Вы тут

У Крычаве адкрыюць Цэнтр выхавання моладзі «ЭкаЭнергетыка»


У Крычаве адкрыюць Цэнтр экалагічнага і энергазберагальнага выхавання моладзі «ЭкаЭнергетыка». Аб гэтым на прэс-канферэнцыі расказала Валянціна Дыніч, намеснік старшыні асацыяцыі «БелБрэнд». Праект падтрыманы праграмай малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ўпраўлення ААН па абслугоўванні праектаў (UNОРS) і рэалізуецца ад трох выканаўчых агенцтваў ГЭФ — Сусветнага банка, Праграмы па навакольным асяроддзі ААН і Праграмы развіцця ААН.


Цэнтр экалагічнай і энергазберагальнай асветы будзе працаваць як дэманстрацыйная, кансультацыйная і адукацыйная пляцоўка для забеспячэння інфармавання насельніцтва аб праблемах змянення клімату, аб магчымасцях змякчэння наступстваў гэтых змяненняў і аб неабходнасці ўкаранення энергазберагальных тэхналогій у паўсядзённае жыццё. Асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне, прасоўванне і камерцыялізацыя экалагічных і энергазберагальных распрацовак беларускай моладзі. Валянціна Дыніч расказала, як гэта будзе ажыццяўляцца на практыцы:

— Цэнтр — гэта пляцоўка, дзе юныя навукоўцы могуць прэзентаваць свае навуковыя працы. Мы дадзім ім унікальную магчымасць прадэманстраваць свае распрацоўкі, дапаможам стварыць якасныя макеты, відэаролікі. Мы зробім усё, каб рэалізаваць іх ідэі: дапаможам знайсці спонсараў, годна прадставіць работы. Па сутнасці, гэта вялізная выстаўка маладзёжных інавацыйных праектаў, якую можна будзе наведваць пастаянна, бачыць, як развіваюцца ідэі, якіх поспехаў дамагаюцца іх распрацоўшчыкі, нават паўдзельнічаць у некаторых праектах.

Акрамя пераможцаў праектаў выставак «100 ідэй для Беларусі», «Найлепшы інавацыйны праект», «Найлепшы інавацыйны маладзёжны праект», у цэнтры будуць працаваць пляцоўкі, якія прадстаўляюць і асобныя праекты. Навучэнцы з Клецкага раёна Мінскай вобласці нядаўна прадставілі праект «Энергія з-пад абцасаў», у якім прапануюць абсталяваць крамныя каляскі акумулятарамі, якія будуць зараджацца ў працэсе «язды». Зарад, які будзе назапашвацца ў іх, можна будзе ўжываць для электрасілкавання розных прыбораў.

Пляцоўка будзе адкрыта на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Крычава «Крэчут» прыкладна ў канцы вясны. Дырэктар ДУА Юрый Еўдакіменка кажа:

— Толькі ў нашым цэнтры гурткі і секцыі наведваюць больш за 1400 навучэнцаў да 31 года. Новую пляцоўку змогуць наведваць і дэлегацыі з іншых рэгіёнаў, мы будзем рады і замежным гасцям. Праект павінен у корані змяніць светапогляд нашых людзей, асабліва моладзі, прымусіць іх задумацца над многімі пытаннямі экалогіі і энергазберажэння, а гэта, у сваю чаргу, дапаможа забяспечыць краіне здаровую і жыццяздольную эканоміку.

Вольга Пралюк

Загаловак у газеце: Пляцоўка для экатворчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.