютна на ўсе віды спорту.

Практычна на кожнай арэне будуць выступаць беларускія спартсмены, найлепшыя прадстаўнікі айчыннага спорту. Больш за тое, у Мінск прыедуць найлепшыя спартсмены Еўропы, у васьмі відах спорту будзе праведзена афіцыйная кваліфікацыя на летнія Алімпійскія гульні 2022 года, у чатырох відах спорту правядуць чэмпіянат Еўропы ў рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў. З 23 дысцыплін ні адзін з відаў спорту не прадстаўляе юніёрскую праграму.

Таксама Максім Кашкалда адзначыў, што Дырэкцыя ставіць на мэце паказаць Гульні на 160 тэрыторыях свету, на сённяшні момант 77 тэрыторый ужо зацверджаны. «Мы актыўна рухаемся наперад і на міжнароднай арэне ў рэкламе, да канца лютага па «Еўраньюс» мы ўбачым першыя праграмы пра горад Мінск, яго славутасці і нашу культурную спадчыну».

Дырэкцыя заключыла дагаворы з больш чым 20 афіцыйнымі ліцэнзіятамі і больш чым 20 харчовымі ліцэнзіятамі, якія ўжо ў пачатку сакавіка будуць гатовыя прадставіць сувенірную прадукцыю. «Частка ліцэнзійнай прадукцыі ўжо паступіла ў продаж: кубкі, памятныя магніты. Правяралі попыт на сувенірную прадукцыю падчас чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні ў Мінску. Гэтая прадукцыя карысталася павышаным попытам. Адзначу, сувеніры падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў плануецца прадаваць у 25 кропках вёскі атлетаў і чатырох фан-зонах Гульняў».

Дарэчы, фан-зоны будуць размешчаны каля «Мінск-Арэны», «Чыжоўка-Арэны», па вуліцы Кастрычніцкай, а галоўная фан-зона будзе знаходзіцца ў раёне Нямігі каля Палаца спорту.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Нішто і ніхто не застанецца па-за ўвагай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?