На вуліцы — адліга. А ў вёскі зімовая назва — Маразы! Патрапіўшы ў гэты куток Вілейшчыны, я не памыліўся: Маразы маляўніча раскінуліся на ўскрайку бору-лесу. Цішыня, спакой, прыгажосць у кожным дрэўцы, у кожнай елачцы! Вёска ўжо стала паселішчам дачнікаў, толькі адна сям'я застаецца тут зімаваць. Дзякуючы гэтай сям'і Маразы — жывыя!
Гаспадар сям'і Уладзімір Фурс — сапраўдны аптыміст, ён сцвярджае, што жыць у Маразах — самае тое! Карэнны гараджанін, былы інжынер-будаўнік калісьці пасяліўся ў вёсцы і лічыць Маразы сваёй другой радзімай. Са спадарожніцай па жыцці — жонкай Галінай — набылі драўляны дом, рэканструявалі на сучасны лад і, у адрозненне ад сваіх аднавяскоўцаў, ніколі адсюль не з'язджалі.
У канцы сёлетняга студзеня ў Фурсаў была ўрачыстая падзея, нават дзве. Па-першае, паўвека яны жывуць у шлюбе, а па-другое — трыццаць гадоў, як сталі вяскоўцамі. Па прычыне «залатога вяселля» ў Маразы прыехалі дзеці і ўнучкі Фурсаў. Ад цёплай сямейнай сустрэчы, здавалася, і мароз за вокнамі (было мінус пятнаццаць) паступова стаў спадаць. І вось табе — адліга!
— Нашы дзеці і ўнукі (а іх у Фурсаў ажно пяць. — Аўт.) любяць прыязджаць у вёску — тут раздолле: лес, грыбы, сад-агарод, лазня, лыжы, веласіпеды, нават інтэрнэт, — кажа Уладзімір Леанідавіч. — Ад вясны да восені сюды вяртаюцца колішнія жыхары — цяпер дачнікі, і нашы Маразы забываюцца пра сваю зімовую адзіноту.
Анатоль КЛЯШЧУК
Вілейскі раён
Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.
АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.
«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»