Вы тут

Кніжная выстаўка стартуе ў сераду і ўпершыню пройдзе на розных пляцоўках


6 лютага стартуе адна з самых маштабных літаратурных падзей года — ХХVІ Мінская кніжная выстаўка-кірмаш — і будзе доўжыцца да 10 лютага ўключна. На выстаўцы ёсць што паглядзець, пачытаць і каго ўбачыць. Цікавосткай гэтага года з'яўляецца тое, што праходзіць кніжны кірмаш не толькі ў выставачным павільёне «Белэкспа» па адрасе Пераможцаў, 14. Сёлета мерапрыемства разгорнецца і на многіх іншых пляцоўках.


Мастацтва графікі

Свой арыгінальны падыход да жыцця кніжнага прапануе галерэя Саюза дызайнераў Беларусі (вул. Казлова, 3). Ужо напярэдадні ММКВК, 5 лютага ў 17 гадзін, адкрыецца выстаўка кніжнай графікі беларускіх мастакоў. Найлепшыя ўзоры кніжнай графікі можна будзе пабачыць цягам усіх дзён кніжнага кірмашу ў Палацы мастацтва.

У экспазіцыі, што пройдзе ў дзвюх залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі і будзе ўключаць у сябе каля 90 работ, беларускія аўтары розных пакаленняў прадэманструюць найлепшыя прыклады сваёй творчасці, звязаныя з мастацтвам кнігі. Побач з працамі такіх прызнаных мэтраў кніжнай графікі, як Валерый Славук, Віктар Мікіта, Уладзімір Савіч, гледачам будзе прадстаўлена і творчасць мастакоў з пакалення 2000-х гадоў: Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі, Генадзя Мацура, Ігара Гардзіёнка, Уладзіміра Даўгялы, Маргарыты Цімохавай, Тамары Шэлест. Таксама прадставяць свае работы студэнты кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

На прыкладах, якія ўключаюць у сябе не толькі традыцыйную ілюстрацыю, але і мастацтва шрыфту ці кніжнага знака — экслібрыса — гледачы ўбачаць, як мастакі кнігі, не губляючы сувязі з адметнымі формамі, характэрнымі для беларускай школы, з лёгкасцю працягваюць засвойваць і прагрэсіўныя набыткі сусветнай школы мастацтва кнігі. Трымаючы ў руках сапраўдную папяровую кнігу (новы томік любімых вершаў ці зборнік цудоўна аздобленых мастаком дзіцячых казак), госці выстаўкі змогуць паглыбіцца ў яе сусвет, адчуць і зразумець яе гісторыю, ацаніць велічэзную працу не толькі аўтара, але і мастакоў і ўсіх тых, хто падарыў кнізе жыццё.

І легенды, і паданні

Як расказаў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, іх кніжныя навінкі будуць прадстаўлены і на розных пляцоўках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі. Асаблівую папулярнасць, на яго думку, будзе мець серыя «Дзіцячы атлас Беларусі». 6 лютага ў 14 гадзін у краме «КнігаПоліс» (вул. Сурганава, 46) адбудзецца творчая сустрэча з удзелам аднаго са складальнікаў выдання Дзмітрыем Пятровічам. На выстаўцы прэзентуюць таксама выданне «Легенды і паданні Беларусі». Як аказалася, дзецям надзвычай цікавыя такія на першы погляд сур'ёзныя тэмы, як музыка, культура, традыцыі, таму сёлета запланаваны выхад яшчэ 5-6 такіх выданняў пра мастакоў, іншых культурных дзеячаў нашай краіны.

8 лютага ў 16 гадзін у «КнігаПолісе» можна будзе сустрэцца з Васілём Дранько-Майсюком і яго новым выданнем «Таямніца нашага садка». А бліжэй да канца выстаўкі, 9 лютага ў 13 гадзін, варта зазірнуць у кнігарню «Вянок» (Траецкая набярэжная, 4) на аўтограф-сесію Пятра Васючэнкі, каб набыць яго новую кнігу «Жаласлівая каралеўна». Абодва выданні пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры».

Славянскія казкі і гісторыя князёў

Спецыяльна з Францыі ў Беларусь гэтымі днямі завітае апавядальніца, пісьменніца, педагог і тэрапеўт Ганна Лазоўскі. Свае сустрэчы з чытачамі яна распачне яшчэ 4 лютага ў Гродне, дзе ў 14 гадзін у абласной бібліятэцы (вул. Замкавая, 20) сустрэнецца з франкафонамі і іншымі зацікаўленымі. 5 лютага Ганна Лазоўскі адкажа на пытанні франкамоўных мінчан — у 15.30 у Французскай медыятэцы (вул. Гікалы, 4).

Пісьменніца з'яўляецца аўтарам дзвюх анталогій аб культурнай спадчыне і выдуманых светах: «Казкі славянскіх мудрацоў» і «Казкі скандынаўскіх мудрацоў», якія выйшлі ў Францыі. У кастрычніку 2018 года ў яе выйшла кніга «Вакол Балтыкі», якая аб'ядноўвае тры казкі — славянскую, скандынаўскую і дацкую. А ў сакавіку 2019 года выйдзе яе кніга «Казкі мудрацоў — захавальнікаў мораў», у якой аўтар звяртаецца з паэтычным заклікам ахоўваць і засцерагаць акіяны.

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі гэтымі днямі пагавораць пра гісторыю Мірскага замка. Тут адбудзецца прэзентацыя міжнароднага культурнага праекта, які ў 2019—2020 гадах будзе рэалізоўвацца «Замкавым комплексам «Мір» сумесна з Дырэкцыяй рэгіянальных паркаў Павільна і Верка ў Літве. Акрамя таго, 7 лютага ў Прэзідэнцкай бібліятэцы будзе прадстаўлена калектыўная манаграфія «Князі Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай Імперыі ў ХІХ стагоддзі» (і Мір, і Веркаўскі палацы ў ХІХ стагоддзі належалі князям Вітгенштэйнам).

Згаданая манаграфія прысвечана гісторыі роду князёў Вітгенштэйнаў, якія ў ХІХ стагоддзі мелі вялізныя ўладанні на тэрыторыі сучасных Літвы, Беларусі, Расіі і Малдовы. У кнізе адлюстраваны падзеі, якія дагэтуль мала асвятляліся ў беларускай гістарыяграфіі, а аснову яе склалі даклады міжнароднай навуковай канферэнцыі «Князі Вітгенштэйны і іх уладанні ў ХІХ стагоддзі», якая адбылася ў музеі «Замкавы комплекс «Мір» у 2015 годзе.

Акварэль і... мёд

Натуральна, шмат самых разнастайных мерапрыемстваў пройдзе ў самім выставачным цэнтры «БелЭкспа». Адным з экспанентаў будзе Выдавецкі дом «Звязда».

7 лютага ў 15 гадзін на стэндзе выдавецтва разгорнецца надзвычай цікавае дзейства — прэзентацыя рубрыкі «Клуб пчаляроў» часопіса «Родная прырода». Сюды завітаюць найлепшыя пчаляры нашай краіны, якія падзеляцца сакрэтамі пчалярскай справы. Тут жа адбудзецца і дэгустацыя мёду!

А 8 лютага ў 18 гадзін на стэндзе «Звязды» адбудзецца аўтограф-сесія Людмілы Рублеўскай. Чытачы змогуць пазнаёміцца не толькі з самой пісьменніцай, але і з яе новай, пятай, кнігай серыі «Авантуры Пранціша Вырвіча» — «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара». Гэтыя «раманы прыгодніцкія і фантасмагарычныя» — так акрэслівае жанр твораў сама пісьменніца — знаёмяць чытачоў з захапляльнымі прыгодамі шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вернага спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка. Падзеі ў творах адбываюцца ў ХVІІІ стагоддзі — у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыг і крывавых войнаў...

9 лютага ў 15.30 «Звязда» прэзентуе альбом «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца». Можна будзе ўбачыць і выстаўку акварэляў мастака. Плануецца музычнае выступленне струннага квартэта выкладчыкаў музычнай школы № 15.

Пасля праграмы на галоўнай сцэне на стэндзе выдавецкага дома Вячаслаў Паўлавец правядзе майстар-клас па акварэлі. Тут жа адбудзецца бяспройгрышная латарэя твораў мастака.

* * *

Натуральна, што гэта толькі некаторыя мерапрыемствы насычанай праграмы ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Завітвайце самі — усё астатняе пабачыце на свае вочы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Найвялікшы набытак — кніга

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.